— “Культура” даўно сочыць за вядзеннем рэстаўрацыйных работ у філіяле музея Янкі Купалы ў Вязынцы. Нагадаем, што тут трэба было прынамсі аднавіць дах. На якім этапе знаходзіцеся?
Вольга Лебедзь, намеснік дырэктара Дзяржаўнага літаратурнага музея імя Янкі Купалы па адміністратыўна-гаспадарчай рабоце:
— Ужо праведзена працэдура закупкі будаўнічых матэрыялаў і ідзе рэстаўрацыя. У гэтым годзе, а дакладна да 25 снежня, дах плошчай у 188 квадратных метраў будзе перакрыты. А значыць, юбілейныя дні народзінаў Янкі Купалы, а таксама і Якуба Коласа філіял музея ў Вязынцы сустрэне адноўленым. Да гэтай даты таксама будзе праведзена сезоннае добраўпарадкаванне тэрыторыі на ўсіх нашых аб’ектах.
— Плануецца пачаць рэстаўрацыю былога езуіцкага калегіума ў Пінску. Будынак сярэдзіны 17 стагоддзя з’яўляецца адной з найпрыгажэйшых славутасцяў горада. Што робіцца для пачатку рэстаўрацыі?
Сяргей Матузка, начальнік аддзела культуры Пінскага гарвыканкама:
— Сёння разам з Міністэрствам культуры краіны мы вырашаем пытанні, што тычацца ацэнкі работ, бо будынак вялікі і розныя яго часткі прадугледжваюць розны аб’ём рамонту. Патрэбны замена аконных блокаў, даху, тынкоўкі. Цяпер на гэтых плошчах размешчаны музей Беларускага Палесся, і хочацца верыць, што пасля рэстаўрацыі ўстанова зможа заняць увесь будынак і тут адкрыюцца новыя экспазіцыйныя залы, бо трэці паверх арандуе харэаграфічная школа.
— У аграгарадку Каменка Шчучынскага раёна “аптымізавалі” клуб, перанёсшы яго ў школу. Вядома, у кожнай установы павінен быць свой будынак, мусіць, таму клуб... перамясцілі назад. Але чаму спачатку было прынята падобнае рашэнне?
Таццяна Цюсіна, начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Шчучынскага райвыканкама:
— Так, мы сапраўды зноў перанеслі клуб на старое месца. Зараз там аднаўляюцца канцэртныя праграмы, праводзіцца праца з моладдзю, ідзе набор у гурткі, пошук новых працоўных кадраў. Ну а што тычыцца пераезду, дык спачатку мы хацелі размясціць гэтую ўстанову культуры ў лепшым месцы, бо яе будынак патрабаваў рамонту. Цяпер шукаем спонсараў, якія дапамогуць яго зрабіць.
Падрыхтаваў Павел САЛАЎЁЎ