Пачалі мы са знаёмства з экскурсійным сектарам “Цэнтральная Беларусь”. Здавалася, што вось-вось выйдуць нам на сустрэчу мясцовыя жыхары. У прадчуванні гэтага цуду ўсе слухалі экскурсавода і разглядалі аб’екты музея, які месцяцца пад адкрытым небам ужо сорак пяць гадоў .
Сюды, як даведаліся вучні, былі звезены аўтэнтычныя будынкі з розных куткоў Беларусі. І сёння гэта адзінае месца ў краіне, дзе кожны наведвальнік можа апынуцца ў мінулым не віртуальна, а рэальна.
Найбольш уразіла сапраўдная вясковая вуліца, драўляныя будынкі: свіран, гумно, уніяцкая царква, клець, хлеў, пагонны двор.
Не менш цікавым было знаёмства з інтэр’ерам унутры пабудоў. У хатах усё засталося так, як і было шмат гадоў таму: печ, чырвоны кут, палаці, калыска, прычэпленая да столі, жаночы кут з кухонным посудам. На стале — небагатая сялянская ежа, побач — калаўрот. З аповеду экскурсавода пачулі і аб тым, як узводзіліся будынкі ў 19-м — пачатку 20-га стагоддзя, як жылі сем’і, чым займаліся і пра што марылі.
Лепшаму ўспрыманню экскурсіі і знаёмству з побытам сялян садзейнічала тое, што экскурсія праходзіла на беларускай мове. Пачулі вучні на роднай мове і шэраг беларускіх прымавак і народных павер’яў.
Аднак найбольшыя эмоцыі школьнікі атрымалі, калі трапілі ў народную вучэльню — па-цяперашняму пачатковую школу. Парты, стол настаўніка, дошка — здаецца, нічога не змянілася. У адным класе адначасова вучыліся вучні розных класаў, прадметы выкладаў адзін настаўнік. Урокі доўжыліся 50 хвілін, перапынкі былі 5-хвілінныя, шасцідзённы вучэбны тыдзень, а таксама абед, падчас якога вучні елі кашу з аднаго гаршка — адсюль і пайшло слова “аднакашнікі”. Канешне, знешні выгляд класа адрозніваецца ад сучасных светлых і ўтульных, адрозніваецца і мэбля, і наяўнасць тэхнікі, але галоўнае ўвесь час было і застаецца адно — жаданне дзяцей вучыцца!
У тыя часы не ўсе дзеці маглі атрымаць адукацыю. А ў дзяўчат увогуле не было такой магчымасці. Як аказалася, у той час існавалі “калькулятары” — лічыльнікі і “планшэты” — грыфельныя дошкі. Што не спадабаліся лідскім школьнікам, дык гэта метады цялеснага пакарання, якія называліся “дысцыпліна”. А вось што хатняе заданне не задавалі — вельмі добра!
Наталля АНАШКЕВІЧ, класны кіраўнік 9 “Б” класа сярэдняй школы №11 г. Ліды