Старавераў у нас называлі “маскалямі”, а яны называлі сябе “веткаўцамі” і імкнуліся пераўтварыць навакольны свет у сад. Маскаль дзядзька Раман, муж матчынай сяброўкі, рабіў не толькі лодкі. Я, малы, еў вялізны (маскальскі) яблык, з задавальненнем дыхаў пахам пілавання і сачыў, як цесля робіць будучыя ліштвы і аканіцы. Раслінныя арнаменты не паўтараліся. Сад не цярпіць паточнай руціны, тут рэй вядзе адно толькі фантазія. Веткаўскія вокны таксама “пладаносілі”. І ўсё гэта было тым хараством, на якое не зважаеш, пакуль яно ёсць. А потым ужо яно пачынае жыць у табе неўміручай верай у Бога-стваральніка і Чалавека-творцу. І цалкам заканамерным выглядала тое, што ўвесь персанал Веткаўскага музея — спрэс паэты і мастакі. А арнаменты ліштваў і аканіц у Ветцы не паўтараюцца і па сёння!
А вось у ашмянскіх дзяцей “уваход” у мастацтва — зусім іншы. Пры Ашмянскім раённым цэнтры культуры дзейнічае аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры. Яго загадчыца Валянціна Свірская паведамляе: “З 8 лістапада ў нас пачаў ажыццяўляцца этнаграфічны праект “Без кораня і палын не расце”. Мэта акцыі — захаванне ды аднаўленне нацыянальнага багацця, гісторыі і традыцый. Днямі правялі са школьнікамі экскурсію “Спадчына маіх бацькоў”. Кожны ахвотны мог патрымаць у руках тую ці іншую прыладу, якімі карысталіся ў паўсядзённым жыцці нашы бабулі і дзядулі. Правялі і майстар-клас па лепцы з гліны, а таксама майстар-клас па вырабе сувенірных лялек”. Падчас майго дзяцінства мы і не ведалі, што такое майстар-клас. Так што сённяшнія цэнтры рамёстваў — сапраўднае збавенне ад бездухоўнасці. Мо праз час і на ўроках працы нашы дзеці будуць рабіць кошыкі і паясы па “рэцэптах” сваіх бацькоў? Дай Бог.
Вытокі мастацтва Воранаўскага раёна — у нацыянальным сяброўстве. Справа ў тым, што тут, на сумежжы з Літвой, ёсць гарадскі пасёлак Радунь, дзе ў міры жывуць народы 14 нацыянальнасцей: яўрэі, цыганы, беларусы, рускія, татары, армяне, палякі, літоўцы, украінцы, латышы, казахі, таджыкі, малдаване, грузіны. А ў раёне адной сям’ёй жывуць прадстаўнікі 20 нацыянальных культур. Кожны жывіць творчасцю сваю культурную спадчыну, але шануе і беларускае мастацтва. Самабытныя культуры шчыльна пераплятаюцца і нараджаюць у выніку мастацтва неверагоднага каларыту. Так што ў Радуні не мог не нарадзіцца фестываль народных традыцый і мастацтваў “Кола сяброўства”. У рамках падпісання праграмы супрацоўніцтва паміж самакіраваннем Шальчынінскага раёна Літоўскай Рэспублікі і Воранаўскага раёна Беларусі ў фэсце бяруць удзел калектывы з Літвы, Польшчы, Францыі, Ізраіля, Расіі, Украіны.
А кагосьці раз і назаўжды паклікала музыка. З палаца культуры Ліды паведамляюць, што 8 лістапада адбылася юбілейная канцэртная праграма “Музыка, з якой мы жывём”, прысвечаная 25-годдзю заснавання народнага ансамбля яўрэйскай музыкі “Шалом”, нязменным кіраўніком якога з’яўляецца музыкант і выкладчык Міхаіл Двілянскі. У палацавым фае працавала выстава, якая распавядала пра творчае жыццё калектыву. У канцэртнай праграме прагучалі песні на беларускай, рускай мовах, на ідышы, іўрыце, клейзмерскія (традыцыйныя) інструментальныя творы, а таксама на вершы Максіма Танка, Елізаветы Палеес, Аркадзя Двілянскага. “Шалом” вядзе актыўную гастрольную дзейнасць, пастаянна ўдзельнічае ў знакавых конкурсах і фэстах. Па запрашэнні рэжысёра Аляксандра Міты калектыў здымаўся ў мастацкім фільме “Шагал—Малевіч”.
Пра надзвычай важную справу піша загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Дар’я Марцінкевіч. Адна з самых важных задач грамадства — забеспячэнне сацыяльнай і псіхалагічнай адаптацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі праз праявы дабрыні, разумення і цярпімасці. З гэтай нагоды 10 лістапада ў гарадской бібліятэцы № 4 ладзілася гадзіна талерантнасці “Адзінства розных”, удзельнікамі якой сталі старшакласнікі СШ № 11 Ліды. Ірына Лыскоўская, спецыяліст па сацыяльнай рабоце аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў, гаварыла моладзі пра тое, што людзі з інваліднасцю вельмі таленавітыя, маюць вялікае імкненне да жыцця, займаюцца творчасцю і спортам. Школьнікі пазнаёміліся з умовамі, створанымі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, паглядзелі відэаролік “Мы проста іншыя”.
Мы працягваем расповед пра праект “Адзін дзень з бібліятэкай-бібліёбусам. Выпадковае фота”. Дапамагае ў гэтым бібліятэкар бібліёбуса Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Марына Лапушка (мне б такое прозвішча!). Чарговая акцыя бібліятэчнага дэсанту была прысвечана здароваму ладу жыцця. Дапамаглі супрацоўнікі сектара пазастацыянарнага абслугоўвання з РЦК. Дзяўчаты сустрэліся з жыхарамі вёсак Агароднікі, Харашкі, Белалозы, Белагурна, Ягаднае, правялі грунтоўную гутарку аб правільным харчаванні, аб фізічных нагрузках і стварэнні пазітыўнага эмацыйнага настрою.
Распавядае Дзмітрый Арцюх: “У Карэліцкім раённым краязнаўчым музеі працуе выставачны праект, прысвечаны Году народнага адзінства. Часовую экспазіцыю падрыхтаваў Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь. Прэзентуюцца дзесяць інфармацыйных плакатаў, якія адлюстроўваюць падзеі савецка-польскай вайны 1919—1921 гадоў, становішча Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы, вызваленчы паход Чырвонай арміі. Праілюстраваны падзеі Народнага сходу Заходняй Беларусі, трэцяй пазачарговай сесіі Вярхоўнага Савета БССР, на якой быў прыняты закон аб уключэнні заходнебеларускіх зямель у склад Савецкай Беларусі. Наведвальнікі музея знаёмяцца з такімі гістарычнымі асобамі, як Сяргей Прытыцкі, Панцеляймон Панамарэнка, Уладзімір Царук, Мікалай Арцюх…”
Са Слонімскага раённага цэнтра культуры, народнай творчасці і рамёстваў паведамляюць, што выдавецтва “Чатыры чвэрці” зрабіла кнігу “Падарожжа да хлеба” ў рамках праекта “Культурная спадчына Беларусі”. У выданне ўвайшлі публікацыі пра Паўлаўскія караваі Слонімскага раёна. Нагадаем, носьбіты абраду выпечкі — народнае аматарскае аб’яднанне “Чараўніцы-каравайніцы”. А элемент абраду “Традыцыя выпечкі караваяў на Слонімшчыне. Каляндарна-абрадавае печыва” ўвайшоў у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Добры хлеб спячы — таксама вяршыня мастацтва.
Напэўна, кожны сталы чытач памятае сваё знаёмства з кнігамі пісьменніка і мастака Яўгена Чарушына. Бібліятэкар Шчучынскай дзіцячай бібліятэкі Наталля Матошка напісала пра мерапрыемства з нагоды 120-годдзя з дня нараджэння Яўгена Іванавіча. Прайшло яно 11 лістапада і называлася “Чароўны свет звяроў і птушак”.
Напрыканцы яшчэ адна інфармацыя з Ашмян. “11 лістапада ў гарадской бібліятэцы прайшла выстава “На спатканне з паэзіяй”, — паведамляе загадчык гарадской бібліятэкі Ашмян Людміла Зарэцкая. — Прысвячалася яна Пятру Шаколу, мясцоваму паэту. На жаль, творца нядаўна пайшоў з жыцця, але яго творы жывуць, іх чытаюць і любяць. Пётр Валяр’янавіч быў частым госцем бібліятэкі, актыўна ўдзельнічаў у мерапрыемствах”.
Беражыце сябе, шаноўныя, і пішыце пра цікавае!
Сустрэнемся праз тыдзень.