Мемарыяльны праект “Памяць і слава” быў запачаткаваны летась увесну. На сходзе студэнцкага актыву гістарычнага факультэта БДУ з удзелам намесніка дэкана Аліны Верамейчык было вырашана зладзіць экскурсію па сталічных Вайсковых могілках, дзе было выяўлена найбольш пахаванняў колішніх супрацоўнікаў універсітэта — каля двух дзясяткаў. Пры складанні тэксту экскурсіі вялікую дапамогу аказаў загадчык кафедры гісторыі Расіі Алег Яноўскі, які даўно і стала займаецца даследаваннем гісторыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і з’яўляецца навуковым рэдактарам пяцітомнага выдання “Інтэлектуальная эліта Беларусі”, прысвечанага заснавальнікам айчыннай навукі і сістэмы вышэйшай адукацыі.
Але тут умяшаліся ў справу абставіны новай рэальнасці часоў пандэміі, і было вырашана замест таго, каб праводзіць жывыя экскурсіі, стварыць іх відэаверсіі. Тады і паўстала пытанне добраўпарадкавання пахаванняў — бо перш чым здымаць на камеру і захоўваць для нашчадкаў звесткі пра пэўныя надмагіллі, некаторыя з іх трэба было прывесці ў прыстойны стан. Перш зладзілі прыборку на магіле Парфёна Савіцкага, які займаў пасаду рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта з 1938 па 1941 і з 1943 па 1946 год, памёр у 1954 годзе і пахаваны на Вайсковых могілках у Мінску.
Шукаючы дакументы...
Пасля студэнцкія атрады гістарычнага факультэта БДУ навялі парадак на месцах пахавання іншых выкладчыкаў універсітэта — дарэчы, падчас гэтых работ ім пашчасціла сустрэцца і з дачкой таго самага Парфёна Савіцкага, якая была надзвычай здзіўленая, што нехта даглядае магілу яе бацькі. Па выніках усіх гэтых работ улетку 2020 года была створаная відэаэкскурсія па пахаваннях выкладчыкаў БДУ на Вайсковых могілках. Для атрымання звестак аб біяграфіях выкладчыкаў і высвятлення дакладных месцаў іх пахавання ўдзельнікі праекта працуюць у архівах, шукаючы дакументы з ранейшых часоў. Па выніках гэтых росшукаў складзены спіс прафесарска-выкладчыцкага складу БДУ за 1921–1940 гады і створаная база дадзеных аб месцах апошняга прытулку гэтых людзей.
Ускладанне кветак на магіле першага рэктара БДУ Уладзіміра Пічэты ў Маскве.
Але на тым вырашылі не спыняцца — з’явілася ідэя адшукаць пахаванні ўсіх выкладчыкаў універсітэта на ўсіх могілках Мінска і заняцца іх добраўпарадкаваннем. Работы па добраўпарадкаванні магіл каардынаваў кіраўнік Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі на гістарычным факультэце БДУ Данііл Ярмольчык. Прыборкі ладзіліся як на Вайсковых, так і на Кальварыйскіх, Усходніх і Чыжоўскіх могілках. Акрамя таго, быў зняты відэафільм пра мемарыяльныя шыльды, размешчаныя на будынках, дзе жылі супрацоўнікі ўніверсітэта, — запісам і мантажом відэа займаюцца супрацоўнікі факультэта Сяргей Вайтовіч, Вадзім Макарскі і Дзяніс Селянкоў.
Памяць без межаў
Зрэшты, па магчымасці ўдзельнікі праекта імкнуцца даглядаць пахаванні не толькі прафесарска-выкладчыцкага складу, але і знакамітых выпускнікоў універсітэта, якія пахаваныя побач, — вядомых літаратараў, грамадскіх і дзяржаўных дзеячаў, біяграфіі якіх тым ці іншым чынам звязаныя з гісторыяй БДУ. Справаздачы аб пошукавай і даследчыцкай рабоце студэнтаў гістарычнага факультэта можна знайсці на адмысловай старонцы праекта ў сацыяльных сетках, якую вядзе студэнтка Аляксандра Мядзведзева.
Дзейнасць праекта не абмяжоўваецца толькі Мінскам і Беларуссю ўвогуле — асобныя пахаванні выкладчыкаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ўдалося выявіць і добраўпарадкаваць і ў Маскве. Займаліся гэтымі работамі магістранты БДУ, якія ў рамках супольнай праграмы навучаюцца ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце. Такім чынам была зладжаная прыборка магілы першага рэктара БДУ прафесара Уладзіміра Пічэты, які пахаваны на Новадзявочых могілках, прычым у добраўпарадкаванні бралі ўдзел і магістранты МДУ.
Супрацоўнікі і студэнты гістарычнага факультэта БДУ на магіле колішняга рэктара Парфёна Савіцкага на сталічных Вайсковых могілках.
Рэалізуюцца на гістарычным факультэце БДУ і іншыя мемарыяльныя праекты, пакліканыя перадаць моладзі звесткі аб слаўных папярэдніках. Веды аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны студэнты набываюць у рамках цыкла экскурсій “Памяць жыве ў пакаленнях”, якія прадугледжваюць наведванне месцаў памяці і мемарыялаў. У якасці экскурсаводаў выступаюць выкладчыкі ўніверсітэта, даследчыкі гісторыі часоў нацысцкай акупацыі Беларусі Кузьма Козак і Дзмітрый Марозаў. У рамках праекта студэнты маюць магчымасць наведаць тэрыторыю мінскага гета, мемарыялы на месцы лагера смерці ў Малым Трасцянцы, шталага 342 у Маладзечне, спаленых разам з жыхарамі вёсак Хатынь і Дальва.
Сцены дапамагаюць
Аб дзейнасці гістфакаўцаў па захаванні звестак аб мінуўшчыне адзін з каардынатараў праекта “Памяць і слава” Юрый Тамковіч распавядае нам проста ў фае будынка факультэта. Далей заходзіць асаблівага сэнсу няма — будынак, добра знаёмы і мне самому з часоў атрымання вышэйшай адукацыі, сёння часова развітваецца са студэнтамі і выкладчыкамі. Гістарычны факультэт БДУ на бліжэйшы час пераязджае ў іншы корпус, на вуліцу Мендзялеева — дарэчы, месца таксама гістарычнае, тут некалі знаходзілася сядзіба ў Малой Сляпянцы, якая належала славутаму роду Ваньковічаў.
А ў будынку на вуліцы Чырвонаармейскай, 6 цягам наступнага года мусяць быць праведеныя рэмонтныя работы. Будынак, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, мае непасрэднае дачыненне да гісторыі ўсяго ўніверсітэта — гэты гмах, дзе да рэвалюцыі размяшчалася прыватная гімназія Зубакіна і Фальковіча, у першыя гады існавання БДУ лічыўся ягоным корпусам № 1. Падчас вайны будынак быў істотна пашкоджаны бомбамі і амаль дашчэнту зруйнаваны, але апошнія даследаванні паказваюць, што частка старых сцен захавалася — гэта бакавое крыло будынка, у якім размешчаная, між іншага, актавая зала. Вядома, пры рамонце да інтэр’ераў будынка плануюць падысці з вялікай увагай — корпус факультэта мусіць пераўтварыцца ў своеасаблівы музей, што дапаможа яго навучэнцам яшчэ больш прасякнуцца павагай да мінуўшчыны і ўсвядоміць сваю місію.
Датычнасць да дынастыі
Таксама прыгадваюць гісторыю БДУ ў гэтыя дні ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі, дзе праходзіць выстава “Першы ўніверсітэт”. Біяграфіі сям’і Броўкаў цесна звязаныя з гэтай навучальнай установай. Сам паэт паступіў ва ўніверсітэт у 1928 годзе, як толькі прыехаў у Мінск з Полаччыны, дзе працаваў у мясцовай газеце і органах камсамола. У 1931 годзе паэт скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ, аб чым сведчыць арыгінал дыплома, змешчаны ў пастаяннай экспазіцыі музея. Падчас вучобы ва ўніверсітэце Пятрусь Броўка пасябраваў з многімі маладымі зоркамі тагачаснай беларускай літаратуры.
Удзельнікі добраўпарадкавання пахаванняў на Кальварыйскіх могілках у Мінску.
Будучая жонка паэта, Алена Рыдзеўская, вучылася ўжо не ў БДУ, а ў Беларускім дзяржаўным вышэйшым педагагічным інстытуце, які ў 1931 годзе быў вылучаны са структуры ўніверсітэта. А іх сын Юрый у 1950-я гады скончыў юрыдычны факультэт БДУ, а пасля таксама выкладаў на кафедры міжнароднага права. Таксама захоўваюць у музеі паэта і памяць аб яго суседзе — акадэміку Мікалаю Нікольскім, выдатным усходазнаўцы і гісторыку рэлігій, які таксама выкладаў у БДУ і быў дэканам педагагічнага факультэта акурат у той час, калі там вучыўся Пятрусь Броўка. Сям’я Нікольскага пазней жыла ў адным доме з Броўкамі, паверхам ніжэй, сваякі перадавалі ў музей для выставы на часовае захоўванне восем скрыняў з яго асабістымі дакументамі і нават мэбляй. На долю Мікалая Нікольскага выпала нямала выпрабаванняў — падчас нацысцкай акупацыі ён вымушаны быў застацца ў Мінску, але не пагадзіўся на супрацоўніцтва з захопнікамі і ў 1943 годзе быў перапраўлены ў партызанскі атрад, куды вывез манаграфію аб рэлігіі старажытных фінікійцаў, якая ў выніку была апублікаваная ў 1948 годзе.
Гісторыя развіцця і станаўлення Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта поўная такіх трагічных і захапляльных гісторый. Цешыць, што і сёння моладзь, якая прыходзіць атрымліваць веды ў галоўную вышэйшую навучальную ўстанову краіны, імкнецца больш даведацца аб досведзе сваіх папярэднікаў, якія дасягнулі значных поспехаў і здолелі прынесці вялікую карысць сваёй краіне. Гэтыя хлопцы і дзяўчаты, выхаваныя ў павазе да колішняй эліты беларускай навукі, магчыма, і самі некалі зробяцца выдатнымі даследчыкамі, якімі будзе ганарыцца наша краіна.
Фота са старонкі праекта “Памяць і слава”