ЛЮБОЎ ДА РОДНАЙ ЗЯМЛІ
Як піша наша сталая аўтарка, бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі Вольга Заянчкоўская, удзельнікі аматарскага аб’яднання “Жывіца” Альхоўскай сельскай бібліятэкі разам з бібліятэкарам Юліяй Заруба правялі ўрок экалогіі “Восеньскі настрой”.
Удзельнікі аб’яднання “Жывіца” Альхоўскай сельскай бібліятэкі на ўроку экалогіі.
“Удзельнікаў парадаваў той факт, што занятак прайшоў на прыродзе, — піша Юлія Заруба. — Дзяўчаты сплялі цудоўныя восеньскія вяночкі, хлопцы падрыхтавалі малюнкі прыроды, а ўсе ахвотныя маглі паспрабаваць сябе ў ролі фатографа. У аб’ектыў юных эколагаў траплялі навакольныя краявіды, рака, лісце, дрэвы”.
У Карэліцкім раённым краязнаўчым музеі, як паведаміў нам Дзмітрый Арцюх, адкрылася інтэрактыўная выстава “Час маляваць”. Праект арганізаваны ўстановай культуры сумесна з мастаком-графікам Мікалаем Гізам. Аснову часовай экспазіцыі складаюць малюнкі самога мастака, на якіх адлюстраваны знакавыя месцы і славутасці Карэліцкага раёна. Галоўная асаблівасць выставы — яе інтэрактыўнасць. Наведвальнікам прапануюць не толькі паглядзець на выстаўленыя незвычайныя экспанаты, але і дакрануцца да іх ды размаляваць алоўкамі любога колеру.
На выставе рэтра-фотаздымкаў у Каралінскай інтэграванай бібліятэцы.
“Назва “рэтра” кажа сама за сябе: фотаздымкі былі зроблены 30-40 гадоў назад, — адзначае аўтарка ліста. — Усе фотаздымкі без выключэнняў уяўляюць цікавасць. Яны як быццам акунулі наведвальнікаў выставы ў мінулае, у 1970-1990-я гады XX стагоддзя”.
КОНКУРС ДЫ ЭТНАСВЯТА
І яшчэ адзін ліст з Гродзеншчыны. Раз на два гады на базе Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці праводзіцца абласны конкурс выканаўцаў размоўнага жанру, у якім прымаюць удзел калектывы і асобныя артысты без абмежавання ўзросту. Як паведамляе нам рэдактар названай установы Ала Бялькевіч, удзельнікамі мерапрыемства становяцца работнікі культуры, вучні школ, студэнты, людзі розных прафесій.
Маргарыта Звонка ўганараваная 1 месцам на Гродзенскім абласным конкурсе выканаўцаў размоўнага жанру.
У сувязі з неспрыяльным эпідэміялагічным становішчам, якое назіраецца цяпер у Беларусі, сёлетняе творчае спаборніцтва прайшло ў анлайн-фармаце. Журы на чале з вядучым майстрам сцэны, актрысай Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра Аленай Красікавай вызначыла пераможцаў у намінацыях “Паэзія”, “Проза”, “Народная проза”, “Камедыйна-сатырычныя творы”.
“Сёлета выбраць лепшых было няпроста, таму спіс прызёраў і лаўрэатаў спецыяльных дыпломаў атрымаўся доўгім. Па выніках конкурсу будзе выдадзены рэпертуарны зборнік твораў, увасобленых удзельнікамі на “віртуальнай сцэне”. Лепшыя чытальнікі абавязкова ў хуткім часе прымуць удзел у абласных і рэспубліканскіх канцэртах, стануць удзельнікамі Рэспубліканскага фестывалю гумару “Аўцюкі” і Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”, якія ладзяцца на гомельскай зямлі”, — адзначыла ў сваім лісце Ала Бялькевіч.
Удзельнікі этнасвята “Пакроўскі абярэг” у Палацы мастацтваў Бабруйска.
Акрамя таго, загадчык культурна-масавага сектара Палаца мастацтваў Бабруйска Кацярына Каваленка паведаміла пра тое, што ва ўстанове культуры днямі прайшла літаратурна-музычная гасцёўня, прысвечаная памяці выбітнага земляка, беларускага кампазітара, педагога, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларускай ССР, народнага артыста Рэспублікі Беларусь Валерыя Кірылавіча Іванова.
“Многія бабруйчане ганарацца гэтым таленавітым кампазітарам, ведаюць і любяць яго песні, якія ўвайшлі ў рэпертуар вядомых беларускіх выканаўцаў і па праве заслужылі шырокае народнае прызнанне. Самыя папулярныя з іх — “Гуляць, дык гуляць”, “Ты, ды я, ды мы з табой”, — прагучалі на мерапрыемстве ў выкананні салістак Палаца мастацтваў Кацярыны Каваленка і Ірыны Аўсянікавай. Таксама ўдзельнікам вечара быў прадэманстраваны фільм “Зорная музычна-спартыўная сям’я”, — паведаміла ў сваім лісце аўтарка допісу.
БЯСПЕКА ПЕРШ ЗА ЎСЁ
Напрыканцы — яшчэ адна тэматычная падборка. Людміла Зарэцкая, загадчык гарадской бібліятэкі горада Ашмяны, паведаміла нам пра тое, што 26 кастрычніка бібліятэкары прапанавалі чытачам прыняць удзел у гутарцы “Цвярозасць — норма жыцця”.
“Ці можа быць умеранае ўжыванне наркотыку? На гэтае і шмат іншых пытанняў паспрабавалі адказаць прысутныя. Асаблівую ўвагу бібліятэкары звярнулі на праблему ўжывання алкаголю ў падлеткавым асяроддзі, на так званы “піўны” алкагалізм”, — напісала Людміла Зарэцкая.
22 кастрычнiка ў сельскай бібліятэцы аграгарадка Мураваная Ашмянка Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці прайшла прафiлактычная рэспублiканская акцыя “За бяспеку разам”. Мэта акцыі зразумелая — павышэнне ўзроўню бяспекi насельнiцтва, актывiзацыя пажарна-прафiлактычнай работы па папярэджванні пажараў i гiбелi людзей. Бiблiятэкар Таццяна Цiхановiч з валанцёрамi хадзiлі па паселішчы i раздавалi ўсім сустрэчным буклеты “Памятайце пра пажарную бяспеку”.
Дарэчы, вось і іншае паведамленне на падобную тэму ад нашай сталай аўтаркі, спецыяліста Савецкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мінска Таццяны Бычанок. Яна даслала нам адразу некалькі допісаў, адзін з якіх датычыць таго, што ў сталіцы пачалася рэспубліканская акцыя “Не прапальвай сваё жыццё!”, якая ладзіцца цягам усяго лістапада. Акцыя, у якой бяруць удзел актывісты Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных, студэнты, работнікі МНС, праходзіць з мэтай папярэджання пажараў, якія часцей за ўсё адбываюцца па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні ў стане алкагольнага ап’янення. Натуральна, у падобных пажарах часта гінуць людзі.
Новая інфармацыйная кампанія “Бяспечная старасць!” ад МНС Беларусі.
Акрамя таго, Таццяна Бычанок нагадала, што таксама распачалася новая інфармацыйная кампанія “Бяспечная старасць!”, накіраваная на папярэджанне пажараў і гібелі людзей ад іх у дамах, дзе пражываюць пажылыя і самотныя людзі. Як правіла, асноўнымі прычынамі пажараў у дамах пажылых людзей з’яўляюцца парушэнне правілаў эксплуатацыі і ўладкавання пячнога ацяплення, электраправодкі і электраабсталявання, неасцярожнае абыходжанне з агнём пры спальванні смецця на дваровай тэрыторыі.
Беражыце сябе, шаноўныя чытачы! Сустрэнемся праз тыдзень!