Музейнасць залаў, вядома ж, запатрабавала мініяцюрнай дыярамнасці. Мы бачым яе ў нагадванні пра Грунвальдскую бітву 1410 года (удзел харугваў Вялікага Княства Літоўскага), пра Айчынную вайну 1812 года (бой 27-га пяхотнага палка князя Івана Фёдаравіча Паскевіча ў вёсцы Салтанаўка Магілёўскай вобласці). Першая сусветная вайна прадстаўлена вулічным боем у Смаргоні. Менавіта там супраць расійскіх воінаў упершыню была ўжыта газавая атака. Апошнім боем за вызваленне сталіцы Беларусі 3 ліпеня 1944 года прадстаўлена Вялікая Айчынная. Выбар падзей выдатна акцэнтаваны. Да таго ж дыярамнае ўвасабленне ўзбагачана гукавымі модулямі, якія дазваляюць ілюстраваць аповед экскурсавода літаратурнымі творамі, дакументамі, летапісамі на мовах арыгіналаў.
Тэматычная абазначанасць залаў сістэматызуе экспазіцыйную хроніку. Менавіта таму ў першай з іх сабраныя матэрыялы пра страты Беларусі ва ўсіх асноўных войнах ад ХІ да ХХ стагоддзяў. Пры неабходнасці ўсё можна праілюстраваць кадрамі кінахронікі. Інфармацыйныя стэнды набылі форму праваслаўнага крыжа. І нават гэта — знак ахвярнасці, на якім не толькі лічбавы пералік загінуўшых беларусаў, але і фотакопіі дакументаў.
Звесткі пра ахвярную колькасць беларусаў значацца на інфармацыйных стэндах таксама ў форме праваслаўнага крыжа каляровай інфаграфікай з калекцыяй, якая тлумачыць фотакопіі дакументаў і фотаздымкаў па любым гістарычным перыядзе. Кожны з 12 стэндаў утрымоўвае інфармацыйны мультымедыйны модуль для прайгравання арыгінальнай кінахронікі і іншых тлумачальных матэрыялаў. На два маніторы ў карпусах дыярам у цэнтральнай частцы залы падаецца фонавая інфармацыя. Яна змяшчае спісы палкоў з беларускімі назвамі, што прымалі ўдзел у бітвах на тэрыторыі Беларусі за перыяд XVIII–XX стагоддзяў.
Вельмі лагічна і тое, што асобная зала прысвечана беларускім святарам, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне. Не забыты і тыя, хто сталі ахвярамі рэпрэсій у савецкі час. Можна ўбачыць уборы праваслаўных святароў таго ваеннага перыяду…
“Наша памяць пра кожнага загінуўшага свяшчэнная” — так тэматычна пазначана трэцяя зала музейнай экспазіцыі, якая ўвабрала не толькі хроніку страт савецкіх воінаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, але і тое, як увасоблена памяць пра іх брацкімі пахаваннямі ў Беларусі і ў шматлікіх краінах Еўропы. Злавесны “Трасцянец” і іншыя канцэнтрацыйныя лагеры смерці. Унікальныя прадметы, якія належалі калісьці вязням. Некаторыя з экспанатаў знойдзены ў вёсцы Благаўшчына пад Мінскам падчас сельскагаспадарчых прац.
Інсталяцыя “Сцяна Памяці” мае тры асноўныя тэматычныя акцэнты. Адзін з іх сімвалізуе бацькоўскую хату. Выява жанчыны — таксама сімвалічна ўвасабляе ўсіх жонак, маці, нявест, якія аддалі вайне сваіх самых дарагіх і каханых. Але гэта не безназоўная сімволіка. Дваццаць канкрэтных сведчанняў пра гібель абаронцаў Айчыны, закліканых на вайну з Беларусі. Тут жа, як пераможны вынік гэтай ахвярнасці, — дакументальная відэахроніка пра вызваленне еўрапейскіх краін савецкімі воінамі. Музейная пераканаўчасць адчувальная ва ўсім. Бачым фрагмент адной з калон берлінскага рэйхстага з надрапанымі на ёй урачыстымі фразамі пераможцаў, а побач — фотаздымкі нашых землякоў, якія пакінулі свае гістарычныя аўтографы ў 1945 годзе.
Уражвае дасканалая прадуманасць інсталяцыі, названай надзвычай дакладна: “Мы перамаглі!” У сцяне, пераўтворанай у своеасаблівую карту Беларусі, кожнай вобласці адведзена ўласная тэматычная ніша. У іх — па-свойму ўнікальныя прадметы з сямейных архіваў загінуўшых воінаў.
Не меней інфармацыйна насычана і франтальная частка інсталяцыі “Сцяна Памяці”. Тут сабраны экспазіцыйныя прадметы з калекцый воінаў Беларусі і іншых краін. Гэта ў дадатак да зямлі, узятай на вечнае захоўванне ў крыпту Храма-помніка з іх магіл. Назаву толькі знакамітага снайпера Феадосія Смалячкова, легендарнага танкіста Зіновія Калабанава, які нарадзіўся ва Уладзімірскай вобласці, але жыў і пахаваны ў Мінску. Дарэчы, электронная база дадзеных дазваляе многае даведацца пра нашых землякоў, што загінулі не толькі падчас Вялікай Айчыннай. Даступнай стала для ўсіх наведвальнікаў і інфармацыя пра памятныя капсулы з зямлёй, узятай з самых трагічных і гераічных месцаў за межамі Беларусі. Вобразная сімволіка “Вечнай Памяці” красамоўная. Гэта лаканічны гарэльеф з малюнкам прыспушчаных сцягоў і са скрыжаванай зброяй. Кампазіцыя выканана беларускімі майстрамі з бронзы.
Не забыты і ўдзельнікі занальных канфліктаў. Пра іх усхвалявана нагадваюць экспанаты з калекцый самога Храма-помніка, што належалі генералу М. І. Чаргінцу. І тут інфармацыйная насычанасць вельмі высокая. Можна паглядзець спісы загінуўшых. А гэта не толькі вайскоўцы, але і супрацоўнікі дзяржаўнай аўтаінспекцыі, Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства надзвычайных сітуацый. Музейнымі экспанатамі сталі асабістыя рэчы ўдзельнікаў афганскіх падзей і ліквідатараў аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Пра іх таксама можна даведацца пайменна.
Адчуванне таго, што гісторыяй становіцца не толькі аддалены ад нас час, але і сённяшні, не пакідае нікога ў крыптавым музеі. Пра гэта міжволі думаеш у яго чацвёртай зале. Тут можна пазнаёміцца з асноўнымі этапамі ўзвядзення мінскага Храма-помніка ў гонар Усіх Святых.
Сваё музейнае жыццё па праве пачынаюць дакументы пра гады задумы і будаўніцтва. Унікальныя падарункі вышэйшых службовых асоб на храмавыя святы, эксклюзіўная сувенірная прадукцыя самога храма прадстаўлены ў гарызантальных вітрынах са светлавымі ўстаўкамі. І ўжо нельга не думаць пра тое, што менавіта музей выдатна акцэнтуе праўдзівае прызначэнне храма, робячы яго велічным помнікам у гонар Усіх Святых і ў памяць пра ахвяр, выратаванню Айчыны нашай паслужыўшых. Менавіта адсюль зыходзіла і зыходзіць шмат агульнадзяржаўных ініцыятыў самага высокага духоўнага кшталту. Дарэчы, так і было задумана. Нагадаю, што па дабраславенню тагачаснага Патрыярха Алексія II Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Патрыяршы Экзарх усея Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт у прысутнасці членаў Урада, прадстаўнікоў грамадскасці і Узброенных Сіл заклалі капсулу з памятнай граматай у заснаванне Храма-помніка. Ён задуманы быў не толькі як сакральны будынак, але і як мемарыяльны комплекс. І першым знакавым аб’ектам яго стала адкрыццё крыпты пад галоўным алтаром храма. У ёй, як мы ўжо ведаем, збіралася зямля з месц гераічных і трагічных падзей Вялікай Айчыннай вайны, а таксама адтуль, дзе былі найбольшыя ахвяры мірнага насельніцтва. Гэта стала шматгадовай праграмай дзеянняў для многіх энтузіястаў духоўнага адраджэння нашай гістарычнай памяці. Сёння асабліва відавочна, што з’яўленне Незгасальнай лампады, устаноўка мемарыяльных дошак па перыметру, упляценне ў арнамент з пласцінай імёнаў загінуўшых робіць храм своеасаблівай кнігай народнай памяці.
Калісьці пры знаёмстве з настаяцелем Храма-помніка протаіерэем Фёдарам Поўным я сказаў публічна, што ўзвядзенне такой духоўнай прыгажосці — гэта яго геніяльная ідэя, геніяльна ўвасобленая, а цяпер яшчэ і выдатна напоўненая кожным днём нашага далёка не заўсёды прадказальнага жыцця. Спадзяюся, што зараз мае словы могуць паўтарыць многія. Вось чаму з вялікім задавальненнем даведаўся аб вылучэнні на саісканне прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” аўтарскага калектыва па распрацоўцы навуковай канцэпцыі і мастацкай рэалізацыі пастаяннай тэматычнай экспазіцыі “Музей Памяці” ў крыпце Храма-помніка ў гонар Усіх Святых і актыўную гісторыка-патрыятычную працу з матэрыяламі экспазіцыі, якая спрыяе зберажэнню і папулярызацыі нацыянальнага гістарычнага і культурнага здабытку, сцвярджэнню высокіх духоўных і маральных каштоўнасцей. Назаву прозвішчы намінантаў: настаяцель прыходу ў гонар Усіх Святых Мінскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы протаіерэй Фёдар Поўны, дырэктар дзяржаўнай установы “Беларускі культурны цэнтр духоўнага Адраджэння” Аляксандр Віктаравіч Госцеў, індывідуальная прадпрымальніца, чалавек няспынных духоўных памкненняў Ганна Іванаўна Зайцава.
Ізяслаў КАТЛЯРОЎ