Калі “Віцебскі лістапад” пачынаўся — а гэта канец 80-х, аўтарская песня як жанр была ў росквіце. І не, аўтарская песня — гэта не турыстычныя вячоркі ля кастра і непрафесійная ігра на гітары, — гэта жанр мастацтва, які аб’ядноўвае паэзію, музыку, артыстызм. Няхай і была калісьці распаўсюджанай абрэвіятура КСП — Клуб самадзейнай песні, але разам з рухам аматараў да так званай самадзейнай песні адносіліся і такія вялікія аўтары, як Булат Акуджава, Уладзімір Высоцкі, Вераніка Доліна, Юрый Візбар і многія-многія іншыя знакамітыя творцы. З беларускіх клубаў і фестываляў КСП выйшлі нашы знакамітыя барды і паэты — Алена Казанцава, Марк Мерман, Дзмітрый Строцаў, Аляксандр Баль, Вольга Залеская, Уладзімір Цвікі — усіх не пералічыш, якія ў лепшыя часы былі і зоркамі “Віцебскага лістапада”, і нават проста яго пачынальнікамі. Фестываль і быў, і ёсць святам менавіта высакароднага мастацтва — паэзіі, музыкі, перформанса. Бо сама атмасфера Віцебска і вялікая колькасць выдатных аўтараў не магла не паўплываць на ўзровень фэсту — віцебскае асяроддзе аўтарскай песні ў свой час было адным з самых моцных у краіне, а да арганізацыі і правядзення фестывальных канцэртаў, кожны з якіх ператвараўся ў яскравае відовішча, далучалася ўся маладая творчая эліта гэтага горада.
За тры з паловай дзесяцігоддзі многае змянілася: і рух КСП адышоў у нябыт, і аўтарская песня ў сваім класічным выглядзе стала ўжо не масавым, а элітарным жанрам, і іншыя фестывалі ў Беларусі даўно пазнікалі — а “Віцебскі лістапад” і жыве, і развіваецца. З юбілейнага 30-га фэсту, калі яго кіраўніком стала рэжысёр Уладзіслава Цвікі, у дадатак да спеваў пачалі ладзіцца паэтычныя спаборніцтвы і яскравыя мастацкія імпрэзы (дзякуй богу, выдатных мастакоў у гэтым горадзе таксама хапае): у перыяд, калі шырокая публіка амаль страціла цікавасць да аўтарскай песні, гэта дало “Віцебскаму лістападу” штуршок да жыцця і развіцця.
Адкрыты фестываль аўтарскай песні, паэзіі і візуальных мастацтваў “Віцебскі лістапад” — адно з галоўных штогадовых мерапрыемстваў Цэнтра культуры “Віцебск”. Сам Палац культуры, ці канцэртная зала “Віцебск”, дзе практычна ўсе 36 гадоў адбываўся фестываль, — родны дом для “Віцебскага лістапада”. Хіба што сёлета канцэрты праходзілі не на вялікай сцэне — як у лепшыя часы, а ў больш сціплай Круглай зале. Канешне, немагчыма не згадаць, што на фоне пандэміі арганізатарам давялося праявіць фантазію, каб фестываль адбыўся. Ужо летась быў апрабаваны анлайн-фармат — калі канкурсанты з розных краін удзельнічалі пры дапамозе відэазапісаў. На гэты год быў распрацаваны змешаны фармат — афлайн і анлайн. Усе ўдзельнікі — а ў конкурс заявіліся 123 канкурсанты з 6 краін — дасылалі свае відэа, хтосьці выступаў анлайн праз zoom. Але, нягледзячы на пандэмічныя перашкоды, многія з нявіцебскіх канкурсантаў усё ж даехалі — і з Беларусі, і з Расіі, адзін нават з Германіі. А яшчэ былі прадстаўлены такія краіны, як Ізраіль, Латвія, Украіна і Новая Зеландыя.
Сярод новаўвядзенняў гэтага года — далучэнне да “Віцебскага лістапада” дзяцей, і не толькі ў якасці гледачоў, а менавіта як канкурсантаў. У сваёй узроставай катэгорыі яны ўдзельнічалі ва ўсіх намінацыях фестывылю: паэзія, паэтычная дэкламацыя, выканаўчае майстэрства з вакальным нумарам, класічная аўтарская песня і г. д. І гэтак жа, як і дарослыя, атрымлівалі званні пераможцаў і лаўрэатаў. На гала-канцэрце, што адбыўся 16 кастрычніка, журы пад час выступлення лаўрэатаў абірала ўладальніка Гран-пры з назвай “Прызнанне” — яго ўладальнікам стаў аўтар-выканаўца з Масквы Дзмітрый Курылаў, даволі добра вядомы ў бардаўскіх колах. Увогуле, Дзмітрый — прафесійны літаратар, пісьменнік, кінадраматург, філолаг — у свой час абараніў дысертацыю на тэму “Аўтарская песня як жанр рускай паэзіі савецкай эпохі”. Усяго 24 лаўрэацкіх звання ўручыў сёлета “Віцебскі лістапад”. Сярод дарослых лаўрэатамі першай ступені сталі: у намінацыі “Аўтарская песня. Класіка” — дуэт Віктара Воранава і Таццяны Ялецкай з Самары, у намінацыі “Аўтарская песня. Альтэрнатыва” — Дзяніс Быкоўскі з Віцебска, у намінацыі “Выканаўчае майстэрства. Вакальны нумар” — Паліна Францкевіч з Мінска, у намінацыях “Візуальнае мастацтва. Відэапаэзія” і “Паэзія. Вольная тэматыка” — Павел Салаўёў з Гродна.
Канешне, можна панаракаць, што вядомых і зорных імёнаў на фестывалі не было, што не атрымалася запрасіць папулярных і шчыра любімых віцебскай публікай беларускіх бардаў — не кажучы пра замежных аўтараў, што ў конкурсе апошнімі гадамі, калі параўноўваць з лепшымі часамі “Віцебскага лістапада”, не так шмат яскравых удзельнікаў… Але тое, што фестываль адбыўся і традыцыя не перарвалася, — ужо само па сабе цуд, тым больш што зроблена столькі крокаў наперад, у будучыню.
Акрамя гала-канцэрта прайшлі і такія мерапрыемствы, як “Паэтычны турнір” — у выставачнай зале “Духаўскі круглік”, паэтычны канцэрт “Ключ ад сёмага неба”, песенны канцэрт “Час лістапада”. Увогуле, “Віцебскі лістапад” як літаратурны фестываль мае высокае рэнамэ, і за гэта трэба падзякаваць віцебскім паэтам і энтузіястам справы Алегу Сяшко і Алене Крыклівец. А яшчэ — адкрылася выстава знакамітай віцебскай мастачкі Валянціны Ляховіч “Стих и Я” — у некаторым сэнсе гэта стала самым яскравым і значным мерапрыемствам сёлетняга “Віцебскага лістапада”. Валянціна Ляховіч — зорка авангарднага мастацтва Віцебска, а авангард — візітоўка гэтага горада. Валянціна Антонаўна ўражвае жывапіснымі абстрактнымі палотнамі — прычым маштабнымі, нават грандыёзнымі — і скульптурамі ў актуальным жанры трэш-арта. Выставы майстра адбываюцца перыядычна, і ў арт-прасторы на Талстога, 7 у яе ёсць персанальная зала. Але многія і многія карціны і скульптуры Валянціны Ляховіч па вялікім рахунку ў належным выглядзе і не выстаўляліся — бо яны, адпаведна са сваім творчым і літаральным маштабам, патрабуюць гэткай жа плошчы, гэткай жа вольнай і бязмежнай выставачнай канцэпцыі.
“У твораў Валянціны Ляховіч — неверагодная энергетыка. І сваёй энергіяй яны здольныя да канца запоўніць вялікую прастору, якую мы на шчасце маем — вялікае, унушальнае, шыкоўнае фае нашага Палаца культуры з выдатным асвятленнем, — гаворыць кіраўнік фестывалю “Віцебскі лістапад” Уладзіслава Цвікі. — Я даўно марыла папрацаваць з Валянцінай Антонаўнай — і як рэжысёр маладзёжнага тэатра “Кола”, і як арганізатар фестывалю”. Адкрыццё выставы, якое сабрала вялікую колькасць зацікаўленых, суправаджалася перформансам тэатра “Кола” “Хачу і бачу”, натхнёным творчасцю Валянціны Ляховіч. І хоць XXXV “Віцебскі лістапад” ужо прайшоў, можна шчыра параіць усім віцябчанам на працягу бліжэйшага месяца абавязкова зазірнуць у КЗ “Віцебск” і ўбачыць унікальную выставу, на якой выстаўлена ажно 105 работ іх знакамітай зямлячкі. “Гэта выбух нейтроннай зоркі”, — так пра выставу сказала знакамітая мастацтвазнаўца Таццяна Катовіч.
“Віцебскі лістапад” ужо перажыў самыя розныя часы і нават эпохі. Хочацца верыць, што песня і паэзія ў Віцебску ніколі не перастануць гучаць і што па-ранейшаму тут будуць энтузіясты і натхнёныя ідэяй людзі, дзякуючы якім фестываль нарадзіўся і жыве. І пасля адметнай лічбы 35 адзначыцца яшчэ нямала круглых дат.