БЕЛАРУСКАЙ КАПЭЛЕ 30 ГОД!
— Спадарыня Святлена, калі ласка, пазнаёмце нашых чытачоў з гісторыяй капэлы, якая сёлета адзначае сваё трыццацігоддзе.
— Сапраўды, як днямі паведаміў Віктар Іванавіч Скарабагатаў, наш кіраўнік, у кастрычніку 1991 года адбыўся першы канцэрт “Беларускай капэлы”. Асноўная мэта дзейнасці “Б.К.” — рэканструкцыя з забыцця беларускай прафесійнай музыкі, пачынаючы ад перыяду Еўфрасінні Полацкай, “Полацкага сшытка” і да XX стагоддзя. Бо доўгі час некаторыя нашы музыказнаўцы сцвярджалі, што беларускай музыкі да 1917 года не існавала, і ўсё ў нас пачалося з рэвалюцыі. Вядома ж, усё аказалася не так. І гэта відавочна, бо калі былі мастакі, паэты, літаратары, то павінна была быць і музыка. Дзякуючы “Б.К.” гэтая белая пляма ўсё больш і больш афарбоўваецца яркімі колерамі і імкліва знікае, адначасова становіцца зразумела, што беларуская музычная культура была моцна інтэгравана ў агульнаеўрапейскую прастору і была прадстаўлена вядомымі імёнамі. Другая мэта — папулярызацыя старадаўніх навінак беларускай музыкі праз канцэрты і фестывалі. Калі я была студэнткай, я не раз бывала на гэтых канцэртах і памятаю тую абсалютна фантастычную атмасферу, тыя аншлагі, калі на канцэрты, якія ладзіліся ў Белдзяржфілармоніі ці ў яе камернай залі на Залатой горцы (сёння касцёл св. Роха) немагчыма было патрапіць. Настолькі ў 90-х гадах была вялікая зацікаўленасць у гэтых адкрыццях. Менавіта такая неверагодная канцэртная атмасфера была, нібы партал у новы, абсалютна невядомы свет, атмасфера, на якой я ўзрасла. Гэта і паўплывала на мой выбар, пра які я ніколі не шкадавала. Так, паступаючы ў Акадэмію музыкі, я абрала толькі што створаную спецыяльнасць “Беларусістыка”. Чытаючы літаратуру, якую выдавала “Б.К.”, кнігі майго прафесара Вольгі Уладзіміраўны Дадзіёмавай, я марыла аб тым, каб супрацоўнічаць з “Б.К.”. І мара тая здзейснілася.
Яшчэ адзін важны аспект — пераклад вакальных твораў на беларускую мову. Віктар Скарабагатаў і Уладзімір Мархель неяк звярнулі ўвагу на тое, што польскамоўныя творы, напісаныя на нашых землях у XVIII-XIX стагоддзях больш арганічна гучаць па-беларуску. Так, яшчэ напачатку 90-х распачаўся надзвычай важны працэс, бо ён даў магчымасць і музыкантам і слухачам асэнсаваць прыналежнасць тых твораў да нашай гісторыі. Бо, калі б яны гучалі па-польску, такога эфекту не адбылося б. І тое, што Манюшка загучаў па-беларуску вельмі важна, бо сама яго музыка заснавана на тутэйшым меласе. З-за чаго палякі , часам, не прызнаюць Манюшку за свайго, бо інтанацыі Манюшкі не адпавядаюць сапраўднай польскасці. Калі ж адбыўся канцэрт спеваў Яна Чачота з музыкай Манюшкі, у суправаджэнні народных інструментаў, то гэта было настолькі арганічна, што ні ў кога не ўзнікла сумніваў, што гэта беларуская музыка.
За гэты час былі выдадзены оперы “Агатка”, “Фаўст”, літаратура навучальнага характару, вакальныя хрэстаматыі, музыка Манюшкі на словы Чачота, Сыракомлі, Міцкевіча і апошні на сёння маштабны праект з пяці тамоў “Песні нашага касцёла”. Гэта рэлігійная музыка Манюшкі для аргана і для голасу і аргана. Лаціну не перакладалі, а польскамоўныя творы былі перакладзены на беларускую мову. Такім чынам, спадзяемся, гэтыя творы будуць выкарыстаны ў рэпертуары касцельных і дзіцячых хораў.
АГІНСКІЯ
— Як мы ведаем, роўна трыццаць год таму выйшла Ваша першая праца, прысвечаная музычнай спадчыне роду Агінскіх. Распавядзіце, калі ласка, як усё пачалося і якія новыя старонкі гісторыі Агінскіх удалося за гэты час раскрыць?
— Мая зацікаўленасць Агінскімі нарадзілася трыццаць год таму, калі на 4 курсе музычнай вучэльні імя Міхала Глінкі тэмай курсавой працы я абрала музычную творчасць Міхала Казіміра і Міхала Клеафаса Агінскіх. Такая мая зацікаўленасць прывяла праз некалькі год да дзвюх досыць аб’ёмных кніжак “Жыццё і творчасць М.К. Агінскага ў каардынатах яго часу і культурнага асяроддзя” (2007) і “Лісты аб музыцы” (2018). Мною былі напісаны і каля сямідзесяці артыкулаў, прысвечаных перадусім музычнай творчасці Агінскага. Пазней, калі я паступіла ў Акадэмію музыкі, і ў нас пачаўся прадмет “Музычная культура Беларусі”, які вяла прафесар Вольга Уладзіміраўна Дадзіёмава, вельмі апантаны настаўнік і даследчык, яна прапанавала мне працягнуць гэтую тэму. Так музычная культура часоў Агінскага і яго ўласная творчасць сталі тэмай маёй дыпломнай працы, а пасля ўжо і дысертацыі.
За мінулы час былі зроблены цікавыя знаходкі і адкрыцці. Па-першае, знойдзены некаторыя новыя творы, якія захоўваліся ў польскіх і віленскіх бібліятэках. Напрыклад, “Марш фа мажор”, які ўласна і з’яўляецца тым самым развітаннем з тагачаснай Беларуссю. Бо вядомы “Паланэз” з’явіўся значна пазней — у 1830 ці 1831 годзе. А “Марш” быў надрукаваны ў 1802 годзе ў Пецярбургу, клопатам Восіпа Казлоўскага. Быў знойдзены зборнік песняў Агінскага, які, верагодна, паўстаў падчас яго падарожжа ў Італію, Францыю і г.д. Ёсць там рамансы, канстаньета і шансон. У хуткім часе мы плануем выданне гэтага зборніка на беларускай мове. Знойдзены 83 лісты Агінскага, унікальная крыніца, якая да гэтага часу застаецца маладаследаванай, бо лісты напісаны на французскай мове, мове тагачаснай эліты, якая лічыла польскую мову недастаткова шляхетнай. Упершыню апублікаваны 9 лістоў вядомай піяністкі Марыі Шыманоўскай (цешчы Адама Міцкевіча) да Агінскага, у адным з якіх яна просіць паклапаціцца графа пра лёс вядомага паэта, які планаваў у 1829 годзе з’ехаць з Пецярбурга ў Фларэнцыю.
Акадэмія навук Беларусі рыхтуе мультымедыйны праект, прысвечаны жыццю і творчасці Міхала Клеафаса Агінскага, які будзе багата ілюстраваны. Бяру ўдзел у гэтым праекце і я.
Нядаўна ва ўспамінах сяброў Агінскага знойдзена інфармацыя пра шляхецкі сход, які ў 1811 годзе ён арганізаваў у Мінску. На гэтым сходзе ён, вядомы палітык, дыпламат, прасоўваў ідэю аўтаноміі сённяшніх беларускіх земляў, якія ён вылучыў у асобную тэрыторыю. Прычым, за месца сходу свядома быў абраны Мінск, а не Вільня. Нібы ён нешта такое прадчуваў. На жаль, усё гэта адбывалася напярэдадні вайны 1812 года, а ідэі былі настолькі рэвалюцыйнымі на той час, што наша эліта паставілася да прапановы прахалодна. Іншымі словамі, Агінскі — гэта такая наша Атлантыда, якую прыйдзецца раскрываць і пазнаваць не толькі нам, але і іншым пакаленням даследчыкаў.
СТАНІСЛАЎ МАНЮШКА
— Яшчэ адным накірункам Вашай дзейнасці з’яўляецца даследаванне і папулярызацыя жыцця і творчасці Станіслава Манюшкі. Доўгі час у Беларусі імя Манюшкі было невядома, пазней яго асоба заняла другаснае месца сярод замежных кампазітараў. Ці прыйшло нарэшце разуменне на радзіме кампазітара, што Манюшка неад’емная і вельмі значная частка беларускай музычнай культуры?
— У часы маёй вучобы ў Акадэміі музыкі мы вывучалі творчасць Манюшкі напрыканцы года, у курсе “Замежная музыка”. То-бок, ён падаваўся і як замежнік, і як абсалютна другасная асоба, у параўнанні з тым жа чэшскім кампазітарам Бедржыхам Сметанай. Але часы змяніліся. На мой погляд, беларускі музыказнаўца не можа абысці па-за ўвагай асобу Манюшкі, бо на ХІХ стагоддзе гэта проста квінтэсэнцыя беларускасці. Цікава, што многія палякі не адчуваюць у яго творчасці польскага духу. Аднойчы прафесар з Познані прызнаўся, што яму “замала польскасці ў музыцы бацькі польскай оперы”. Што мяне вельмі здзівіла і пацешыла. Бо, сапраўды, інтанацыя ў Манюшкі вельмі беларуская, ці беларуска-літвінская, бо ён быў прамым нашчадкам той старой культуры ВКЛ. Манюшка быў наступным пакаленнем пасля Філаматаў, пакаленнем паэтаў-рамантыкаў, якія падрыхтавалі для яго творчасці проста фантастычную глебу. І ён гэтым шанцам скарыстаўся.
Што да майго ўнёску, то хочацца згадаць цыкл папулярных артыкулаў пра аперэты, якія ставіліся на нашых землях у Мінска-Віленскі перыяд. Гэта тэма найменш асветленая ў польскай гістарыяграфіі, у ёй яшчэ шмат белых плямаў. Але ў апошні час цікавасць да гэтых малых опер узрасла. Напрыклад, у Польшчы кожны год ставіцца адна новая маленькая опера, якая становіцца сенсацыяй. Бо ў Польшчы Манюшку ведаюць як “трагічнага” кампазітара, дзякуючы оперы “Галька”. А тут высвятляецца, што быў ён фантазійным, крэатыўным і з добрым пачуццём гумару. Што датычыцца супрацы Манюшкі і Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, то мной была зроблена выснова, што звесткі пра іх плённае супрацоўніцтва, якія падаў у свой час Аляксандр Валіцкі, значна перабольшаны. Акрамя супрацы ў “Сялянцы”, усё астатняе з’яўляецца недаказаным і недаказуемым. У 2015 годзе мной быў завершаны пераклад двухактовай оперы “Галька” на беларускую мову. Рабілася гэта, што называецца, “ у стол”. Але ў 2019 годзе дзякуючы Віктару Скарабагатаму гэту оперу ўдалося паставіць на сцэне Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Зроблены дзве прэзентацыі “Ваколіцы Мінска” і “Мінск”, якія выстаўлены на сайце “Moniuszko200”, які належыць варшаўскаму Вялікаму опернаму тэатру. Гэтыя прэзентацыі знаёмяць нас з манюшкавымі мясцінамі і ягоным колам. Добра заўважна, што ў апошні час адбыліся моцныя зрухі ў свядомасці беларусаў у дачыненні да Манюшкі і Агінскага. Многія нібы знайшлі той гістарычны духоўны падмурак, на які можна “абаперціся”, і якога доўгі час не было.
ФІЛАМАТЫ
— Ведаю, што Вы актыўна даследуеце і папулярызуеце спеўную спадчыну прадстаўнікоў студэнцкіх таварыстваў Філаматаў і Філарэтаў. Адкуль такая цікавасць да, здавалася б, “богам забытых паэтаў-рамантыкаў”?
— Знаёмства з Філаматамі таксама адбылося яшчэ ў студэнцкія гады, праз краязнаўчую і рамантычную літаратуру. Чытала Міцкевіча і па-беларуску і ў арыгінале. Пазней, у час працы ў віленскай бібліятэцы Урублеўскіх, мне патрапіўся зборнік філамацкіх спеваў, сабраны Брыгідай Святарэцкай, жонкай Тамаша Зана. Зборнік быў скапіраваны на ноўтбук. Так нарадзіўся вядомы праект “Песні Філаматаў”, які быў рэалізаваны сумеснымі высілкамі выканаўца Аляксея Жбанава і мастацкага кіраўніка праекта Алены Прохаравай. Такім чынам у Беларусі, Літве і Польшчы былі пачуты тыя даўно забытыя песні. А тое, што яны былі ў аматарскім, бардаўскім выкананні, сыграла ім на карысць, бо людзі маглі далучыцца і паспяваць разам. Акрамя гэтага зборніка, “Б.К.” падрыхтавала яшчэ зборнік “Трыялеты” Тамаша Зана, якія спяваліся ў Вільні і не толькі. Рыхтуецца таксама зборнік Станіслава Манюшкі на словы Яна Чачота, Аляксандра Ходзькі, Тамаша Зана, Юльяна Корсака і Антона Эдварда Адынца. Не трэба забываць, што дзякуючы паэзіі Адама Міцкевіча ў творчасці Манюшкі паўсталі “Крымскія санеты”, кантата “Прывіды”, на падставе паэмы “Дзяды”. Вельмі мару аб тым, каб “Дзяды” былі пастаўлены на беларускай мове на сцэне нашай Філармоніі.
Разам з Тамарай Рэмез, салісткай Белдзяржфілармоніі, час ад часу мы займаемся папулярызацыяй творчасці Філаматаў на рознага кшталту імпрэзах. У бліжэйшую суботу наш праект будзе браць удзел у фестывалі “Восень у Завоссі”, які адбудзецца на падворку сядзібы Адама Міцкевіча.