Назва “Страла” для 52-хвіліннай стужкі з’явілася ўжо на позніх этапах працы, а спачатку Галіна Адамовіч думала назваць фільм “Удовы”. Так, усе тры гераіні пахавалі сваіх мужоў, усе тры іх кахалі і шкадавалі: увогуле, каханне — адна з галоўных тэм стужкі. З кароткай анатацыі да фільма, са згадкі пра абрад “Пахаванне стралы”, які ўжо ўнесены ў Спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, можна настроіцца на прагляд своеасаблівага этнаграфічнага кіно і знаёмства са старажытнай традыцыяй, што ідзе, паводле меркаванняў навукоўцаў, яшчэ з паганскіх часоў. Але падобныя чаканні будуць падманутыя — жыццё вялікшае за абрад. Рэжысёра Галіну Адамовіч цікавяць менавіта людзі:
— Я не этнограф, мне больш хацелася даведацца пра тое, хто гэтыя жанчыны, чаму яны гэта робяць, як яны жывуць? А яны насамрэч жывуць у традыцыі і ў вельмі акрэсленай сістэме каардынат: дакладна ведаюць, што такое добра, а што такое блага, што сорамна, а што не. Гэта і незвычайна, і выклікае павагу — яны быццам не з ХХІ стагоддзя.
У абрадзе “Пахаванне стралы” ўдзельнічаюць толькі жанчыны — у вызначаны дзень уся жаночая частка вёскі Стаўбун у стракатай вопратцы і з яркімі пацеркамі збіраецца на цэнтральнай вуліцы і дружна рушыць у поле, каб “пахаваць стралу” і адвесці, такім чынам, усе нягоды ад родных мясцін. Як і паўсюдна, і ў Стаўбуне традыцыя трымаецца найперш на самых дарослых жанчынах: менавіта яны яе захавалі ў неспрыяльныя часы, менавіта яны — нават калі больш нікога не было — хадзілі і адводзілі бяду ад вёскі. Апошнімі гадамі на хвалі цікавасці да народных традыцый на свята пачала прыязджаць моладзь, студэнты, фатографы, прэса — і абрад ажыў.
Дзве гераіні фільма “Страла” — Ганна (ці Галіна, як яе ведаюць у вёсцы) Ільінічна Чуяшова і Ульяна Іванаўна Аніськова — менавіта з такіх захавальніц, ім абедзвюм за 80 гадоў. І яны — салісткі фальклорна-этнаграфічнага калектыву “Стаўбунскія вячоркі” пры мясцовым сельскім Доме культуры, гэтак жа як і трэцяя, маладзейшая гераіня — Валянціна Пятроўна Марцян, якая цяпер хоць і жыве ў Гомелі, але актыўна выступае са “Стаўбунскімі вячоркамі”. А кіруе калектывам Святлана Іванаўна Парашчанка, і кіруе ўжо амаль 40 гадоў — яе таксама можна ўбачыць на экране. За 50 з нечым хвілін экраннага часу прагучыць нямала песень — і “стрэльных” з абраду, і іншых. І гэтыя спевы — асаблівая каштоўнасць фільма, бо тыя, хто спяваюць, — людзі з вялікім прыродным талентам. Праў-
да, і “Калінку” глядач пачуе, і прыпеўкі, і нават нешта з творчасці Надзеі Кадышавай — паўтаруся, кіно не пра абрад, а пра жыццё людзей.Магу прадказаць, што пры агульнай невялікай папулярнасці дакументальнага кіно, фільм “Страла” з цікавасцю і эмоцыямі маглі б паглядзець многія. І кожны, мабыць, убачыць і заўважыць нешта сваё — краявіды з абрадам, непаўторную манеру спеваў, няпростае жыццё вельмі немаладых жанчын, моцныя яскравыя жаночыя твары і амаль незаўважныя мужчынскія, задумаецца на тэму вёскі і алкаголю, уплыву расійскіх звычаяў, рускай мовы на фоне беларускіх спеваў… Стужка дае шмат тэм для абмеркавання. Я бачыла найперш неверагодных вясковых бабулек, якіх яшчэ нямала і па ўсёй Беларусі: трывалых і жыццялюбных, нязломных і працавітых да апошніх дзён жыцця, гарэзлівых і артыстычных, гаротных у сваім няпростым лёсе і небагатым жыцці, але ж і шчаслівых унутранай “правільнай” сутнасцю. Па трапнай заўвазе рэжысёра Галіны Адамовіч: “Гэта нармальныя, адкрытыя ўсяму свету людзі з надзіва моцнай і здаровай псіхікай. У стасунках з такімі людзьмі ты напаўняешся энергіяй і здаравееш сам”. Рэжысёр, канешне, згадвае сваю папярэднюю гучную стужку з ліку тых, што трапілі на экраны і адзначыліся на фестывалях, “Добрых дзяўчынак не б’юць” пра ахвяр хатняга гвалту — там здароўя было мала. І тады ж Галіна Адамовіч сказала, што наступны яе фільм будзе светлым і радасным.
Так яно і выглядала на пачатку: “Я ўвогуле баялася, што ўвесь фільм мы будзем толькі піць і спяваць, бо заўсёды было застолле і заўсёды была песня, — гаворыць рэжысёр. — Але пад час мантажу я вельмі многа плакала, у мяне проста душа выварочвалася, так мне ўсяго была шкада — і гэтага жаночага, і проста чалавечага”. У кожнай гераіні — свая гісторыя, і гісторыя любві ў тым ліку. І пра гэта яны таксама раскажуць з экрана, не баючыся шчырых слоў. Ульяну Аніськову муж, напрыклад, не пускаў спяваць песні. Пайшла ў калектыў яна, ужо добра пагараваўшы па памерлым мужу. І вось так здарылася — да 70 гадоў пражыла ў вёсцы, ніколі нікуды не выязджаючы, працавала ў мясцовым дзіцячым садку, а з ансамблем — і ў Санкт-Пецярбург ездзіла выступаць, і ў Вільнюс, і шмат куды яшчэ. Бо ўвогуле “Стаўбунскія вячоркі” — гурт з багатай і слаўнай гісторыяй, які многа выступае. Пра яго нават кнігу выдалі — “Цень стралы”. Канешне, ёсць асаблівая ўвага да гурта і з боку знакамітага Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава — у фільме мы ўбачым яго дырэктара Пятра Цалко, які з захапленнем будзе расказваць пра гераінь. Вёска Стаўбун, як гавораць, была заснаваная яшчэ ў XVIII стагоддзі, таму і традыцыі ў ёй такія моцныя. Зараз у Стаўбуне жыве больш за тысячу чалавек — вялікая вёска: у нашым часе яна найбольш знакамітая якраз абрадам “Пахаванне стралы” і ансамблем “Стаўбунскія вячоркі”.
Здымкі ішлі тры гады — на такі працяглы тэрмін у немалой ступені паўплывала і пандэмія. Сам абрад “Страла” планавалася зняць яшчэ летась, але тады да апошняга моманту было незразумела, ці ён адбудзецца — дзеці забаранілі бабулькам ісці, баючыся заразы. І ўсё ж яны выйшлі, няхай побач з імі год таму было вельмі мала людзей. І “Пахаванне стралы”, і Радуніцу здымалі ўжо сёлета, работа над карцінай скончана вось толькі-толькі: яе яшчэ не бачылі ні гледачы, ні самі гераіні.
Прэм’ера для рэжысёра Галіны Адамовіч — падзея значная, бо шэраг работ, над якімі яна працавала ў апошнія гады, на экраны так і не выйшлі. А з гэтымі стаўбунскімі спявачкамі яна пражыла ўжо шмат часу і практычна параднілася. Яна ж іх знайшла яшчэ раней, калі дапамагала французскім кінематаграфістам з пошукам гераінь для вялікага міжнароднага праекта “Woman” — французы прасілі знайсці як мага больш “аўтэнтычных” персанажаў. А пазадаваўшы свае стандартныя пытанні, яны так натхніліся, што ў адзін голас пачалі казаць: “Пра гэтых жанчын трэба здымаць асобнае кіно!” Галіна Адамовіч тады падумала: “А чаго гэта вы будзеце здымаць? Я ж раней здыму!”
— Гэтыя жанчыны — моцныя і добрыя. Яны цябе і напояць, і накормяць, і запомняць імёны ўсёй здымачнай групы, і абсалютна бескарысліва падораць табе свой час, сваю песню і сваю радасць без усялякіх скаргаў. Яны ўсё перажывуць і ўсё выцягнуць — і дзяцей, і мужоў, і бульбу, і халодную зіму…
Прэм’ера новай дакументальнай стужкі “Страла”, знятай на кінастудыі “Беларусьфільм” рэжысёрам Галінай Адамовіч, адбудзецца 7 кастрычніка ў мінскім кінатэатры “Піянер”, там жа пройдзе і творчая сустрэча са здымачнай групай фільма. Паказ прымеркаваны да Дня пажылых людзей і да Дня маці.