Культурная акцыя з такой назвай, зацверджаная Саветам Еўропы акурат 30 гадоў таму і скіраваная на шырокае знаёмства грамадзян з аб’ектамі культурнай і прыроднай спадчыны, цягам верасня ладзіцца ў многіх краінах свету. Не засталася ў баку і Беларусь. У сталіцу былі запрошаны кіраўнікі музеяў, тэатраў, бібліятэк і іншых устаноў культуры з усёй краіны, прадстаўнікі аблвыканкамаў, Мiнскага гарвыканкама. Адкрываючы мерапрыемства, міністр культуры Беларусі Анатоль Маркевіч падкрэсліў, што Дні Еўрапейскай спадчыны — гэта “яшчэ адна магчымасць адкрыта зірнуць на свет вакол нас і зразумець: як бы мы ні адрозніваліся адзін ад аднаго, ва ўсіх нас ёсць штосьці агульнае, якое дазваляе ганарыцца сваім мінулым, адчуваць сваю датычнасць да гісторыі і фармаваць будучыню”.
Знаёмячы гасцей з айчыннай оперна-балетнай спадчынай, што ўзмацняе лепшыя еўрапейскія здабыткі нацыянальнымі рысамі і дасягненнямі, наш Вялікі тэатр падрыхтаваў насычаную праграму. Была зладжана экскурсія — не толькі па глядзельнай частцы, але і па закуліссі. У фае былі разгорнуты дзве выставы. Адна з іх ахапіла частку афіш з замежных гастроляў калектыву, дзе багата дэманстраваліся пастаноўкі як сусветнай, так і беларускай класічнай спадчыны: балеты “Стварэнне свету”, “Спартак”, “Карміна Бурана”, “Шчаўкунок” Валянціна Елізар’ева, оперы “Кармэн” Ж.Бізэ, “Баль-маскарад” Дж.Вердзі, “Мадам Батэрфляй” Дж.Пучыні, “Галька” С.Манюшкі і інш. Другая выстава дала магчымасць дэталёва разгледзець і напоўніцу ацаніць сцэнічныя строі, распрацаваныя мастачкай Таццянай Лісавенка да прэм’ернага спектакля — оперы Уладзіміра Солтана “Дзікае паляванне караля Стаха” паводле Уладзіміра Караткевіча.
Касцюміраваны канцэрт-спектакль “У час шумнага балю…” рэжысёра Галіны Галкоўскай утрымліваў адпаведныя заяўленай тэме рускія, беларускія, заходнееўрапейскія песні і рамансы, прычым у беларускамоўным перакладзе, што прагучалі ў выкананні лепшых оперных салістаў. А галоўнае, кожны з наведвальнікаў мерапрыемства змог унесці з сабой не толькі яскравыя ўражанні, але і своеасаблівае матэрыялізаванае “пасведчанне” — падрыхтаваны тэатрам адметны буклет, інфармацыйна насычаны і адначасова надзвычай паэтычны, выкладзены літаратурным слогам, якому маглі б пазайздросціць многія нашы пісьменнікі.