— 22 верасня ў Баранавічах адбылася знакавая нарада, якая праходзіла па выніках правядзення ранейшых сустрэч прадстаўнікоў міністэрства культуры з грамадзянамі і прамых тэлефонных ліній па Брэстчыне. Неўзабаве кіраўнікі структурных падраздзяленняў міністэрства культуры збіраюцца наведаць Віцебшчыну, каб высветліць набалелыя пытанні галіны і там. Ці гатовы да такой працы з міністэрствам у Сеннінскім раёне?
Таццяна Пагарэльская, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сеннінскага райвыканкама:
— Мы, безумоўна, ведаем пра нараду ў Баранавічах, работу прадстаўнікоў міністэрства на Брэстчыне. Чыталі мы пра гэта таксама і ў “Культуры”. Справа вельмі важная, і механізм высвятлення праблем падабраны правільна. У сваю чаргу Сеннінскі раён гатовы да падобнай сумеснай працы.
Мы імкнемся ставіцца да даручанай працы з адказнасцю ва ўсіх установах культуры раёна і рэгулярна супрацоўнічаем з Віцебскім аблвыканкамам. Да таго ж, хачу нагадаць, што адзін з першых сваіх працоўных візітаў міністр Анатолій Маркевіч здзейсніў менаваіта на Віцебшчыну, дзе на нарадзе з выкарыстаннем відэасувязі абмяркоўваліся пытанні рэгіёна. Думаю, што праблемы ў галіне ў нас будуць падобнымі на агульнарэспубліканскія: гэта, перш за ўсё, невялікія заробкі.
— Надышла восень з уласцівым ёй дрэнным надвор’ем, а ў будынку філіяла Дзяржаўнага літаратурнага музея імя Янкі Купалы ў Вязынцы ўсё яшчэ не перакрыты дах. Калі ж урэшце перакрыюць дах у будынку філіяла?
Дырэктар установы “Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы” Алена Ляшковіч:
— Сёння сабрана ўся патрэбная дакументацыя ад “Белрэстаўрацыі”, і мы чакаем толькі выдзялення сродкаў, каб правесці закупку матэрыялаў. Адмысловы гонт для нас гатова вырабіць сама “Белрэстаўрацыя”, а, напрыклад, кроквы мяняць у будынку не трэба. Раней наша цэнтральная ўстанова рабіла рамонт у філіяле ў Ляўках Аршанскага раёна. Так, грошы зараз вельмі балючае пытанне для правядзення рамонту.
— Штогод у другую нядзелю кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень работнікаў культуры. Да гэтага прафесійнага свята маюць дачыненне 65 тысяч чалавек у краіне. Як будуць сустракаць свята ў Маларыце?
Галіна Стасюк, начальнік ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маларыцкага райвыканкама:
— У нас гатова праграма правядзення ўрачыстага канцэрта ў гарадскім Доме культуры, дзе будуць узнагароджвацца работнікі і ветэраны галіны. Выступаць для нас будуць педагогі і вучні гімназіі. Але гэтым планам можа перашкодзіць эпідэміялагічная сітуацыя. Дарэчы з гэтай прычыны на Дзень горада 2 кастрычніка, на жаль, у нас адменены амаль усе мерапрыемствы.
Падрыхтаваў Павел САЛАЎЁЎ