Дырэктар установы Марына Ігнатовіч заняла адказную пасаду ў снежні 2020 года. Але ведае гэту справу яна з дзяцінства, бо яе маці працавала бібліятэкарам вёскі Геруцева Свіслацкага раёна. Таму і сумневаў, якую выбраць прафесію, не ўзнікала. З 2004 яна па накіраванню працавала ў дзіцячым філіяле Гродзенскай бібліятэкі. Бачыла, як за гэты час установа змянялася да лепшага. Цяпер тут хапае камп’ютараў для ўсіх карыстальнікаў, ёсць Wi-Fi і, галоўнае, падабраліся прафесійныя бібліятэкары.
Як выпускніца бібліятэчнага факультэта БДУКМ, Марына Эдвардаўна ведае, што менавіта калектыў — самае галоўнае, бо толькі ён можа зацікавіць чытача прыйсці яшчэ раз. Малады дырэктар імкнецца рэгулярна адпраўляць сваіх падначаленых на курсы павышэння кваліфікацыі названай ВНУ, якую б сумежную адукацыю яны ні атрымалі першапачаткова. Таму калектыў бібліятэкі ведае, як данесці да чытача актуальную інфармацыю.
Адзін з такіх інфармацыйных праектаў — выстава да Года народнага адзінства. Яна ўтрымлівае матэрыялы з архіваў бібліятэкі, а таксама работы гродзенскіх краязнаўцаў. Выставу будуць экспанаваць на прадпрыемствах і ва ўстановах горада. Таксама і ў іншых раёнах Гродзеншчыны будуць створаны экспазіцыі на тэму Года народнага адзінства.
Праекты і выставы на розныя тэмы прапануюцца чытачам і ў медыятэцы, дзе працуюць Лідзія Мальцава і малады спецыяліст Юлія Макарчык. Часта ў гэтым аддзеле выстаўляюцца ўнікальныя кнігі з Прэзідэнцкай бібліятэкі і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Асвятляюць экспазіцыі рэгіянальнае і рэспубліканскае тэлебачанне. Медыятэка змяшчае ў сваім запасе літаратуру і перыёдыку па ўсіх жанрах мастацтва, ноты, дыскі з аўдыяфайламі. Карыстаецца папулярнасцю яна ў навучэнцаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, гуманітарнага музычнага каледжа, выкладчыкаў і вучняў школ. Штодзень сюды наведваюцца не менш за 50 чалавек.
Сама дырэктарка Марына Ігнатовіч таксама выкарыстоўвае час на ўдасканаленне ў сваёй справе. Менавіта Нацыянальная бібліятэка Беларусі рэгулярна дапамагае гэтаму, праводзіць семінары і круглыя сталы, у тым ліку анлайн. Такім чынам Марына Эдвардаўна называе сённяшнія бібліятэкі таксама і месцам для сустрэч, абмену карыснай інфармацыяй.
Гродзенская бібліятэка рэгулярна абнаўляе фонд. Згодна з указам Прэзідэнта, 12% сродкаў на ўтрыманне ўстановы выдаткуецца на закупку новых кніг.
Пра поспех гродзенскай бібліятэкі гавораць шматлікія граматы, у тым ліку ад Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь да леташняга юбілею. А ў 2008 годзе ўстанова стала лаўрэатам фонду Прэзідэнта ў намінацыі “бібліятэчная справа” за паспяховую работу з падрастаючым пакаленнем. Марына Ігнатовіч таксама можа пахваліцца ўласнымі ўзнагародамі ад міністэрства культуры і ад аблвыканкама.