Адна з безумоўных — студыйны комплекс Нацыянальнай кінастудыі. Нават на фоне самых дасканалых студый у іншых краінах павільёны і натурная пляцоўка «Беларусьфільма» ўражваюць — тут можна ствараць самае сучаснае кіно. Што рэгулярна і адбываецца: нягледзячы на розныя, часта не звязаныя з творчым працэсам, цяжкасці, замежныя кінематаграфісты пастаянна здымаюць тут стужкі. І не толькі тут: наша краіна стабільна прыцягвае да сябе здымачныя групы з іншых дзяржаў. У нас ствараюць як поўнаметражныя фільмы, так і серыялы. Попытам карыстаецца не толькі беларуская прырода, павільёны, тэхніка і касцюмы ў антуражы Другой сусветнай вайны. Запатрабаваныя нашы спецыялісты, члены здымачных груп, адпаведнае абсталяванне. Безумоўна, у Беларусі існуе даволі салідная інфраструктура для паўнавартаснай кінаіндустрыі. І «Беларусьфільмам» яна не вычэрпваецца: працуе шэраг прыватных кінакампаній, якія вырабляюць розную прадукцыю для замежных заказчыкаў, прадстаўляюць у арэнду тэхніку і абсталяванне.
Парадаксальна, але ўсё гэта не дапамагае росквіту ўласна беларускага кінамастацтва. Нават цалкам спрыяльнае заканадаўства, падатковыя ільготы, больш за тое, фінансавыя датацыі і непасрэднае фінансаванне кінапраектаў ў выглядзе дзяржзакупак кінастужак Міністэрствам культуры не ў стане зрабіць нашы фільмы прывабнымі ў вачах хоць бы ўласнага гледача.
ЧАГОСЬЦІ НЕ ХАПАЕ?..
Дык чаго ж усё-такі не хапае беларускаму кіно?
Вядома, кіно — гэта сума многіх складнікаў. І грошы ў ім адыгрываюць вельмі важную, аднак, не вызначальную ролю. Існуе нямала прыкладаў, калі велізарныя ўкладанні ніяк не спрыялі творчай удачы. Бюджэты ў фільмаў той жа Нацыянальнай кінастудыі складана назваць гіганцкімі. Але гісторыя кіно мае шмат прыкладаў, калі таленавіныя і паспяховыя стужкі рабіліся і за куды меньшія грошы. Вядома, існуе праславутая праблема, калі значная частка сродкаў на «Беларусьфільме» ідзе не непасрэдна на кінавытворчасць, а на ўтрыманне гіганцкага кінакомплекса і пакрыццё даўгоў. Але нават астатняй часткай, безумоўна, можна распараджацца нашмат больш карысна і прагматычна.
Згодна з ужо некалькімі канцэпцыямі развіцця нацыянальнай кінематаграфіі, адной з галоўных задач у нашым кіно з’яўляецца стварэнне паўнавартаснага канкурэнтнага асяроддзя. Логіка простая: чым больш у краіне кінавытворцаў, тым лепш, і колькасць абавязкова перарасце ў якасць. Вось толькі неабходнай колькасці пакуль не назіраецца.
У апошні час адразу некалькі кінапраектаў па замове Міністэрства культуры здымаюць прыватныя кінакампаніі. Іх прэм’еры пакуль наперадзе і пра вынік казаць рана. Ды і фінансуе наша дзяржава прыватных прадзюсараў усё апошняе дзесяцігоддзе, на жаль, пакуль без належнай паўнавартаснай аддачы. Нярэдка аказваецца, што «прадзюсары», у тым ліку, замежных проста прысмоктваюцца да дзяржаўных грошай, прапаноўваючы пры гэтым малацікавыя і слабыя ў творчым і камерцыйным рэчышчы праекты. У нашай краіне праекты фінансуюцца шляхам правядзення адкрытых конкурсаў на вытворчасць фільмаў праз дзяржзакупкі. Але выбіраць на дадзеных конкурсах часцей за ўсё няма з чаго і з каго — Нацыянальная кінастудыя таксама не ў стане прапанаваць годныя варыянты. У апошнія час некалькі конкурсаў прыйшлося і зусім адмяніць (ці не з-за адсутнасці годных варыянтаў?). Тое ж можна сказаць у дачыненні да творчых конкурсаў на сцэнарый або сінопсіс — вялікая частка пададзенага матэрыялу хутчэй бліжэй да графаманства, чым да прафесійнай сцэнарнай працы.
Сюжэты пераважнай большасці сцэнарыяў, якія прыходзяць на конкурсы і Нацыянальную кінастудыю, вельмі прымітыўныя і другасныя. Сцэнарная праблема, так ці інакш, характэрная для большасці кінематаграфій свету. У Беларусі яна носіць асабліва востры характар — для прафесіяналаў сцэнарнага рамяства значна больш выгадна працаваць на рускамоўныя рынкі суседніх краін. Тое ж самае тычыцца і іншых творчых кадраў — ад рэжысёраў да акцёраў.
ХТО ГАЛОЎНЫ Ў КІНО
Тое, што ў кіно галоўнае — людзі, і што яны важней за грошы, даказваць нікому не трэба. Гэта датычыцца і аўтараў з арыгінальным, таленавітым падыходам да тэмаў і сюжэтаў, і прафесіяналаў вузкіх кінематаграфічных спецыяльнасцяў, і менеджменту, тых самых прадзюсараў, кіраўнікоў кінастудый і падраздзяленняў. Беларусь ніколі не была пакрыўджаная таленавітымі людзьмі. Больш за тое, менавіта інтэлектуальны рэсурс вызначае поспех у свеце постіндустрыяльнай эканомікі. Вось толькі ідуць зараз нашы патэнцыйныя кінематаграфісты не на факультэт экранных мастацтваў БДАМ і не ў аддзел кадраў «Беларусьфільма», а ў сферу ІТ-тэхналогій, якая імкліва развіваецца, у сумежную кіно індустрыю камп’ютарных гульняў або востраактуальны відэаоблогінг.
Вядома, трапляюць і ў кіно, яно па-ранейшаму прыцягальна для новага пакалення. Шмат таленавітай моладзі ідзе вучыцца ў прыватныя кінашколы (і самі гэтыя кінашколы адкрываюць), працаваць у прыватныя прадакшэны, займаюцца здымкамі рэкламы і абслугоўваннем замежных кінагруп. Спрабуюць здымаць і сваё кіно, балазе, лічбавая эпоха значна пашырыла тэхнічныя магчымасці для малабюджэтнай вытворчасці. Але вось толькі без значных рэсурсаў, інтэлектуальнай базы, паўнавартаснай інфраструктуры кінаіндустрыі, сучасных падыходаў да прадзюсіравання канкурыраваць на сусветным кінарынку такой саматужнай, па сутнасці, вытворчасці практычна немагчыма.
Часы мяняюцца, і пакуль сфера нашага кіно на чале з Нацыянальнай кінастудыяй галоўным чынам была занята тым, як эфектыўней размеркаваць ды засвоіць дзяржаўныя сродкі, парадак дня сталі вызначаць стрымінгавыя сэрвісы, якія разлічаны, пераважна, на малы экран. Так званая «нэтфлікс-рэвалюцыя» дазволіла прадзюсарам у развітых краінах менш залежаць ад дзяржавы і кінафондаў. Выбар крыніц фінансавання цяпер стаў шырэй, а магчымасцяў для выхаду да шырокага гледача, у тым ліку замежнага, больш.
Глабальныя перамены апошняга дзесяцігоддзя дораць нашаму кіно яшчэ адзін шанец заняць сваё месца сярод кінематаграфій свету. Але каб заняць гэтае месца, наша кіно павінна мець арыгінальныя рысы, свае прыёмы і тэмы, якія дазволяць лёгка адрозніваць айчынныя фільмы ад фільмаў суседзяў. Так ці інакш, стварэнню нацыянальнага кінематографа для нашай краіны альтэрнатывы ўсё роўна не існуе.
Зразумела, «нацыянальны» ў дадзеным выпадку не азначае замкнёны на самім сабе, ізаляцыя ў кіно ніколі і нікому не прыносіла карысці. Але для таго, каб стаць прывабнымі для іншых, трэба пачаць здымаць для саміх сябе. Кінуць перажоўваць старыя тэмы, бясконца настальгіраваць па часах «Бураціна» і «Чырвонага Каптурыка», павярнуцца да актуальных тэм ды твораў нацыянальнай літаратуры.
Нацыянальны кінематограф — гэта дрэва, якое немагчыма даглядаць без належных сучасных ведаў і прафісійных падыходаў. Ён патрабуе ўважлівага і чулага садоўніка, які добра разумее, што паперадзе збору пладоў ідзе карпатлівая селекцыйная праца, праполка ад пустазелля і абарона ад паразітаў. Наш галоўны рэсурс — творчы, і губляць яго азначае забяспечыць адставанне сферы беларускага кінамастацтва яшчэ на дзесяцігоддзі.
Віктар СЕРГІЕВІЧ