ПОМНІКІ І МУЗЕІ
Памідорам ставяць помнікі ў многіх гарадах свету. У Грэцыі і Італіі ёсць музеі памідораў. Помнікі іўеўскаму тамату раскіданы па вуліцах раённага цэнтра. Гэта вялікія ды маленькія цяпліцы, дзе вырошчваецца цуд-гародніна. І калі казаць шчыра, то гэта помнікі не толькі смачным памідорам, але і тым старанным працаўнікам, што іх вырошчваюць.
Любая добрая справа патрабуе максімальнага прыкладання сіл. Таму “Іўеўскі памідор” — гэта яшчэ свята тых, хто працуе на зямлі, хто забяспечвае нас смачным таварам, што захоўвае цеплыню рук агароднікаў. А прыдумала свята Наталля Мудрык — намеснік дырэктара Іўеўскага цэнтра культуры.
БУТЭРБРОД ЗА ДЗЕНЬ НЕ З’ЕСЦІ
На пачатку свята быў дадзены старт закатак. Права закатаць першы слоік іўеўскіх таматаў ураджаю 2021 года было прадастаўлена старшыні Іўеўскага райвыканкама Ігару Генцу, загадчыку сектара культуры Святлане Кішкель і былому старшыні мясцовага райвыканкама Аляксандру Булаку (гэта пры ім у 2017 годзе прайшло першае памідорнае свята). Зазначым шчыра: не было тых, хто ў гэтым конкурсе прайграў.
Святочнае напружанне значна ўзрасло, калі ў цэнтр увагі трапіла адна з галоўных фішак мерапрыемства — памідорны бутэрброд у некалькі квадратных метраў і з адпаведным сертыфікатам (маўляў, не муляж)! Пачаставаліся ўсе ахвотныя.
ЧАРГОВЫЯ ГАСТРАНАМІЧНЫЯ РЭКОРДЫ
Зараз многія пашкадуюць, што не патрапілі на наша памідорнае свята. На шыкоўным аўто выехалі вядучыя: сіньёр Памідор і мадам Памідорына, якія абвясцілі конкурс на паяданне таматаў на хуткасць. Кожны з удзельнікаў пераканаўся пад апладысменты, што смак свята — непаўторна салодкі.
А потым было раённае спаборніцтва на лепшы гародніны карнавальны касцюм “Круты Памідор — таматная сямейка”. Праходзіў конкурс на канцэртнай пляцоўцы “Тамаці-Паці”.
НА ЧЫМ ПАПАЛА
Воднае шоу “Плаў-Тамат” пад памідорнай эгідай ладзілася ўпершыню. На возеры адбыліся заплывы на чым папала. Акцыя паказала, што фантазіі ўдзельнікаў няма мяжы.
Вельмі натуральна дзея перанеслася на пляцоўку “Памідорная спартыўная”. Вось тут і пачалася памідорная баталія, вынікам якой сталі мора смеху і радасці і мора памідораў, раструшчаных падчас “перастрэлкі”.
НЕ АБЫШЛОСЯ БЕЗ ВІРТУОЗА
Увечары выступіў балалаечнік-віртуоз Аляксандр Варанішча. Потым была чарга музычнага тэатра “Рада”. А закончылася ўсё неонавай дыскатэкай. Моладзь танцавала таксама віртуозна… Не, сапраўды, у нашых памідорах ёсць эфектыўныя вітаміны творчай бадзёрасці. Так што “Іўеўскаму памідору” быць і развівацца.
Святлана ЛУГІНА,
вядучы метадыст па асноўных жанрах аддзела метадычнай работы Іўеўскага цэнтра культуры і дасугу.
Фота з архіва Іўеўскага цэнтра культуры.