Натуральна, усе тры члены адной сям’і будуць вучыцца на розных факультэтах і на розных спецыяльнасцях. Так, сямейная пара плануе атрымліваць вышэйшую адукацыю на факультэце завочнага навучання па спецыяльнасці “Народная творчасць (народныя рамёствы)”, а іх дачка — на дзённым аддзяленні на факультэце культуралогіі і сацыякультурнай дзейнасці па спецыяльнасці “Сацыяльна-культурная дзейнасць”. Варта дадаць, што ўсе трое першакурснікаў паступілі не на платнае, а менавіта на бюджэтнае навучанне.
Дарэчы, у Наваполацку, дзе пражывае сям’я Раньшавых, пра будучае паступленне бацькоў і дачкі ў адну ВНУ ніхто не ведаў.
— Мы нікому не казалі пра тое, што разам з дачкой збіраемся сёлета паступаць у БДУКМ, вырашылі захаваць таямніцу, — адзначыў “К” Аляксандр Раньшаў. — Але цяпер, пасля залічэння ва ўніверсітэт, нас віншуюць усе, прычым і сябры, і суседзі, і знаёмыя на працы. Што і казаць, гэта вельмі прыемна!
Аляксандр і Кацярына Раньшавы са сферай культуры звязаны, да слова, не першы год — яшчэ ў далёкім 2000 годзе яны скончылі Віцебскае вучылішча мастацтваў па спецыяльнасці “Жывапіс”. І вось ужо каля 15 гадоў займаюцца дызайнам мэблі і інтэр’еру, працуючы на прадпрыемстве “Мастак-Сэрвіс” у Наваполацку.
— Так склалася сітуацыя, што атрымаць вышэйшую адукацыю па розных прычынах нам, бацькам, не ўдалося, але гэта было нашай даўняй марай, — кажа Аляксандр Раньшаў. — Мы разам з дачкой сёлета наведалі “Дзень адчыненых дзвярэй у БДУКМ”, дзе і пачулі пра кафедру народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Тады Дар’я, якая хацела навучацца на спецыяльнасці “Сацыяльна-культурная дзейнасць”, і прапанавала паспрабаваць паступаць ва ўніверсітэт усім разам, што мы, уласна кажучы, і зрабілі.
Па словах Аляксандра Раньшава, і яму, і жонцы пастаянна хочацца ствараць што-небудзь сваімі рукамі, а дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, народныя рамёствы — гэта менавіта той від дзейнасці, які вельмі блізкі ім і дапамагае раскрыць у поўнай меры ўласны творчы патэнцыял.
Што ж, як кажуць, вучыцца ніколі не позна, нават у сталым узросце. А калі яшчэ ад паспяховай вучобы залежыць здзяйсненне тваёй даўняй мары, дык навучанне робіцца нашмат лягчэйшым і цікавейшым.
Дарэчы, Кацярына Міхайлаўна ў вольны ад працы час робіць роспіс адзення, а таксама вядзе свой блог у сацыяльных сетках. Ёсць сваё хобі і ў Аляксандра Фёдаравіча, які, акрамя дызайну, займаецца жывапісам і мае ў сваёй мастацкай калекцыі ўжо дзясяткі ўласна зробленых карцін. Так што творчыя памкненні гэтых двух таленавітых людзей здаўна ўвасабляюцца ў рэальнасці. І, што вельмі верагодна і зразумела, робяцца прыкладам для іх дзяцей.
Да слова, як паведамляецца на сайце БДУКМ, сям’я Раньшавых падчас правядзення ўступных выпрабаванняў выглядала проста бліскуча. Кожны з членаў сям’і прадэманстраваў глыбокія веды праграмнага матэрыялу, а таксама дасканала выканаў экзаменацыйныя заданні на кожным з трох этапаў па дысцыпліне “Творчасць”, выявіўшы грунтоўныя навыкі і ўменні ў дадзенай галіне творчай дзейнасці.
Рэктар універсітэта Наталля Карчэўская асабіста павіншавала ўсіх членаў творчай сям’і Раньшавых з паступленнем у БДУКМ і пажадала поспехаў у вучобе. Цяпер перад імі, як і перад сотнямі іншых першакурснікаў БДУКМ, адкрыты ўсе дарогі да навучання і да новых поспехаў у творчасці.