Капыль маладзейшы за Полацк, які з’яўляецца калыскай нашай дзяржаўнасці, але старэйшы за сучасную сталіцу краіны — Мінск. Як і ў большасці гарадоў Беларусі, што перажылі ваеннае ліхалецце і сумніўныя сацыяльныя эксперыменты, у Капылі мала што захавалася ад спадчыны мінулых стагоддзяў.
Паводле вонкавага аблічча гэта збольшага тыповы савецкі райцэнтр са стандартнай забудовай і ўласнымі сядзібамі побач з цэнтрам.
Свята пісьменства паспрыяла добраўпарадкаванню горада. На ходніках пакладзена новая плітка. На праезджай частцы — новы асфальт. На час свята парк упрыгожаны арыгінальнымі прасторавымі кампазіцыямі. А яшчэ ў горада з’явіўся новы помнік. Гэта скульптурная выява рамесніка з партрэтнымі рысамі Цішкі Гартнага. На думку аўтара помніка Паўла Вайніцкага, такая вольная інтэрпрэтацыя вобраза слыннага літаратара дае магчымасць п\радставіць яго адначасова ў некалькіх іпастасях, важных для разумення ягонай творчасці і варункаў лёсу.
На момант візіту ў Капыль нашага карэспандэнта ў парадны партрэт горада ўносіліся апошнія штрыхі…