У Каледжы імя Глебава (тыя, хто там вучыўся за савецкім часам, звыкла ўзгадваюць яго як вучэльню) навучаюць па чатырох спецыяльнасцях. Гэта “Жывапіс”, “Дызайн”, “Скульптура”, “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (кераміка)”. Сярэдні конкурс па ўсіх спецыяльнасцях і формах навучання склаў 3, 8 чалавека на месца. Найбольшы попыт мае спецыяльнасць “Дызайн” — 17, 8 чалавека на месца на навучанне за кошт бюджэтных сродкаў. Пры гэтым трэба браць да ўвагі, што ў нашай краіне не рыхтуюць-дызайнераў — педагогаў з вышэйшай адукацыяй. А гэта стварае цяжкасці з падборам педагагічных кадраў і, зразумела, з захаваннем высокага ўзроўню падрыхтоўкі навучэнцаў.
А вось самы нізкі конкурс па спецыяльнасці “Скульптура”. Толькі адзін-два чалавека на бюджэтнае месца. Гэта можна тлумачыць той акалічнасцю, што мастацкі школы як базавая ступень усёй мастацкай адукацыі па гэтай спецыяльнасці не рыхтуюць.
Каб выправіць сітуацыю, паспрыяць цікавасці да прафесіі скульптара каледжам распрацаваны каталог “Глебаўка — Мінску”, дзе распавядаецца пра знакамітых выпускнікоў-скульптараў і пра іх творы, што ўпрыгожваюць горад. Дарэчы, у вышэйшых навучальных установах мастацтва падобныя праблемы. Дызайн, на які калісьці паступалі тыя, у каго былі малыя шанцы патрапіць на мастацкі факультэт, сёння больш запатрабаваны, больш прывабны для абітурыентаў, чым трыяда жывапіс-графіка-скульптура. Чамусьці работа за кам’ютарам — галоўным інструментам дызайнера, успрымаецца больш прэстыжнай і грашавітай, чым патрабуючая значных фізічных высілкаў праца мастака ў традыцыйным разуменні гэтай прафесіі.
Сёлета каледж упершыню набіраў навучэнцаў на спецыяльнасць “Мастацкая кераміка”. Керамісты, трэба думаць, змогуць нейкім чынам запоўніць дзялянку, якую з пэўных прычын пакідаюць скульптары. А паўстала гэта ідэя з рэалізацыі праекта “Калейдаскоп рамёстваў нашай радзімы”. Праект спрыяў цікавасці моладзі да традыцый беларускай керамікі. Добры прыклад крэатыўнага падыходу да вырашення надзённага пытання. Навучальная ўстанова сама фарміруе сваіх жа абітурыентаў.
Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў з моманту ўтварэння падрыхтаваў звыш 6000 спецыялістаў для дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. харэаграфіі, музыкі ўвогуле і для эстрады канкрэтна, рэжысуры святаў і абрадаў. Мяркуючы па статыстыцы, большасць выпускнікоў працягваюць навучанне ў беларускіх ВНУ. Вынікі сёлетніх уступных іспытаў: абітурыентаў найбольш цікавіць народны і эстрадны танец, эстрадныя спевы, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва на глебе нацыянальных традыцый. А вось рэжысура народных святаў цікавіць не надта… А ці даўно менавіта гэта спецыяльнасць лічылася найбольш запатрабаванай ў вясковых і раённых дамах культуры. Мабыць, штосьці змянілася ў самой сацыяльнай структуры паселішчаў за Мінскай кальцавой дарогай.
Паколькі ў адпаведнасці з грамадскімі запытамі ўскладняюцца навучальныя праграмы, з’яўляюцца новыя прадметы і тэмы, паўстае праблема новых аўдыторый і майстэрняў, новага абсталявання і, зрэшты падвышэння кваліфікацыі выкладчыцкіх кадраў. Педагогі мусяць мець аптымальную нагрузку і камфортныя ўмовы працы. Навучэнцы маюць патрэбу ў тым, каб да кожнага з іх ставіліся індывідуальна, бралі да ўвагі асаблівасці іх характараў і творчых памкненняў. Пры гэтым яны мусяць атрымліваць вывераныя часам веды і навыкі. Заўжды складана суаднесці традыцыі і навацыі, дысцыпліну і свабоду.
Сёлета каледжу перададзены будынак, што належаў Нацыянальнаму банку. У ім будуць абсталяваныя класы і майстэрні для навучання па розных відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Кожны, хто вучыўся спецыяльнасці, ведае, што з абаронаю дыплома праблемы не заканчваюцца. Толькі пачынаюцца. І першая сярод іх — пытанне сацыяльнай запатрабаванасці прадстаўніка творчай прафесіі.
Пытанне ёсць. Будзем спадзявацца, што і адказ знойдзецца.