Па словах дырэктара ўстановы Людмілы Аніскінай, тут робіцца ўсё магчымае, каб прасунуць здольную моладзь на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Дамагаюцца раскрываць таленты кожнага вучня выкладчыкі васьмі аддзяленняў. І насамрэч сярод іх створана здаровая атмасфера спаборніцтва.
Самае маладое аддзяленне — харэаграфічнае, створанае ў 2018 годзе маладымі спецыялістамі з Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы. Але ўжо цяпер тут вучацца 50 маленькіх танцораў.
Яшчэ адно — мастацкае, дзе займаецца амаль пятая частка ад усіх навучэнцаў. Вікторыя Заруба, малады спецыяліст, якая адпрацавала тут год, распавядае, што ў школе ёсць традыцыя, калі за маладым супрацоўнікам замацоўваюць старэйшага выкладчыка. Гэта дапамагае шукаць агульную мову з дзецьмі на прыкладзе дасведчанага педагога. І, канечне, кажа Вікторыя, вучань сам павінен імкнуцца пераняць веды ў настаўніка.
Касцяк школы, самае моцнае аддзяленне, па словах дырэктара Людмілы Аніскінай, — фартэпіяннае. Працуюць тут 16 выкладчыкаў рознага ўзросту, большасць з якіх выпускнікі гэтай школы. Дарэчы, у Лідскім дзяржаўным музычным каледжы, куды ў асноўным арыентуюцца паступаць навагрудскія выпускнікі-музыкі, таксама прызнаюць моцную падрыхтоўку гэтай школы.
Доўга можа расказваць пра народна-струннае аддзяленне Людміла Аніскіна, бо і сама цымбалістка. Яна выкладае дасюль, сумяшчаючы адміністратыўную работу з музыкай. Наогул у дырэктара школы цікавы лёс: паступіўшы з Асіповічаў у Лідскі каледж мастацтваў, а пасля размеркаваўшыся ў Навагрудак, так і засталася тут. Акрамя цымбалаў, на аддзяленні вучаць асвойваць ігру на домбры, балалайцы, гітары. Самыя таленавітыя дзеці выступаюць ва ўзорным ансамблі “Каляровыя ноткі”. Адзін з вучняў, Іван Навагран, атрымліваў матэрыяльную дапамогу фонду Прэзідэнта некалькі год запар.
Тэарэтычна-харавое аддзяленне таксама мае традыцыі выхавання таленавітай моладзі. Каб навучэнцы лепей засвойвалі такія “сумныя” прадметы, як сальфеджыа і тэорыя музыкі, у Навагрудскай школе мастацтваў праводзяцца адмысловыя алімпіяды. Удзельнічаюць у іх могуць жадаючыя ўсіх узростаў і нават дзеці з іншых раёнаў. Таксама ў Навагрудку прыдумалі, як сумясціць цікавасць да камп’ютараў сучаснай моладзі і навучанне тэорыі музыкі. Навучэнцаў просяць падрыхтаваць да конкурсаў прэзентацыі на цікавую для іх тэму.
Вядома, збольшага хлопчыкі наведваюць духавое аддзяленне, бо, каб здабываць гук з гэтых інструментаў, патрэбны моцныя лёгкія. Можна абраць для сябе ўдасканаленне ведаў на флейце, трубе, трамбоне, кларнеце, саксафоне. Таксама “вытанчанае” аддзяленне Навагрудскай школы мастацтваў — струнна-смычковае. Тут займаецца 45 чалавек пры 4 настаўніках.
Заслужана карыстаецца ўвагай народна-клавішнае аддзяленне, дзе выкладаюць баян і акардэон. Займаюцца тут і дзеці з філіялаў школы ў вёсках Ладзенікі, Гарадзечна, Усялюб.
Вядома, для стварэння прадуктыўнай творчай атмасферы ўсе настаўнікі супрацоўнічаюць, удзельнічаюць у адборы самых маленькіх дзяцей на клас сваіх інструментаў. Дырэктар Людміла Аніскіна можа прыгадаць кожнага навучэнца, а гэта каля шасцісот пяцідзесяці чалавек! Адметная рыса гэтай школы — прагляд моладзі на ўсіх творчых пляцоўках горада, каб запрасіць да сябе самых таленавітых. А за пераможцамі конкурсаў і стыпендыятамі фонду таленавітай моладзі стаяць і звычайныя хлопчыкі і дзяўчынкі, якія навучыліся валодаць інструментамі і атрымалі музычную адукацыю. Таксама дзеля лепшага засваення матэрыялу выступаць на сцэне разам з дзецьмі запрашаюць і іх бацькоў. За што можна сказаць толькі асобны дзякуй усім педагогам.