Магічная справа каваля

№ 35 (1526) 27.08.2021 - 03.09.2021 г

Складнікі любімай прафесіі
Горн распалены да патрэбнай тэмпературы. Агеньчыкі полымя літаральна заварожваюць пякучымі фарбамі, якія быццам пераліваюцца, — так і хочацца гэта сугучча колераў перанесці на палатно. Праўда, волат-каваль наўрад звяртае ўвагу на гэту прыгажосць. Яго погляд накіраваны на шчыпцы, у палоне якіх — металічная нарыхтоўка. Пакуль гэта яшчэ кавалак металу, які неўзабаве можа ператварыцца ў сапраўдны шэдэўр…

/i/content/pi/cult/865/18350/6.jpgРыцары і Дамы

Цікавасць да кавальскай справы ў Анатоля Вяршковіча ўзнікла яшчэ ў 17-гадовым узросце, калі ён вучыўся ў Мар’інагорскім сельскагаспадарчым тэхнікуме на тэхніка-механіка. Там былі заняткі па кавальскай справе. “Помню, выкаваў імітацыю мяча, — успамінае Анатоль Іванавіч. — А як заняткі скончыліся, мы з аднакурснікам працягвалі ў кузню хадзіць. Малатабойцамі былі. Такая вось у юнацтве цікавасць зарадзілася і магчымасць дадаткова да стыпендыі рубель мець. У асноўным мы кавалі мэблю — крэселкі, лаўкі”.

Пасля тэхнікума кавальскай справай шмат гадоў Анатоль не займаўся. Успомніў пра яе недзе ў сярэдзіне 2000-х. Гісторыя Сярэднявечча вярнула цікавасць да молата і кавадлы. “Захапіўся каваннем, калі захацеў зрабіць сабе поўны камплект рыцарскага ахоўнага рыштунку. У свежых даспехах паехаў на свой першы рыцарскі фестываль, дзе пазнаёміўся з кіраўніком сталічнага гістарычнага клуба “Княжы Гуф” Фёдарам Міхеевым. Ён падштурхнуў мяне да стварэння рыцарскага клуба ў Смаргоні. Неўзабаве на базе Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі з’явілася “Смаргонская харугва”, якая праіснавала восем гадоў”.

Яго ўдзельнікі — рамантыкі і аматары гісторыі — займаліся вывучэннем і рэканструкцыяй рыцарскіх даспехаў і касцюмаў часоў Сярэднявечча і Адраджэння, а таксама ездзілі на турніры і фестывалі. “Мы багацеі былі — мелі шэсць поўных камплектаў рыцарскага рыштавання”, — робіць важны акцэнт Анатоль. Выступленні смаргонскіх рыцараў былі таксама цудоўным прадаўжэннем канцэртаў, якія гурт сярэднявечнай музыкі “Стары Ольса” даваў на сядзібе ў Ашмянскім раёне.

У клубе былі не толькі хлопцы, але і дзяўчаты. Дзве. Адна з іх — дачка кіраўніка клуба Анастасія. Без Цудоўных Дам ніводны рыцарскі турнір не абыходзіўся. “Мая дачка таксама моцна зацікавілася Сярэднявеччам, я ёй сам, памятаю, сукенку пашыў, яна танцы сярэднявечныя развучыла… — усміхаецца суразмоўца. — Жонку ўцягнуць у рыцарства не атрымалася. Але Ірына мяне ўвесь час падтрымлівала — і я ёй за гэта вельмі ўдзячны”.

Меч патрымаць

Пра захапленне Анатоля Іванавіча ведаюць і на рабоце. Таму не дзіўна, што ў 2010-м, да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы, каля аўтазаправачнай станцыі № 42 (паблізу “Еўраопта”), дзе Анатоль Вяршковіч працуе аператарам, была ўстаноўлена фігура рыцара. Яе мой суразмоўца выразаў з сілікатнага блока. Рыцар і дагэтуль стаіць — як візітоўка, як апазнавальны знак АЗС.

“Смаргонскай харугвы” няма, а цікавасць да мінулага ў Анатоля Вяршковіча засталася. Гасцям, якія бываюць у яго на лецішчы, гаспадар прапаноўвае пастраляць з лука, пакідаць сякеры, патрымаць у руках меч, прымераць рыцарскі шлем, памацаць кальчугу… Лецішча Вяршковічаў нагадвае музей, дзе захоўваецца шмат цікавых гістарычных экспанатаў, сярод іх — кніга “Апостал”, час выдання якой пакуль не ўстаноўлены, але бачна, што ёй — некалькі стагоддзяў. Пачынаеш гартаць рэліквію — і адразу пагружаешся ў старажытнасць.

Анатоль Іванавіч апошнім часам зацікавіўся яшчэ і гісторыяй Першай сусветнай вайны. У касцюме салдата германскай арміі ўдзельнічае ў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі падзей стагадовай даўніны.

Майстар куе, а жалеза пяе

Лецішча Вяршковічаў можна яшчэ назваць і музеем кавальскай справы, якой цяпер Анатоль Іванавіч прысвячае практычна ўвесь вольны час. Пра яе мужчына можа таксама распавядаць гадзінамі.

“Калі пачалася пандэмія і адмяняліся рыцарскія фестывалі, я знайшоў сябе ў кузні. Работа каваля — цяжкая, карпатлівая, але захоплівае неймаверна”, — прызнаецца майстар.

Акрамя невялікай майстэрні, увагу наведвальніка прыцягваюць каваныя рэчы — жырандоль, мэбля, навесы, карнізы, вароты, жыкавіны (фігурныя петлі на дзвярах, якія раней называліся жукавінамі, таму што ў іх дэкоры можна было лёгка разглядзець вусы жука), алебарды, сувеніры… “Каб жонку завабіць у агарод, я ёй сланечнікі выкаваў, — праводзіць для нас экскурсію Анатоль Іванавіч. — А на такім мангале шашлыкі атрымліваюцца самыя смачныя”. Наконт смаку шашлыкоў не сумняваюся. Мой позірк спыняецца на “шашлычнай” — углядаюся ў кожную яе дэталь: дах, “сцены”, мангал, зроблены ў выглядзе куфра. Неймавернае майстэрства творцы. Дарэчы, калі мы ехалі да майстра, то яго лецішча з дарогі пазналі па флюгеры на лазні.

Увогуле кожную рэч на лецішчы (нават цяпліцу, прыбіральню ці сховішча для дроў) можна разглядаць як цікавы арт-аб’ект. Без сумневу, гэта вотчына сапраўдных эстэтаў.

Я яшчэ не згадала пра сувенірныя манеты, якія з нядаўняга часу “выпускае” Анатоль Вяршковіч. Яны прысвечаны вядомым старонкам гісторыі Смаргоншчыны. На манетах адлюстраваліся Мядзведж­ая акадэмія, Міхал Клеафас Агінскі, яго сядзіба-музей, вобразы салдатаў Першай сусветнай вайны, Кальвінскі збор (архаічны варыянт), касцёл Святога Міхаіла Архангела (сучасны выгляд).

Залатыя рукі

…Майстэрства каваля заўсёды лічылася магічным дзякуючы яго ўладзе над агнём і металам. Старажытнагрэчаскі Гефест быў кавалём, які вырабляў маланкі для самога Зеўса. У старажытных славян маланкі каваў бог-грамавік Пярун, а гром у час навальніцы — гэта гукі, які атрымліваюцца ад стуку молата па кавадле.

У беларускім народным календары нават было свята кавалёў. Яго адзначалі 14 лістапада. Такім чынам народ выказаў падзяку людзям, якія займаліся коўкай металу. Даўней навучанне кавальскаму рамяству працягвалася ад 3 да 7 гадоў. Пасля гэтага вучні станавіліся чаляднікамі або падмайстрамі. Для атрымання статусу майстра неабходна было выкаваць пэўны выраб (“зрабіць штуку”).

На Беларусі кавальства вядомае з жалезнага веку. Пашырылася яно ў ХІ-ХІІІ стагоддзях. З жалеза рабілі рэчы гаспадарчага прызначэння. Тады кавальствам звычайна займаліся гарадскія рамеснікі. У ХVІ стагоддзі ўзніклі першыя кавальскія цэхі. Пераважная большасць гарадскіх майстроў працавала ў сферы манументальнага будаўніцтва (выраблялі агароджы, балконы, лесвічныя парэнчы, алтарныя перагародкі, крыжы, флюгеры).

У ХІХ стагоддзі з развіццём прамысловасці кавальства ў гарадах заняпала. Перабралася ў вёску. Там каваль задавальняў гаспадарчыя патрэбы насельніцтва. Для яго работ будавалі асобнае памяшканне – кузню, у якой былі горн і неабходныя кавальскія інструменты. З глыбокай павагай ставіліся да каваля людзі, лічылі яго волатам, у якога рукі ў золаце. Гледзячы на вырабы, якія па-майстэрску стварае Анатоль Вяршковіч, разумееш, што народ не памыляўся, калі гаварыў пра залатыя рукі каваля.

Галіна АНТОНАВА,

Смаргонь.

Фота аўтара.