Як паведаміў Уладзімір Карачэўскі, ужо адбыліся першыя пасяджэнні аргкамітэта і рабочых груп, зараз на базе кінастудыі ствараецца дырэкцыя, збіраецца штат, вызначаюцца праграмныя дырэктары конкурсаў фестывалю — у верасні кінастудыя будзе гатовая абвясціць поўны спіс тых, хто будзе працаваць над “Лістападам”. Тэрміны фестывалю трохі пасунуты на канец месяца — “Лістапад” пройдзе з 20 па 26 лістапада — каб мець больш часу для падрыхтоўкі.
“За гісторыю фестывалю гэта будзе ўжо трэцяя дырэкцыя, што займаецца яго правядзеннем, — зазначыў Уладзімір Карачэўскі. — Мы працягнем лепшыя традыцыі нашых папярэднікаў, але ж адбудзецца і некаторы рэбрэндынг”.
Сярод іншага, будзе заменены лагатып, але асноўныя змены тычацца рэгламенту фестывалю. Калі раней “Лістапад” быў акрэдытаваны FIAPF — Міжнароднай федэрацыяй асацыяцый кінапрадзюсараў — як спецыялізаваны фестываль фільмаў краін Балтыі, Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Азіі і Кубы — умоўна кажучы, краін былога сацыялістычнага лагера, то сёлета ад гэтага падыходу вырашана адмовіцца і геаграфію ўдзельнікаў нічым не абмяжоўваць. Тым не менш, Уладзімір Карачэўскі засведчыў, што на гэты момант “Беларусьфільм” працуе ў шчыльным кантакце з FIAPF: “Мы спадзяемся атрымаць ад іх акрэдытацыю. Калі сёлета з якіх-небудзь прычын гэта не ўдасца, то ў наступным годзе ўжо адназначна. Мы ўсё ж разлічваем, што, як і ў папярэднія гады, наш фестываль будзе ўваходзіць у каталог міжнародных фестываляў”.
Заяўкі на ўдзел у “Лістападзе” прымаюцца да 30 верасня, конкурс адбудзецца па чатырох катэгорыях — ігравога, дакументальнага, дзіцячага і так званага “маладога” кіно. Нацыянальнага беларускага конкурсу сёлета не будзе. Зараз аргкамітэт актыўна рассылае запрашэнні да ўдзелу ў фестывалі, адгледжвае фільмы, каб сфарміраваць праграму. Але і ў падыходзе да конкурснай праграмы ёсць змены. Як і раней, “Лістапад” застаецца “фестывалем фестываляў” — то-бок у ім будуць прымаць удзел стужкі, створаныя за апошнія паўтара года, адзначаныя на міжнародных кінафестывалях і вартыя высокай адзнакі кінематаграфістаў і гледачоў. Але генеральны дырэктар кінастудыі “Беларусьфільм” Уладзімір Карачэўскі патлумачыў сэнс перамен:
— У першую чаргу мы вітаем тэму гуманізму, тэму захавання каштоўнасцей, захавання міру. Гэта павінна быць кіно, якое працуе на стварэнне, якое дае людзям надзею і веру, незалежна ад таго, драма гэта ці камедыя, трагедыя ці экшн. Усё роўна кіно павінна несці нешта светлае. Мы не кажам, што мы забараняем сацыяльнае кіно, але разам з тым мы павінны больш казаць пра гуманізм і захаванне нейкіх рэчаў, да якіх чалавецтва ішло тысячы гадоў.
І яшчэ Уладзімір Карачэўскі зазначыў: “Мы плануем зрабіць фестываль больш глядацкім. Не трэба забывацца, што кіно робіцца для гледачоў. Хочацца, каб людзі хадзілі ў кіно з задавальненнем. Мы хочам зрабіць свята для людзей, якія любяць кіно, свята для тых, хто хоча сябраваць з нашай краінай, хто хоча прадставіць наша кіно…”
На XXVII Мінскім міжнародным кінафестывалі “Лістапад” плануецца і насычаная пазаконкурсная праграма: гледачы ўбачаць рэтраспектыву фільмаў рэжысёра Віктара Турава, прысвечаную 85-годдзю з дня яго нараджэння, і “залатую калекцыю” беларускай анімацыіі ў гонар яе 50-годдзя. Акрамя таго, адбудуцца паказы праграмы “Кіно сяброў” з работ кінакампаній-партнёраў “Беларусьфільма”, і асаблівая ўвага будзе нададзена тэме 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Фільмы, заяўленыя на конкурс, убачаць не толькі ў сталічных кінатэатрах (а асноўнымі фестывальнымі кропкамі па-ранейшаму будуць кінатэатры “Масква”, “Цэнтральны”, “Беларусь”, Піянер”), але і ў рэгіёнах Беларусі.
Уладзімір Карачэўскі зрабіў акцэнт на наступным:
— Калі раней фестываль быў месцам, дзе гледачоў знаёмілі з кіно, дзе сустракаліся кінакрытыкі, рэжысёры, то зараз праз фестываль мы плануем больш актыўна прасоўваць нашу краіну, магчымасць працы з нашай краінай, магчымасці здымак у нашай краіне, нашу гатоўнасць да работы ў капрадукцыі, кааперацыі. Таму ў пазаконкурснай праграме ў нас будзе такое мерапрыемства, як прэзентацыя праграмы “Беларусь. Кіно здымаецца тут” — сумесна з іншымі беларускімі кінакампаніямі мы прадэманструем магчымасці здымак у нашай краіне. Мы зацікаўленыя ў тым, каб у нас з’явіліся новыя партнёры, гатовыя супрацоўнічаць з Беларуссю і беларускімі кінематаграфістамі.