Капліца ў Радкоўшчыне

№ 34 (1525) 21.08.2021 - 28.08.2021 г

Аднымі з самых важных на зямлі для нас з’яўляюцца месцы, дзе знайшлі апошні спачын нашы продкі. Здараецца, што тых могілак ужо няма, або самі месцы пахавання ўжо не знайсці, але недзе ў падсвядомасці жыве пачуццё — “там, у тым гайку, яны…”. Такім месцам для славутага беларускага кампазітара Станіслава Манюшкі, якога яшчэ называюць “бацькам беларускай оперы”, быў невялічкі пагорачак блізу вёсцы Радкоўшчына. Там, дзе сярод соснаў, у маляўнічым кутку Смалявіцкай зямлі, стаяла каплічка-пахавальня ягоных бацькоў. Сёння на гэтым месцы яміна, зарослая крапівой…

/i/content/pi/cult/864/18341/26.jpgДва гады таму ў Беларусі на дзяржаўным узроўні было гучна адзначана 200-годдзе з Дня нараджэння Станіслава Манюшкі (1819-1872). Да гэтага часу на вуліцах Мінска стаяць бігборды, з якіх на мінакоў пазірае сам кампазітар. Часам падаецца, што пазірае з падзякай за памяць. Але ці сапраўды ў Беларусі, на радзіме славутага сусветна вядомага кампазітара, яго шануюць заўсёды належным чынам? Раз-пораз, хоць і не так часта ладзяцца імпрэзы, канферэнцыі. Нават экскурсіі па мясцінах Манюшкі. У Мінску на плошчы Свабоды ёсць і помнік Станіславу Манюшку і Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу. Але можна ж было зрабіць і іншае. Напрыклад, надаць ганаровае імя Станіслава Манюшкі нашай вышэйшай музычнай установе — Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Добрым прыкладам шанавання свайго могуць служыць — Адэская нацыянальная музычная акадэмія імя А. В. Няжданавай, Нацыянальная музычная акадэмія Украіны імя Пятра Чайкоўскага, Маскоўская дзяржаўная кансерваторыя імя П. І. Чайкоўскага, Акадэмія музыкі імя Ф. Шапэна ў Варшаве, Санкт-Пецярбургская дзяржаўная кансерваторыя імя М. А. Рымскага-Корсакава.

Але за развагамі мы трошкі збочылі з магістральнага шляху…

Вёска-прывід

Маёнтак Манюшкаў у Радкоўшчыне не раз прыцягваў цікавасць нашай газеты. Пісалі мы пра неверагодную знаходку — зробленае ў 1827 (!) годзе каменнае крэсла Дамініка Манюшкі, якое было знойдзена на ўзбочыне дарогі, засыпанае жвірам (№7, 2020). Пісала “К” і пра талаку, якую мы правялі ўлетку 2019 года на могілках, расчышчаючы падмуркі капліцы-пахавальні Манюшкаў.

Увогуле, нароўні з Убелем на Смілавіччыне, дзе нарадзіўся кампазітар, Радкоўшчына ў “манюшкіяне” бясспрэчна займае адно з самых важных месцаў. Па-першае, таму што дзядзька Станіслава, Дамінік Манюшка (1788-1848), наважыўся на правядзенне ў сваім маёнтку неверагоднага па тых часах (гаворка, пра пачатак ХІХ стагоддзя) сацыяльнага эксперымента — вызваліў ад класічнага прыгону сялянаў у межах сваіх уладанняў і пабудаваў для сялянскіх дзяцей дзве школы. У той час, як тыя, хто лічыў прыгон недатыкальнай святыняй, смяяліся з Манюшкі. Але ж слава пра гэтыя школы разнеслася па ўсёй Расійскай імперыі! Больш дальнабачныя людзі з вышэйшых колаў улады прапанавалі распаўсюдзіць гэты вопыт і ў іншых мясцінах. Праўда, у 1838 годзе смелы эксперымент быў забаронены — тым не менш, справы гэтага годнага чалавека і яго ўчынак засталіся ў памяці нашчадкаў.

Яшчэ Радкоўшчына вядома тым, што тут жыў не толькі сам Дамінік, але і яго браты. А таксама маці, Ева, з роду Вайніловічаў. Памятны камень, усталяваны ў 1861 годзе бацькам кампазітара Чаславам Манюшкам (1790-1870) у Радкоўшчыне, цудам захаваўся. Праўда, сёння “валяецца” ў прыдарожнай канаве, здаецца, нікому, не патрэбны.

/i/content/pi/cult/864/18341/27.jpgЗразумела, што з дзіцячых гадоў бываў там і Станіслаў. Пазней, ужо стаўшы главой шматлікай сям’і, Станіслаў Манюшка адпраўляў на вакацыі ў Радкоўшчыну да сваіх бацькоў, жонку і дзетак. Бо пасля страты Убеля і смерці Дамініка Радкоўшчына стала цэнтральнай сядзібай Манюшкаў. Пасля смерці Часлава Манюшкі маёнткам валодаў сам Станіслаў. А пасля смерці апошняга яго жонка Аляксандра з Мюлераў, якая жыла ў Варшаве, прадала непатрэбную ёй спадчыну.

У 1944 годзе вёска і маёнтак былі знішчаны дарэшты. І ўжо не аднаўляліся. З усіх памятак пра тое, што тут была славутая сядзіба, што менавіта тут маленькі Станіслаў, сідзячы на каменным крэсле, складаў свае першыя музычныя творы, — засталіся толькі старая лістоўніца, падмуркі сядзібы (у якіх корпаюцца чорныя капальнікі), камень бабулі кампазітара ды могілкі. Тут жа захавалася надмагілле Андрэя Кляніцкага (лепшага вучня, а потым выкладчыка ў адной са школ Дамініка Манюшкі) і падмуркі капліцы, заваленыя зямлёй , галлём і зарослыя крапівой.

Капліца-пахавальня бацькоў Станіслава Манюшкі

З канца ХVIII стагоддзя прадстаўнікоў роду Манюшкаў хавалі або ў крыпце касцёла ў Смілавічах, або на парафіяльных могілках. Малалетнія дзеці дзеда кампазітара, таксама Станіслава Манюшкі (1734-1807), сам кампазітар, яго жонка і дзядзькі, згодна з метрычнымі сведчаннямі, пахаваны ў Смілавічах.

У 1850 годзе гэтая традыцыя была парушана. Памерлую жонку, Альжбету з Маджарскіх (славуты род, якому мы абавязаны брэндам “Слуцкія паясы”), Часлаў Манюшка пахаваў насупраць сядзібы, на вясковых могілках. А пазней на гэтым месцы з’явілася каменная каплічка. Яе выгляд вядомы з малюнкаў ХІХ-га і фотаздымка ХХ стагоддзяў. Там жа, у 1870 годзе, мусіў быць пахаваны і сам Часлаў. Калі б Станіслаў Манюшка не быў вымушаны пад ціскам абставінаў беззваротна з’ехаць у Варшаву, магчыма, і яго пахавалі б побач з бацькамі. Сумуючы па жонцы, якая даволі рана зышла з гэтага свету, Часлаў не раз маляваў гэту каплічку, якую было бачна з пагорка, на якім стаяла сядзіба. Маляваў яе і сын кампазітара Ян Часлаў Манюшка, вядомы мастак.

Што рабіць

Доўгі час, асабліва за савецкім часам, імя Станіслава Манюшкі на яго радзіме, не згадвалася або амаль не згадвалася. Пазней, клопатам нешматлікіх манюшказнаўцаў, ён усё ж знайшоў сцяжынку да роднай Беларусі. І сёння кожны беларускі музыкант, гісторык, ці проста адукаваны чалавек яго імя ведае. Але ў параўнанні з той славай, якую ён атрымаў на чужыне, у Польшчы, мы яшчэ толькі ў пачатку шляху да асэнсавання значнасці яго асобы.

Тым не менш, мясціны Манюшкі цікавяць беларусаў і замежнікаў. У Смілавічы, дзе палац Манюшкаў, у той жа згаданы вышэй Убель едуць аўтобусы экскурсій, хоць там на месцы знішчанай сядзібы ёсць толькі памятны камень, у Алесіна, куды перанеслі з Радкоўшчыны памятныя камяні Дамініка Манюшкі (улучна з каменным крэслам). Але паказаць ім могілкі ў Радкоўшчыне, дзе на месцы магілы бацькоў кампазітара знаходзіцца… невялічкі такі “сметнік”, думаю, не кожны экскурсавод наважыцца.

Што ж можна зрабіць? На думку тых, каму асоба Станіслава Манюшкі не абыякава і хто займаецца папулярызацыяй яго творчасці не адзін дзясятак год, капліцу тую неабходна аднавіць. Такой думкі трымаюцца, прыкладам, вядомы оперны спявак спадар Віктар Скарабагатаў, кіраўнік “Музычнай капелы”, спадарыня Святлена Немагай, музыказнаўца і намесніца кіраўніка “Капэлы”, дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры спадарыня Зінаіда Кучар, вядомы музыкант і дырыжор Аляксей Фралоў і многія іншыя. У тым ліку, вядома ж, і аўтар гэтых радкоў. Аднавіць яе было б нескладана. Не такая яна мудрагелістая ў архітэктурным плане, каб аднаўленне пераўтварылася ў даўгабуд.

А шляхі вырашэння гэтай праблемы, якая тычыцца міжнароднага прэстыжу нашай краіны, бачацца мне ў традыцыйных для такіх ініцыятыў рухах — правядзенне суботнікаў, археалагічных раскопак на месцы капліцы, збор архіўнай інфармацыі і пошук сродкаў. Ведаючы, што ў Беларусі лёгка вырашаюцца значна больш складаныя задачы, не думаю, што не знайшлося б ахвотных заняцца гэтай важнай місіяй. Нагадаю, у наступным годзе мы маем нагоду і шанец аддаць даніну памяці нашаму земляку — 150-я ўгодкі са дня смерці кампазітара, які з’яўляецца гонарам нашай беларускай зямлі. Чым не падстава заняцца капліцай ужо сёння?

А малая радзіма?

Рыхтуючы матэрыял пра памятныя дошкі вядомым музычным дзеячам (гл. “К” № 33, 2021) завіталі мы і ў Дзяржаўны музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, дзе паразмаўлялі з яго дырэктарам спадарыняй Зінаідай Кучар.

На думку спадарыні Кучар, памятныя дошкі, у тым ліку і на будынку музея (у народзе “Дом масонаў”) безумоўна важная справа. А сам спіс вядомых людзей, якія бывалі і жылі ў гэтым доме, і вартых згадкі (той жа паэт Тамаш Зан) мог бы заняць не адзін аркуш паперы.

Але ёсць адзін архіважны праект, які трэба згадаць. Гэта амбіцыйны праект аднаўлення сядзібы Манюшкаў ва Убелі. Сядзібы, дзе прыйшоў на свет Станіслаў Манюшка. Быў ён распрацаваны некалькі год таму, але да гэтага аніводзін камень не лёг у яго падмурак. Ці не прыйшоў час актывізавацца і ў гэтым накірунку? Інтэрв’ю са спадарыняй Кучар пра тое, як зрушыць гэты воз з месца, мы апублікуем бліжэйшым часам.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар