“Настальгічныя пейзажы” Анатоля Сураўца

№ 34 (1525) 21.08.2021 - 28.08.2021 г

Калі прыгледзіцца да работ самадзейнага смаргонскага мастака Анатоля Сураўца, можна без падказкі заўважыць: восень — яго любімая пара года. І праз колькі хвілін падчас адкрыцця выставы “Мой родны кут” Анатоль Юльянавіч пацвярджае мае назіранні: “Багатая палітра фарбаў у восені. Розныя адценні… Я іх усе ведаю”.

/i/content/pi/cult/864/18334/14.jpg

Найбольш мастак любіць пейзажы. На думку швейцарскага пісьменніка Анры Ам’еля, кожны пейзаж ёсць стан душы. І з гэтай думкай згаджаецца Анатоль Суравец, калі расказвае, з якой любоўю, цікавасцю і нават болем ён стварае свае карціны.

“Далёкае. Адышоўшае”, “Гумно. Мінулае”, “Стары дом і дрэвы” — нават калі не бачыш карцін, а толькі чытаеш іх назвы, можна зразумець, пра што яны. Пра тое, што не вернеш, што можа неўзабаве знікнуць… Ствараючы свае работы, Анатоль Суравец, быццам летапісец, перадае нашчадкам гісторыю сваіх продкаў. “Пройдуць гады — і шмат з таго, што паказана на карцінах, не застанецца. А я ўсё гэта зберагаю ў сваім сэрцы і душы”, — зазначае мастак.

Навуковы супрацоўнік музея Вольга Самаркіна зазначыла: “Родная зямля — калыска, якая гайдае нас на хвалях жыцця. Яна падхоплівае, калі мы падаем, хавае ад усякіх нягод і жыццёвых непрыемнасцей, вучыць нас чалавечай дабрыні, узаемадапамозе, адданаму сяброўству і каханню. Любоў да роднай зямлі ёсць у кожнага з нас. Творчыя натуры адчуваюць гэта вастрэй і глыбей”.

Калі бліжэй знаёмішся з карцінамі Анатоля Сураўца, пачынаеш разумець, што яго работы — гэта ода родным мясцінам, вёсачцы Валойці Ашмянскага раёна, дзе ён нарадзіўся. На выставе, якую адкрылі напярэдадні 65-годдзя мастака, амаль на ўсіх работах — яго любімая Ашмяншчына.

Анатоль Юльянавіч жыве ў Смаргоні трыццаць гадоў, працаваў слесарам-інструментальшчыкам на заводзе аптычнага станкабудавання. Нядаўна пайшоў на заслужаны адпачынак. Практычна ўвесь свой вольны час ён прысвячае маляванню — любімаму занятку з дзяцінства. Са Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеем Анатоль Суравец супрацоўнічае з 1994 года. Экспанаваў свае работы на шматлікіх гарадскіх святах і мерапрыемствах. Яго выставы ладзіліся ў Ашмянах, Смаргоні, Мінску.

Цяпер у Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі прадстаўлены 29 работ мастака. Упадабаную можна набыць.

Галіна АНТОНАВА,

Смаргонь

Фота аўтара.