Дзякуючы ўдзельнікам свята, прадстаўнікам беларускай, польскай, цыганскай, яўрэйскай, татарскай нацыянальнасцяў, можна было пазнаёміцца з культурай і бытам тых народнасцяў, якія жылі ў мястэчку Мір у 20-30 гады мінулага стагоддзя.
Напрыклад, цыганы пасяліліся ў Міры ў другой палове XVIII стагоддзя. Тут нават знаходзілася рэзідэнцыя цыганскага старшыні Вялікага княства Літоўскага, якому кароль Радзівіл даў прывілей на вядзенне цыганскіх спраў і суд над імі.
Падчас свята артысты пераўвасобіліся ў цыганскі табар, які ўзначаліў барон, і радавалі гасцей танцамі, спевамі і, вядома ж, гадалі на лёс.
З 1921 па 1939 гады Мір знаходзіўся ў складзе Польшчы. Гэта наклала пэўную адзнаку на жыццёвы ўклад жыхароў мястэчка. Артысты, якія ігралі ролю прадстаўнікоў польскай народнасці, добра гэта прадэманстравалі на прыкладзе народных касцюмаў і спеваў. Так, і беларусаў, і палякаў шмат што яднае.
А калі паглядзець на нацыянальную кухню абодвух народаў, дык бачна, як часта раней беларусы і палякі хадзілі адны да другіх у госці.
На польскім падворку госці частаваліся бігасам (тушанай капустай), дранікамі, дамашняй каўбасой і печывам. Дырэктар Мірскай дзіцячай школы мастацтваў Вольга Ведзянеева спецыяльна на фестываль спякла пірог з карыцай і яблыкамі, рэцэпт якога перайшоў да яе ад бабулі-палячкі Ядзвігі Грамакоўскай. Яму не менш за 100 гадоў, і ён беражліва перадаецца ў сям’і з пакалення ў пакаленне.
Сусветную вядомасць мястэчку Мір калісьці прынесла вышэйшая равінская школа, якая рыхтавала равінаў не толькі для Еўропы, але і для Алжыра і Егіпта. У канцы XIX стагоддзя ў Міры больш за 60% насельніцтва складалі яўрэі, якія пераважна займаліся гандлем і пазыкамі. А яшчэ гэта быў надзвычай мудры народ, які ўмеў пажартаваць над сабой. Артысты Жухавіцкага Дома культуры выдатна гэта прадэманстравалі, прадставіўшы знакамітую сцэну суда цара Саламона над дзвюма жанчынамі, якія паспрачаліся з-за немаўляці.
Шэсць стагоддзяў таму ў Беларусі з’явіліся татары. Разам з беларусамі, літоўцамі і палякамі яны абаранялі нашу зямлю ад ворагаў. Беларускія татары ніколі не спрабавалі заваяваць важнае месца ў палітычным, эканамічным жыцці Беларусі. Улады Польшчы ў міжваенны перыяд да 1939 года вялі пэўную работу па аднаўленні культуры татарскага народа. Друкаваліся шматлікія творы пра татар у навукова-папулярных выданнях.
Артысты з аграгарадка Турэц спяваюць са сцэны татарскія мелодыі і запальваюць публіку. Госці апладзіруюць, танчаць — свята ўдалося!
Пасля задорных танцаў можна і падсілкавацца нацыянальнымі стравамі татараў: кызылам (тварог), мантамі, кыстыбыем (аладкі з начынкай), урамай (хвораст).
Вядома ж, адным з самых папулярных падворкаў этнафестывалю стаў беларускі. Як было стрымацца і не пакаштаваць карасёў, смажаных у смятане, бульбы з кропам, зваранай у чыгунку, ды сала з цыбуляй і чорным хлебам?! Сапраўднае свята жывата атрымалася ў Міры.
Для актыўнай моладзі, што завітала на свята, арганізатары зладзілі квэст-гульню. Патрэбна было, разгадваючы загадкі, прайсціся па ўсіх нацыянальных падворках, а ў фінале пераможцы пераапрануліся ў беларускія нацыянальныя строі.
Іна ЛЕЙКА, Мір.
Фота аўтара.