Яна стварыла танцавальны свет

№ 34 (1525) 21.08.2021 - 28.08.2021 г

Пра харэографа, які спявае
Калі дзяўчынцы было пяць гадоў, мама прывяла яе ў танцавальны калектыў. Маці сама марыла стаць харэографам, але не атрымалася. Надзейка з радасцю і велізарным жаданнем вучылася танцаваць. Так маміна мара ўвасобілася ў жыцці дачкі. Затым дзяўчынка вучылася ў школе №8, дзе настаўніцай харэаграфіі была Алена Аземша. Надзея Сяргееўна і цяпер удзячная сваёй настаўніцы, якая, можна сказаць, уклала душу ў творчасць і шмат зрабіла для сваёй вучаніцы. Падтрымка сям’і, сяброў, харэографа падштурхнула дзяўчыну на рэалізацыю жыццёвай мары. Надзея паступіла ў Бабруйскі каледж мастацтваў на аддзяленне харэаграфіі па спецыяльнасці балетмайстар. Вучыцца было нялёгка, асабліва на першым курсе з-за вялікай фізічнай нагрузкі. Дзяўчына з аднолькавай цікавасцю вывучала ўсе стылі танца: класіка, народны, эстрадны, бальны танец, але самым любімым стылем стаў хіп-хоп.

/i/content/pi/cult/864/18329/7.jpgБераг турэцкі

Пасля заканчэння вучылішча Надзеі і яе аднакурсніцы прапанавалі кантракт на паўгода на працу ў Турцыі, і дзяўчаты пагадзіліся. Яны былі прыняты ў адну з танцавальных труп Анталіі. Тут сабраліся дзяўчаты з розных краін свету. Трэба адзначыць, што прафесія харэографа паважаная ў Турцыі і высокааплатная. Яны працавалі і харэографамі, і танцоркамі, з поспехам выступалі ў розных гатэлях Турцыі. Праца падабалася, але ім было ўсяго па васямнаццаць гадоў — яны вельмі сумавалі па Радзіме, па родным доме і па бацьках, так што кантракт падаўжаць не сталі.

Яскравае “Сузор’е”

Народны ансамбль народнага танца “Сузор’е” ў Светлагорскім Доме культуры энергетыкаў стварыла харэограф Галіна Лемяшонак. Яна перайшла на працу ў школу мастацтваў, і Надзеі прапанавалі ўзначаліць калектыў. Было нялёгка навучыць дзяцей і падлеткаў танцаваць народны танец, бо ён вельмі складаны па тэхніцы, але яна справілася. Рэпертуар ансамбля — разнастайны: абрадавыя танцы, і танцы розных народаў: рускі, беларускі, украінскі, венгерскі і г. д. Народны ансамбль удзельнічае ў канцэртах ДКЭ і гарадскіх мерапрыемствах, выступае на выязных канцэртах, бярэ ўдзел у дабрачынных канцэртах, у конкурсе “Зямля пад белымі крыламі”. Неаднаразова юныя танцоры атрымлівалі дыпломы на Светлагорскім раённым конкурсе “Правінцыя”. Ансамбль — удзельнік рэспубліканскага агляду-конкурсу; пераможца 2-га абласнога міжгаліновага фестывалю мастацкай творчасці. У 2013 і ў 2016 гадах калектыў прымаў удзел у абласным конкурсе харэаграфічных гуртоў імя Аляксандра Рыбальчанкі, а таксама ў 2013 і 2017 гадах пацвердзіў найменне “народны”.

Надзея Сяргееўна ахвотна займаецца народным танцам і кажа, калі б у горадзе быў калектыў народнага танца для дарослых, яна б з задавальненнем танчыла ў такім калектыве. У цяперашні час на базе ансамбля “Сузор’е” створаны гурт “Гравітацыя”, які з поспехам прымаў удзел у першых конкурсах “Правінцыя-2021” і міжнародным конкурс мастацтваў “ART MOTION” у Магілёве.

/i/content/pi/cult/864/18329/8.jpg“Рытм” задае рытм

У 2012-м Надзея Сяргееўна стварае эстрадны калектыў “Рытм”. Вывучэнне сучаснага танца прыцягнула шмат моладзі. У 2015 годзе Надзея разам з партнёрам Андрэем Земляковым арандавала памяшканне, і цяпер “Рытм” працуе як прыватнае прадпрыемства. У складзе калектыву ёсць малодшая група ад 5 да 10 гадоў — каля сарака чалавек, сярэдняя група (10-13 гадоў) — больш за дваццаць чалавек, і старэйшая група, 13-18 гадоў — каля паўсотні ўдзельнікаў.

Мэта стварэння “Рытму” — прапанаваць нешта новае для дзяцей і моладзі горада. Харэограф імкнецца стварыць не проста калектыў, а сям’ю, асаблівы танцавальны свет. Самае галоўнае ў калектыве гэта тое, што дзеці рознага ўзросту, з рознымі характарамі, з розных школ маюць розныя густы ва ўсім, але гэты калектыў згуртаваў іх у адну велізарную сям’ю. Займаючыся адной справай, яны сталі сябрамі, сталі больш мэтанакіраванымі, больш моцнымі. Заняткі ў кожнай групе праводзяцца тры разы ў тыдзень, а ў час школьных канікулаў у дзіцячых групах — шэсць разоў у тыдзень. Вывучаюцца розныя стылі: хіп-хоп, попінг, вог, джаз фанк, тверк, мадэрн, кантемпа, крамп і г.д. Маладое пакаленне, вядома ж, з асаблівым жаданнем вывучае сучасныя танцы. Харэографы загружаюць дзяцей вялікай працай па дасканалым валоданні сваім целам. Вось што кажа Надзея Сілівончык: “Цяпер моладзь вельмі складаная і, працуючы з імі, трэба ведаць, як іх зацікавіць. Я размаўляю з імі на мове танца, і мы адзін аднаго разумеем!”

“Рытм” — удзельнік міжнароднага фестывалю-конкурсу “Новыя вяршыні-2017”; рэспубліканскага конкурсу сучаснай харэаграфіі “DanceAcademy” (2 месца); адкрытага конкурсу эстраднага танца “Рытмы XXI стагоддзя; абласных канкураў “Зямля пад белымі крыламі” (3 месца), сучаснай харэаграфіі, “Танцавальны выбух” (2 месца і 3 месца); раённага фестывалю “Правінцыя” (пераможцы ў намінацыі “сучасная харэаграфія”). Гэтак жа калектыў актыўна прымае ўдзел у гарадскіх мерапрыемствах, з’яўляецца арганізатарам фестывалю “NEXT STARS”, які праходзіць 27 красавіка ў гонар Міжнароднага дня танца ў ДКЭ. У фестывалі ўдзельнічаюць не толькі Светлагорскія танцавальныя калектывы, але прыязджаюць танцоры з іншых гарадоў.

Вучаніца Надзеі Сілівончык Аліна Папруга заканчвае Магілёўскі харэаграфічны каледж і хутка будзе працаваць разам са сваёй настаўніцай.

Палітра творчасці

Пры калектыве “Рытм” створана таксама група па фітнесе і першая ў горадзе група па стрып-пластыцы, якая вельмі папулярная сярод маладых жанчын.

Акрамя таго, у гэтым годзе Надзея Сяргееўна ўвайшла ў склад вакальнага гурта “DZIVA” пад кіраўніцтвам Зінаіды Браткоўскай. Сёлета прэм’ера групы адбудзецца на свяце горада.

Штогод з ансамблямі “Сузор’е” і “Рытм” Надзея Сілівончык разам з калектывам “DZIVA” рыхтуе мюзіклы да Новага года: “Сакрэт навагодняга крышталя”, “Таямніца чацвёртага каралеўства” і інш, якія з вялікім поспехам праходзяць у ДКЭ. У гэтым годзе падрыхтаваны мюзікл з удзелам дарослых танцораў на Купалле.

Палітра творчасці Надзеі Сілівончык настолькі разнастайная і зіхаціць гэтакімі яркімі фарбамі, што толькі дзіву даешся: наколькі шматбаковы і вялікі талент у маладой прыгожай жанчыны. Застаецца толькі пажадаць ёй далейшых поспехаў, перамог у конкурсах і новых фарбаў у палітры творчасці.

Галіна КАПЕЦКАЯ, Светлагорск.

Фотаздымкі з асабістага архіва Надзеі Сілівончык.