Доктар Раус, якога мы не ведаем

№ 33 (1524) 14.08.2021 - 20.08.2021 г

Прэм’ера спектакля “Кар’ера доктара Рауса” адбылася ў 2017 годзе і была прымеркавана да пяцісотгоддзя з дня друку першай беларускай кнігі — Псалтыра. Станоўчая рэакцыя публікі, апладысменты, якія доўжацца яшчэ пяць хвілін пасля заканчэння, захопленыя водгукі ў сетцы — так сустрэлі спектакль спачатку. Прайшло ўжо чатыры гады, а рэакцыя ўсё такая ж. І ў другі, і ў трэці раз хочацца ісці ў Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, клікаць сяброў і знаходзіць новыя сэнсы, прымячаць дробныя дэталі — тыя, ад якіх мурашкі па скуры і слёзы на вачах.

/i/content/pi/cult/863/18316/016.jpgКалі я ўпершыню загугліла запыт “Кар’ера доктара Рауса”, атрымала такую характарыстыку: “гістарычна недакладная трагікамедыя”. Я здзівілася, пачала ўжо ўяўляць, якім мог бы быць Францыск Скарына без кантэксту традыцыйных малюнкаў і мноства важных дат… І тут жа спатыкнулася аб працягласць спектакля: 2 гадзіны 50 хвілін. “Я дакладна засну”, — мая сумная думка, цяжкі ўздых — і ідэя куплі квітка сыходзіць кудысьці на задні план. “Занадта доўга, занадта важкая сама асоба Скарыны, напэўна, я шмат чаго не зразумею і засумую”, — такія ўзніклі першапачатковыя страхі. А потым я звярнула ўвагу на тое, што спектакль пастаўлены па п’есе Віктара Марціновіча, і гэта прымусіла мяне змяніць рашэнне. Я не пашкадавала, не заснула, не пазяхала. Я нават міргала праз раз, так захапіла дзейства, што адбывалася на сцэне.

Што вы ведаеце пра Францыска Скарыну? Доктар медыцыны, перакладчык царкоўных кніг на стараславянскую мову, кнігадрукар. “Вялікі чалавек, наш зямляк”, — самаздаволена паківаем мы галавой, калі нейкі іншаземец пацікавіцца дасягненнямі навукоўца. А якой цаной была дасягнута гэта веліч?

У падручніках Скарына быццам бы заўсёды стары і заўсёды вялікі. Ва ўяўленні чалавека, далёкага ад гісторыі, ён малюецца шаноўным старцам. Працавітым — усё ж такі столькі вучацца і ў наш час нямногія, што ўжо казаць пра людзей, якія жылі 500 гадоў таму. Але калі правесці невялікія матэматычныя падлікі, выявіцца, што падчас выдання “Псалтыра” Францішку не было і трыццаці. Так, можна паспрачацца, што тады і жылі людзі менш, так што трыццаць — цалкам шаноўны ўзрост, аднак, мне здаецца, стаць першым у чымсьці настолькі вялікім, як кнігадрукаванне, — найскладанейшая задача для любога часу. Нават Ілан Маск запусціў Тэслу ў космас у свае шаноўныя 47!

Які ён — Францыск Скарына ў бачанні рэжысёра Аляксандра Гарцуева? Не помнік. Не манумент. Не статычная карціна.

Ён — малады хлопец, поўны цяжкаажыццяўляльных у яго час ідэй. Ён хоча прынесці людзям карысць. Ён прыдумаў, разумееце, ён прыдумаў, як зрабіць так, каб кнігі сталі даступнымі практычна для ўсіх! Толькі вось гэтым усім такое дабро аказалася непатрэбна. Ён нідзе не быў сваім. У той час Беларусі як дзяржавы не існавала. Фраза Францішка: “Слова, якое пазначае, хто я ёсць, яшчэ не з’явілася”, — выклікала ў мяне мурашкі. Цяпер вось ёсць гэтае слова, існуе яно, прыгожае такое, ганарлівае, але ў той жа час далікатнае і зусім сваё — беларусы. Яно ёсць, і пра гэта нялішне памятаць заўсёды.

Скарыну называлі рускім у Польшчы і за гэта не любілі. У Расіі яго называлі палякам. Таксама не любілі. Ён для ўсіх быў чужынцам, і, ведаеце, справа ж не толькі ў нацыянальнасці. Справа ў характары, у розуме, у жаданні нешта мяняць і дапамагаць людзям. У Францішка гэта ўсё было. А ў астатняга свету, дыпламатычна кажучы, не заўсёды. Астатні свет складаўся і складаецца з “файных хлопчыкаў у галіфэ”, якія не надта любяць нават думаць пра рух наперад. Сумна, калі страхі тармозяць развіццё ўсяго грамадства.

У спектаклі былі жарты, элементы сучаснага жыцця (мабільны тэлефон, цягнік, неалагізмы і слэнг, поп-музыка), а яшчэ сцэна, калі рвалі кнігі Францыска Скарыны… Я чула літаральна некалькі абураных фраз пра тое, што такі выдатны спектакль апошлілі вось гэтай “сучашчынай” і “да чаго наогул у гісторыю пра гэтакую легендарную асобу ўплятаць фарс”. Спярша я жахнулася, потым задумалася, а пасля абурылася. У выніку стала вельмі сумна. Я раўла, захлынаючыся на той самай сцэне з кнігамі. Не над кнігамі, не, хоць і іх было шкада. Над чалавекам, чыю справу жыцця паспрабавалі ўтаптаць у бруд, разарваць на шматкі. Ён столькі гадоў блукаў па адных і тых жа лакацыях, слухаў адны і тыя ж прамовы адных і тых жа людзей. Не здаваўся. Ён ніколі не здаваўся, таму што разумеў значнасць сваёй справы. Ён ёй жыў. А тут жыццё адабралі. Самым балючым спосабам. Без анестэзіі. На фоне жартаў, папсы і яркай, псіхадэлічнай падсветкі.

“Зіма заўсёды заканчваецца, нават зацяжная”, — Францыск Скарына, пастарэлы, але не душой, які стаміўся, разгубіў ранейшую наіўнасць, працуе садоўнікам. Усё яшчэ не беларус. Доктар Рус стаў доктарам Раусам. “Файны хлопчык у галіфэ” цяпер вышэй за яго па пасадзе. Але ён не перамог, не. Балазе мы з вамі ведаем, чым усё скончылася. Засталося толькі не страціць тое, што такой цяжкасцю было вымалена для нас ранейшымі пакаленнямі.

Ксенія Зарэцкая