Кожнаму — свайго анёла

№ 33 (1524) 14.08.2021 - 20.08.2021 г

30 ліпеня незвычайная “Ноч у тэатры” завяршыла 133-ці сезон Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра. На той жа праект, спалучаны з прэм’ерай спектакля “Аддай маё сэрца”, калектыў запросіць публіку пра адкрыцці сезона ў верасні. Дарэчы, гэта далёка не адзіная новая пастаноўка: ліпень быў адзначаны прэм’ерай “Калігулы” паводле аднайменнай п’есы А.Камю. А крыху раней на малой сцэне з’явілася дзіцячая казка “Чаму вымерлі дыназаўры?”.

/i/content/pi/cult/863/18315/015.jpgПрамога адказу на пытанне, чаму ж наогул яны вымерлі, у спектаклі-казцы няма. А “схаванае” тлумачэнне — так і просіцца на волю: таму, што яны не прытрымліваліся правіл бяспекі, сфармуляваных у спектаклі. Але ж назву казкі можна “перавесці” і як пытанне рытарычнае — штосьці накшталт: “Навошта яны вымерлі?”. Спектакль і на гэта мае адказ: каб уваскрэсці на тэатральнай сцэне.

Менш за гадзіну без перапынку — звыклы дзіцячы фармат. Але ўражанне, што дзея пралятае за лічаныя хвіліны. За гэты час мы спазнаем, што такое адзінота і сяброўства, вывучым АБЖ — асновы бяспекі жыццядзейнасці, весела пагуляем разам з героямі (па жанры гэта гульня-казка) і выдатна адпачнем. Бо ўсе патрабаванні-правілы-наказы выкладзены ў нязмушаных вершаваных радках, напісаных вядучай артысткай тэатра Аленай Крыванос. А прыгоды дыназаўрыка Дзіна і хлопчыка Ха-хо прыдумала і паставіла малады рэжысёр Каміля Хусаінава. Спектакль прыдатны для выездаў: ва ўсіх персанажаў пераўвасабляюцца ўсяго двое артыстаў. Акрамя паралельнага існавання жывога плану герояў і іх планшэтных выяў, шырока задзейнічаны іншыя прыёмы тэатра лялек. Па ходу дзеяння патрэбна чарапаха? Няма праблем: дзве рукі з абапертымі локцямі, яшчэ адна — з высунутым наперад кулаком, бы галава жывёліны, накрыўка каструлі замест панцыру. Паставіць каструлю на агонь? Паварушым пальцамі пад донцам — вось і язычкі полымя. Слёзы зробім смешным фантанчыкам, як у клаўнадзе. А ўвесь спектакль фантан прыдумак і акцёрскай самааддачы (Дзін у розных акцёрскіх складах — Лізавета Кароткая, Ангеліна Цімаховіч, Крысціна Грынаўцава, Ха-хо — Ягор Шабетнік, Барыс Шумілін, Цімур Карэпін). Дзеці адгукаюцца на кожную дробязь, часам зусім не па сцэнарыі, таму ад артыстаў, апроч усяго, патрабуецца такая ж вынаходлівасць, каб рэагаваць на магчымыя непрадказальныя сітуацыі.

Добрая сучасная музыка Аляксандра Баля з выкарыстаннем рэпа задае настрой і тэмпарытм, а сцэнаграфія Таццяны Густынавай стварае надзвычай утульную хатнюю атмасферу. Па ўсёй сцэне — падушкі “ў ролі” камення, аплікацыі на іх — бы “наскальны” роспіс. Перасоўныя шырмы — і тыя мяккія. Дый сцэнічныя строі — на паралоне, бы мяккія цацкі (адзіны мінус — спякотным летам артысты ў іх проста гінуць, асабліва дзяўчаты ў таўшчэзнай “скуры” дыназаўра). Выдатна зроблена праграмка “з сакрэтам”: пацягнеш за шкарлупіну яйка, а адтуль выпаўзае маленькі дыназаўрык.

Рэзкім кантрастам — “Калігула”. П’еса А.Камю — моцны арэшак для тэатра і публікі. Адно тое, што да яе звярнуліся ў Магілёве, робіць гонар калектыву. Але спектакль выяўляе і праблемы нашага засваення антычнасці. Тыя складаныя гістарычныя пласты, што для Еўропы заўжды заставаліся настольнай кнігай, не былі намі своечасова прачытаны і шматразова адрэфлексаваны. Таму рэжысёр і, у адной асобе, мастак-пастаноўшык Міхаіл Лашыцкі быў вымушаны дадаць да тэксту п’есы штосьці накшталт тлумачэнняў вядучага, хто такі Калігула і чым ён цікавы.

Змены характара героя, што выяўляюцца пасля смерці яго сястры, у поўным сэнсе слова адбіваюцца на твары артыста Паўла Зароўскага — праз адметны грым, багаты на сімволіку. У сцэнічным строі становіцца ўсё больш чырвоных ліній — як струменяў крыві загубленых жыццяў. А доўгія чорныя фалды фрака нагадваюць хвост дракона.

Калігулу суправаджае Анёл (Алена Крыванос) — спачатку з белымі крыламі, потым з чорнымі. У ролі патрыцыяў, сенатараў задзейнічана большая частка мужчынскай трупы: Дзмітрый Дудкевіч (Гелікон), Максім Чарнюк (Сцыпіён), Андрэй Корзан (Кярэя), Уладзімір Пятровіч (Сянекцій), Аляксандр Куляшоў (Мяцелій), Барыс Шумілін (Ляпідзій), Вадзім Арціменя (Актавій), Ягор Шабетнік (Патрыцыян).

Пачатак другой дзеі крыху ажыўляе статуя ўлюбёнага каня Калігулы — Інцытата. Але ўсё роўна амаль тры гадзіны, хіба з невялічкім “выдыхам” у антракце, спектакль трымае нас у стане не ўчэпістага напружання, а здранцвеласці. Бо нагадвае жудасны запаволены рапід, калі ты нічым не можаш адвесці трагедыю, што ўжо здзейснілася і працягвае зноў ды зноў перамолвацца свядомасцю. Чарговыя паказы спектакля — у наступным сезоне.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"