Апошні акорд фэсту

№ 32 (1523) 07.08.2021 - 14.08.2021 г

Фестываль “МАНУМЕНТ 21” завяршыла выстава “МАНУМЕНТ. ПАЧАТАК”. Яна была разгорнутая ў арт-гасцёўні “Высокае места”, а закрылася ў першы дзень жніўня.

/i/content/pi/cult/862/18304/028.jpgЗ усіх імпрэз фестывалю яна найменш адпавядала спецыфіцы манументальнага мастацтва, калі зыходзіць з ягонага кананічнага вызначэння, і, бадай, найбольш выразна прадэманстравала, наколькі ўмоўнымі сталі сёння цэхавыя межы творчага абшару. Гэта выстава маладых аўтараў ва ўзросце да 35 гадоў, аб’яднаных моладзевай секцыяй Беларускага саюза мастакоў. Гэта мастакі і дызайнеры, якія працуюць у розных тэхніках, прытрымліваюцца розных эстэтычных арыенціраў, стаяць на розным канцэптуальным грунце.

Ім даступныя ўласна манументальныя тэхналогіі — сграфіта, ляўкас, энкаўстыка. Зыходзячы з досведу класікаў нашага мастацкага ткацтва, да “манументалкі” можна далічыць і габелен. Жывапіс, камп’ютарная графіка і арт-аб’екты цяпер таксама могуць быць скарыстаныя пры аздобе грамадскай прасторы. Тым больш, дзе сёння праходзіць граніца паміж выяўленчым мастацтвам і дызайнам, паміж камерным і сацыяльна значным мастацтвам, дакладна не вызначыць ніхто. Усё пералічанае на выставе было.

/i/content/pi/cult/862/18304/029.jpgМаладое мастацтва Беларусі на выставе ў арт-гасцёўні прадстаўлялі Лізавета Бутрыс, Хрысціна Высоцкая, Паліна Карзун-Фомчанка, Вольга Капачова, Настасся Люцько, Радаслава Мацко, Вераніка Рассыльная, Таццяна Савік.

Ва ўсіх работах экспазіцыі тэматыка — справа другасная. Гэта менавіта дэманстрацыя тэхналагічных прыёмаў і стылявых напрацовак, якія пры нагодзе могуць быць скарыстаныя пры аздобе самых разнастайных аб’ектаў. Я не сказаў, што гэта эстэтыка заўтрашняга дня, але тое, што творчасць маладых спрыяе разбурэнню пэўных эстэтычных стэрэатыпаў, глыбока ўкаранёных у грамадскую свядомасць, сумневу не падлягае.

Праўда, асабіста мне на выставе найбольш спадабалася тое, што больш-менш адпавядае крытэрыям традыцыйнай эстэтыкі, прадметнага мастацтва. Прытым што я шаную эксперыменты ў галіне эстэтыкі і тых, хто імкнецца зазірнуць за наяўны далягляд.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"