Фестываль памяці Уладзіміра Высоцкага

№ 32 (1523) 07.08.2021 - 14.08.2021 г

Возера Літоўка, што знаходзіцца паблізу Наваградка, валодае дзіўнай сілай прыцягнення. Сціплай прыгажосцю яно прываблівае не толькі беларускіх, але і замежных турыстаў. Спрыяе гэтаму факту і багаты гістарычны ды культурны бэкграўнд гэтых мясцін. Яшчэ Адам Міцкевіч уславіў возера ў эпічнай паэме “Гражына”, паводле якой аформлены мясцовы аўтобусны прыпынак, магчыма, найпрыгажэйшы ў Беларусі. Днямі ў вёсцы Новая Мыш Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці адбыўся бібліятэчны фэст «БібліяКомпас: арыенцір на карыстальніка». Свята было прымеркавана да Года народнага адзінства і 225-годдзя з дня нараджэння пачынальніка новай беларускай літаратуры і піянера беларускай фалькларыстыкі Яна Чачота, чые дзіцячыя і юнацкія гады прайшлі ў гэтай вёсцы.

/i/content/pi/cult/862/18299/019.jpgЗ 2013 года на маляўнічым беразе возера праходзіць фестываль-конкурс бардаўскай песні памяці Уладзіміра Высоцкага “Музыка сэрцаў”. Сёлета ён атрымаў статус абласнога. У восьмы раз каля ляснога возера гучаць песні барда ў выкананні прыхільнікаў яго творчасці.

Дарэчы, не выпадкова фестываль памяці Высоцкага атрымаў прапіску менавіта на Навагрудчыне. Высоцкага наогул многае звязвала з Беларуссю. Яго дзед жыў у Брэсце. Сам акцёр неаднаразова здымаўся ў карцінах «Беларусьфільма». У 1969 годзе Высоцкі некалькі тыдняў правёў у наваколлях Навагрудка на здымках фільма «Сыны ідуць у бой». Ён засяліўся ў гасцініцу «Навагрудак». Адзіны двухмесны люкс з ваннай размяшчаўся на трэцім паверсе. Праз нейкі час прыехала і муза паэта — Марына Уладзі. Без сумневу, пра гэты факт ведаюць даследчыкі жыцця паэта і яго прыхільнікі. Таму доўгія гады сюды прыязджалі тыя, хто памятае і ведае гэты факт. Пражыўшы трохі ў гасцініцы, Уладзімір пераехаў на возера Літоўка. Ужо больш за пяцьдзясят гадоў прайшло, а ў Наваградку яшчэ жывая рамантычная легенда пра тое, як Уладзімір і Марына начавалі на сене ў вёсцы Літоўка. Невялікае азярцо з трох бакоў акружана лесам. Уся гэтая атмасфера настолькі ўразіла паэта, што за адну ноч ён напісаў адразу чатыры шэдэўры, тры з іх увайшлі ў фільм Віктара Турава — «Ён не вярнуўся з бою», «Сыны ідуць у бой» і «Песня пра зямлю». Пасля гэтай паездкі ў Літоўку была напісана і адна з лепшых лірычных песень Высоцкага «Тут лапы ў елак дрыжаць на ветры». Прычым Віктар Тураў быў першым рэжысёрам, які замовіў Высоцкаму песні для кіно. У адзін час сюды прыехалі рэжысёр Тураў, паэт Высоцкі і археолаг Ткачоў. Марына Уладзі ў сваіх успамінах пісала, што аднойчы Валодзя пабываў на раскопках Навагрудскага замка.

Сёння фестываль-конкурс бардаўскай песні памяці Уладзіміра Высоцкага «Музыка сэрцаў» з’яўляецца самым буйным і маштабным праектам бардаўскай песні ў раёне, напоўненым насычанай культурнай праграмай — канцэртамі, конкурсамі, тэматычнымі выставамі і рознымі забаўляльнымі актыўнасцямі. Яго гісторыя пачалася ў 2013-м. З гадамі фестываль аб’яднаў не толькі аматараў аўтарскай песні і творчасці Высоцкага, але і прафесійных музыкаў, паэтаў — усіх тых, хто любіць актыўны турызм і культурны адпачынак на прыродзе. Сюды прыязджаюць цэлымі сем’ямі з усёй Беларусі. Фестываль стаў яшчэ і добрай нагодай пазнаёміцца з наваградскім краем і яго шматлікімі славутасцямі, якімі гэтыя мясціны багатыя.

Галоўная падзея фестывалю — конкурсная праграма «Сугучча гітары і душы», удзел у якой прынялі 16 выканаўцаў, у тым ліку адзін дуэт з Гродна, а таксама з Мінска, Навагрудскага, Карэліцкага, Дзятлаўскага, Клецкага, Ашмянскага раёнаў. Самаму малодшаму выканаўцу, Міхаілу Карайчанцаву, было ўсяго 11 гадоў.

Конкурснае журы ўзначаліў аўтар і выканаўца песень, лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных песенных фестываляў, акцёр тэатра і кіно Анатоль Длускі. Журы высока ацаніла майстэрства ўсіх удзельнікаў. Па словах суддзяў, з галоўнай задачай — узнавіць атмасферу песень і вершаў Уладзіміра Высоцкага — справіліся ўсе.

Лаўрэаты былі вызначаны адразу ў некалькіх намінацыях. У іх ліку Аляксей Лапата, які прызнаны найлепшым выканаўцам аўтарскага твора, Таццяна Салаўёва, якая стала лаўрэатам I ступені ў намінацыі «Выканаўца твораў У. Высоцкага» і інш. Акрамя таго, у гэтым годзе адбылося галасаванне гледачоў, пераможцам якога сталі навагрудчане Генадзь і Карына Аліевіч, якія, дарэчы, павезлі і гран-пры фестывалю бардаўскай песні «Музыка сэрцаў». Усе ўдзельнікі ўзнагароджаны дыпломамі і памятнымі падарункамі.

Прайшоў у межах фестывалю і літаратурны батл “Мне каждый вечер зажигают свечи…”, дзе аматары паэтычнай творчасці Уладзіміра Высоцкага, сярод якіх былі паэты, пісьменнікі, бібліятэкары, навукоўцы, чыталі яго вершы. Батл, нягледзячы на свой спаборніцкі характар, прайшоў у сяброўскай атмасферы. А перамог усё ж… Высоцкі, яго вершы, яго слова, актуальнае і сёння сярод моладзі і людзей сталага пакалення.

Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей прадставіў выставу фотаздымкаў Уладзіміра Высоцкага і Марыны Уладзі. Навагрудскі цэнтр рамёстваў, акрамя прадукцыі сваіх майстроў, прадставіў і аўтарскія гульні. Сярод іх былі павялічаныя версіі «палявых» шашак і крыжыкі-нулікі са спецыяльнай перасоўнай сістэмай у выглядзе доўгіх палак з гаплікамі, каб было камфортна гуляць на такім вялікім полі. На свяце можна было пастраляць з сапраўднага лука разам з прадстаўнікамі народнага ваенна-гістарычнага клуб «Мэта».

На наступны дзень ужо ў Навагрудку ў скверы імя У. Высоцкага прайшла цырымонія ўскладання кветак да бюста акцёра і паэта. Сам бюст на радзіме Адама Міцкевіча з’явіўся ў 2012 годзе. Ён, дарэчы, з’яўляецца адзіным помнікам Высоцкаму ў Беларусі. Яго аўтарам з’яўляецца вядомы беларускі скульптар Генадзь Буралкін. Невялікі манумент стаў сапраўды знакавым для горада. Культурную праграму другога дня дапоўніла рэтра-падарожжа па гістарычным цэнтры горада ад супрацоўнікаў Навагрудскай раённай бібліятэкі. Маршрут пралягаў праз міні-музей міні-макетаў «Страчаная спадчына», рэтра-фотаатэлье і «Кавярню», дзе кожны жадаючы змог прадэгуставаць каву, прыгатаваную па рэтра-рэцэпце.

Культурную карту Беларусі дапаўняе і фестываль бардаўскай песні памяці Уладзіміра Высоцкага “Музыка сэрцаў” на возеры Літоўка, куды патрэбна прыязджаць па выдатную музыку, мастацтва і непаўторную творчую атмасферу і энергію. Фестываль расце і развіваецца, удасканальваецца інфраструктура, раскрываецца па-новаму турыстычны патэнцыял рэгіёна, расце і цікавасць да падзеі і ў Беларусі, і, што заканамерна, у суседняй Расіі.

Святлана ЧУБРЫК, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Навагрудскай раённай бібліятэкі.