З Пэндзлікам па вёсцы

№ 32 (1523) 07.08.2021 - 14.08.2021 г

“Перастварэнне” — вельмі цікавае значымае слова. У сферы культуры і мастацтва, можна сказаць, ключавое. І корань адмысловы — “тварэнне”. Копія класічнай жывапіснай карціны — усяго толькі копія. Няхай гэткая ж геніяльная па выкананні, як і арыгінал. А вось якасны пераклад, скажам, “Слова аб палку Ігаравым”, які зрабіў на беларускую мову Янка Купала, — менавіта перастварэнне, то-бок паралельная “пабудова” раўназначнага літаратурнага твора на іншай лексічнай аснове з улікам усіх алюзій, іншасказанняў, зашыфраваных філасофскіх, фразеалагічных, маральных кодаў. А гэта неймаверна цяжка. Як, да прыкладу, дакладна перакласці на замежную наша знакамітае “затапчы яго камар”? На мой погляд, улічваць трэба не толькі гумарыстычную семантыку фразеалагізма. Больш важна мець на ўвазе, што такая пагроза можа зыходзіць з боку чалавека не надта рашучага, які спадзяецца на падтрымку хіба што камара. І такіх акцэнтаў пры лінгвааналізе любога жывога тэксту — плойма. Іншым разам перакладчык пераўзыходзіць таго, каго перакладае. У пісьменніцкіх нататках Сяргей Даўлатаў піша, што Курт Ванегут на радзіме карыстаецца значна меншай папулярнасцю, чым у Савецкім Саюзе. Заслуга геніяльнай перакладчыцы Рыты Райт.

/i/content/pi/cult/862/18298/017.jpgЯшчэ больш яскравы прыклад звязаны з творчасцю дагестанца Расула Гамзатава. Нават на радзіме яго ведаюць у рускіх перакладах. “Зрабілі” паэта тры перакладчыкі: Навум Грабнёў і два Якавы — Казлоўскі і Хялемскі. Не было б іх — не было б і літаратурнай славы ў Гамзатава. Пра гэта піша Міхаіл Велер у сваёй вясёлай кнізе “Легенды Арбата”.

Словам, я — не за копіі-падробкі (іх і без таго безліч — на эстрадзе, у тэатры, кіно і ў жывапісе), я — за перастварэнні! Асабліва ў галіне нашага фестывальнага руху, дзе блізнят — мора… Нагадаю толькі нашым клубнікам, бібліятэкарам і музейшчыкам, што Янка Купала быў паспяховым перакладчыкам, на мой погляд, таму, што пераствараў толькі тое, што любіў і што было сугучна ягоным жыццёвым памкненням. А цяпер — агляд вашых, спадзяюся, перастварэнняў.

Пабачылі штосьці за мяжой раёна, пераасэнсавалі, дадалі штосьці сваё — атрымалася нешта зусім новае. Іменна па гэтым рэцэпце “зварылі” на Зэльвеншчыне свята кашы. Атрымалася фірмова, як сцвярджае загадчык аддзела па развіцці народнай творчасці Зэльвенскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Таццяна Умарава. “Прайшло свята, — удакладняе яна, — у аграгарадку Міжэрычы. Пад кашу ў рамках абласнога праекта “Этна Бум” выконваліся бытавыя танцы нашых продкаў. Да слова, гэтыя мерапрыемствы сталі ў раёне традыцыйнымі”.

А як вам свята ўспамінаў і настальгіі? У Свіслацкім раёне так называюць рэтра-фэст “А ў нас у двары”. У аграгарадку Пацуі прайшло пятае па ліку мерапрыемства. Загадчык Пацуеўскага сектара культуры і дасугу Людміла Ганчарук распавяла, што ў той дзень працавалі буфет “Прыдарожны”, кавярня “Настальгія”, тэматычная пляцоўка “Савецкае дзяцінства”. Былі, натуральна, канцэрт і рэтра-дыскатэка.

А метадыст Свіслацкага цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Русак распавядае пра свята ў аграгарадку Нязбодзічы. Называлася яно “Гасцінны двор”. Удзельнікі наведвалі падворкі, дзяліліся парадамі па доглядзе за кветкамі, пілі гарбату, дэманстравалі вынікі сваіх захапленняў: вышыўку, ткацтва, печыва.

І яшчэ адна навіна са Свіслацкага раёна. Загадчык Свіслацкай дзіцячай бібліятэкі Тамара Янцэвіч піша пра летні краязнаўчы маршрут “Крочым родным краем, фарбы ўсе збіраем”. Адна з вандровак прысвечана знаёмству з прыроднымі скарбамі ў вёсках Мяльнова і Занкі. Другое падарожжа звязана з побытам жыхароў вёсак Крапіўніца, Гарнастаевічы, Рудаўка, Відзейкі.

Адправімся цяпер на Століншчыну. Ёсць тут Давыд-Гарадок, славуты пісьменнікамі Леанідам Дранько-Майсюком, Георгіем Марчуком, Уладзімірам Глушаковым… Бібліятэкар Давыд-Гарадоцкай гарадской бібліятэкі Ганна Немчанка піша: “25 ліпеня супрацоўнікі нашай установы ладзілі вулічную акцыю “Іх імёнамі названы вуліцы” для таго, каб выявіць, як добра жыхары старажытнага горада ведаюць класікаў, у гонар якіх названы вуліцы. Як аказалася, найбольш вядомымі з’яўляюцца Чэхаў, Астроўскі, Гогаль, Лермантаў, Талстой. Але не маглі вызначыць асобы Шаўчэнкі, Танка”. За Максіма Танка, шчыра кажучы, вельмі крыўдна. Доля віны ў яго непазнавальнасці сярод мясцовых чытачоў кладзецца, натуральна, на бібліятэкараў. І яшчэ: Леанід Дранько-Майсюк даўно варты таго, каб яго іменем назвалі на радзіме вуліцу. А як вы думаеце?

Метадысты з Ваўкавыскага РМЦ паведамілі: “У вёсцы Ятвезь адбылося свята дружбы і добрасуседства. Называлася яно “Ятвезскія суседзі”. Далучыліся да мерапрыемства жыхары Новай Ятвезі. Адметнасць свята ў тым, што па сцэнарыі ўсе мерапрыемствы нагадвалі газетныя рубрыкі і артыкулы. У выніку грамадска-культурная газета “Ятвезскія суседзі” аказалася ў чытачоў вельмі запатрабаванай”. Вось вам чарговы прыклад яскравага перастварэння!

На Полаччыне таксама ва ўсю моц святкуюць. Кацярына Паўловіч, рэдактар РЦК, распавядае пра “Кузьмінкі-2021” у аграгарадку Зялёнка. Летнія Кузьмінкі, удакладняе аўтарка ліста, прысвячаліся пачатку сенакосу, а восеньскія — уборцы ураджаю. Дык вось, летнія сабралі гасцей з усіх куточкаў раёна. Выступілі тэатр мініяцюр “Веснік” і народнае аматарскае аб’яднанне “Сустрэча з цудоўным” Зялёнкаўскага сельскага дома культуры, народныя ансамблі песні “Фярцінка” Багатырскага СДК і “Млын” Ветрынскага ГДК.

“Падарожжа з Пэндзлікам па вёсцы” — пад такой назвай у аграгарадку Мазалава Віцебскага раёна прайшла чарговая арт-акцыя для дзяцей, падчас якой удзельнікам прапанавалі экскурсію па таямнічых мясцінах паселішча. Піша Андрэй Струнчанка: “Ролю суправаджаючага Пэндзліка выканала культарганізатар мясцовага СДК Аксана Дрыгебка. Юныя мастакі зрабілі замалёўкі пейзажаў, архітэктурных аб’ектаў. Вынікам стала выстава “Я малюю родны край”, якая працуе ў сельскай бібліятэцы. Загадчык Мазалаўскага СДК Вольга Жураўская паведаміла, што ў наступным годзе пленэр маленькіх мастакоў будзе прысвечаны вядомай на Віцебшчыне асобе — дзяржаўнаму і грамадскаму дзеячу XIX стагоддзя Ігнату Манькоўскаму”.

У Астраўцы чытацкае жыццё ажывілася. Бібліятэкар па сувязях з грамадскасцю аддзела бібліятэчнага маркетынгу Астравецкай райбібліятэкі Вольга Заянчкоўская патлумачыла, што ў гарадскім скверы прайшло мерапрыемства “Дачнае лета і чытанне”, якое ажывіла цікаўнасць патэнцыяльных чытачоў да ўстановы.

Наша пазаштатная аўтарка са Светлагорска Галіна Капецкая напісала пра народнае аматарскае аб’яднанне “Здароўе”, што дзейнічае пры Светлагорскім цэнтры культуры. Узначальвае аб’яднанне сталых людзей Вольга Дыдыкіна. Сябры аб’яднання не толькі самі прытрымліваюцца здаровага ладу жыцця, але і актыўна прапагандуюць яго ў навучальных установах раёна.

Навіны адным радком. Міхалішкаўская сельская бібліятэка правяла для дзяцей урок бяспекі аб паводзінах на вадзе.

У вёсцы Карабы Ашмянскага раёна ладзілі дзень калектыўнага адпачынку “Сустрэча землякоў”.

Летняе свята “Ад зярнятка да каравая” прайшло ў інтэграванай бібліятэцы аграгарадка Дворышча Лідскага раёна.

Чарговае пасяджэнне аматарскага аб’яднання “Сустрэча” Алекшыцкай сельскай бібліятэкі Бешанковіцкага раёна было прысвечана духоўным ведам.

Беражыце сябе, шаноўныя чытачы! Пішыце пра цікавае.

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"