Геній разгублены, рэтрыт немагчымы

№ 32 (1523) 07.08.2021 - 14.08.2021 г

Слова “рэтрыт” трывала ўвайшло ў лексікон жыхароў мегаполісаў. Менавіта “ўцёкам на прыроду” на паверку прысвечаны праект “Genius Loci / Genius Lost”, што дэманстраваўся ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў. Па сутнасці, усё пачыналася са звычайнага фотапленэру, які прайшоў у шырокавядомай сярод багемы вёсцы Каптаруны. Але запрошаныя на яго былі зусім не тыя аўтары, якія схільныя “па ўсіх правілах” фіксаваць навакольныя пейзажы. Таму вынікам рэтрыту стала досыць дыхтоўная нізка суб’ектывісцкіх і неадназначных арт-рэфлексій адносна стасункаў чалавека і месца, рэальнасці і мастацтва.

/i/content/pi/cult/862/18297/014.jpgПаўзакінутая вёска Каптаруны звычайна пазіцыянуецца як месца асаблівае, месца сілы, але яго “геніем” на выставе ніхто з замілаваннем не захапляўся. Яму наўмысна супрацьпастаўленыя аўтарскія эга. “Дык чый жа позірк мацнейшы пры гэтай сустрэчы — фатографа ці месца? Яны залежаць адзін ад аднаго. Фатографу патрэбны момант згубленасці (назавём яго genius lost), каб выбудаваць наноў свае стасункі са светам. А свету (месцу) важна быць адкрытым, каб выявіць свой дух”, — задае лейтматыў праекта крытык Дар’я Амяльковіч.

А яго куратарка Дзіна Даніловіч прызнаецца, што самі па сабе краявіды не маюць для яе мастацкага вымярэння — яно паўстае разам з людзьмі. У сваіх працах яна даследуе, як мяняе месца з’яўленне (або, наадварот, знікненне) чалавека. На левым фота — толькі прырода ў сваёй самадастатковасці, а вось на правым яна ўжо выступае ў якасці антуражу, дэкарацый: чалавечая фігура нязменна прыцягвае ўвагу на сябе.

/i/content/pi/cult/862/18297/015.jpgТэме ўцёкаў наўпрост прысвечаны праект Яўгена Атцецкага, які ўсталяваў у каптарунскіх ландшафтах лайтбоксы. Запоўненыя яркім і роўным электрычным святлом прастакутнікі выглядаюць нібы шамбалы ў небыццё, што “выгрызаюць” фрагменты рэальнасці. Супярэчлівасці гэтай працы надае яе антураж: у якасці рэальнасці для анігіляцыі былі абраныя не абрыдлыя гарадскім жыхарам каменныя джунглі, але некранутая прырода, якую апошнія зазвычай ідэалізуюць. Таму ўзнікае пытанне: чаму ж ужо сам лес не падаецца нам спосабам рэтрыту?

Што цешыць, ад банальных дыхатамій аўтары адмаўляюцца. Прырода ўспрымаецца імі не як пастаральны свет, які супрацьпастаўляецца гораду і наогул цывілізацыі, але найперш як лакмусавая паперка, здатная выявіць псіхічную сутнасць сузіральніка. Таму рэтрыт становіцца бадай немагчымым: ад сябе ж не ўцячэш. Хаця зачароўвальна прыгожае відэа Жанны Гладко імкнецца пераканаць у адваротным: аўтарка паступова ўваходзіць у халоднае мора ды ў ім знікае.

Ігар Саўчанка мае свой спосаб “гульні ва ўцёкі”: ён прыдумляе ўсё новыя і новыя маскі. Гэтым разам — схільнага да філасофскіх абагульненняў псіхіятра Паюсава. Прафесар дзівіцца, чаму ягоныя пацыенты наўмысна абіраюць хімер, што заблытваюць іх унутраны свет. Тэкст ілюструюць немудрагелістыя фота нейкіх інтэр’ераў, у якіх раптам з’яўляюцца відзежы. Думаю, гэта цалкам можна інтэрпрэтаваць як метафару мастацтва: часта яго спараджаюць менавіта хімеры, што раз-пораз паўстаюць сярод банальных рэчаў.

/i/content/pi/cult/862/18297/016.jpgУласна, пра рэчы — праект Сержука Мядзведзева. Аўтар стварае сітуацыі, калі яны, перажыўшы сваіх гаспадароў, вяртаюцца ў прыроду — адкуль і былі ўзятыя. Дэкандэнцтва тут не дакументальнае (як у тых жа закінутых вёсках), але наўмысна паэтызаванае.

Зразумець ідэю асобных твораў няпроста, аднак, сінхранізаваўшы іх з уласным досведам, пільны глядач убачыць нешта сваё. Навошта Вольга Кірылава спалучае асабістыя здымкі з кадрамі навучальнага фільма часоў Другой сусветнай пра тактыкі ўхілення лётчыкаў, можна толькі здагадвацца. Але, гледзячы гэтую нарэзку, ты дзівішся таму, наколькі прыпадабняюцца адно да аднаго розныя з’явы і кантэксты, калі ты бачыш іх не жыўцом, а на экране.

Сяргей Лескець, які ўжо шмат гадоў здымае бабуль-знахарак, гэтым разам фіксуе самі зёлкі — з дапамогай адмысловай тэхнікі люмен-друку, якая не прадугледжвае выкарыстанне фотакамеры, але затое задзейнічае ўласныя сокі раслін. Паэтычны на выгляд праект — таксама і новы падыход да адлюстравання “гарадскімі” фатографамі моднай этнаграфічнай тэматыкі. У дадзеным выпадку погляд аўтара наўмысна рэдукаваны да нуля — ён не выяўляе ўласнага бачання, але дае аб’екту магчымасць паказваць сябе самому.

Вольга Хахлова “запакоўвае” нядаўнія ўспаміны ў эпаксідную смалу, як энтамолаг — матылькоў, і стылізуе свежыя фота пад рэтра-эстэтыку: нібы яны родам з мінулай эпохі. І сапраўды, уласцівасць забываць мінулае ў хуткаплынным часе ўсё больш прагрэсуе. Падкрэсліваючы гэта, аўтарка адначасова шукае і спосабы тыя ўспаміны захаваць. “Але завялыя кветкі пад шклом усё яшчэ пахнуць”, — гаворыцца ў эксплікацыі праекта.

…Выраз “Genius Lost” — а больш правільна яго разумець як “заблукалы або разгублены геній” — мае ўсе шансы стаць крылатым. Ён вельмі добра адлюстроўвае не толькі сам праект, але і — без перабольшвання — наогул цяперашнюю сітуацыю ў мастацтве. Геніі, якія праторваюць магістральныя шляхі і агучваюць важныя для ўсіх ісціны, недзе згубіліся. Прынамсі, я такога генія ў цяперашнія часіны нават уявіць не магу.

Затое ёсць “проста” асобы, якія выяўляюць свае індывідуальныя стасункі са светам з дапамогай мастацкіх практык. Яны суб’ектыўныя, часам малаўцямныя, нярэдка капрызлівыя… Але менавіта гэтым каштоўныя.