Алена Пяткевіч. Мара пра цуды як рухавік творчасці

№ 32 (1523) 07.08.2021 - 14.08.2021 г

У год, калі беларуская анімацыя адзначае свой паўвекавы юбілей, асабліва прыемна згадваць творцаў, якія і складалі славу нашага анімацыйнага кіно. У спісе найлепшых стужак беларускай кінастудыі знойдзецца нямала фільмаў рэжысёра Алены ПЯТКЕВІЧ. У кіно ў яе свая лінія, што пачалася яшчэ з дэбютнага фільма “Лафертаўская макаўніца” — на той час, 1986 год, ён выглядаў дзіўна і эксперыментальна. Работы Алены Пяткевіч ужо тады пачалі атрымліваць прызы на прэстыжных фестывалях, а восем гадоў таму яе фільм “І. С. Бах” з цыкла “Казкі старога піяніна” стаў уладальнікам галоўнай расійскай прэміі ў галіне кіно “Залаты арол”. “Чароўная лаўка”, “Месяц”, “Казкі лесу”, вялікая серыя пра знакамітых творцаў — Марка Шагала, Максіма Багдановіча, Іагана Штрауса, Людвіга ван Бетховена... Прахадных фільмаў і не было. Многае цягам нядаўняга ліпеня можна было ўбачыць у Музеі гісторыі беларускага кіно ў рэтраспектыве, прысвечанай 70-гадоваму юбілею творцы. Так, у ліпені Алене Пяткевіч споўнілася 70 гадоў, і наша размова атрымалася менавіта юбілейнай. У выпадку з гэтым творцам, праўда, сэнс быў не ў пералічванні дасягненняў, а ў імкненні выказаць усім падзяку.

/i/content/pi/cult/862/18293/08.jpg— 70 гадоў дата складаная, часта кажу — хочацца, каб заўсёды было 50, а лепей 35. У 35 гадоў яшчэ ёсць мара пра цуды, пра нешта неверагоднае, ты марыш — і гэта рухае тваю душу, тваю творчасць. А зараз я ўжо набліжаюся да фінішу марафонскай дыстанцыі: фільмы зроблены, іх паглядзелі, крытыкі напісалі і ацанілі… І ўсё больш цягне перагортваць сваё жыццё назад. Як цяпер разумею — вельмі важны старт і тое, што было на старце. Таму хочацца гаварыць пра чалавека, які мяне стартаваў, — пра маю маму і пра яе любоў да мяне.

Нас з братам яна прывезла ў Беларусь з расійскага Арла, калі мне было 5 гадоў — пасля заканчэння Вышэйшай гандлёвай школы па рабоце яе накіравалі ў Гродна. І для мяне там пачалося абсалютна фантастычнае жыццё! Вось дзе быў пачатак — у маіх дзіцячых уражаннях. Менавіта ў Гродне я ўпершыню пачула гучныя званы — званілі ўсе касцёлы. Вузкія вулачкі, дзіўныя фасады, лесвіцы і лабірынты, па якіх мы з іншымі дзецьмі бегалі і дзе кожны дзень для нас быў адкрыццём… Сады і брукаванкі, ручаі пад час дажджу, тэатр, у які мы хадзілі, — усё як чароўная казка. Гродна сустрэў мяне такімі вобразамі. Потым школа, і зноў нешта цудоўна-неверагоднае — а мама абрала для мяне французскую школу. А яшчэ мама аддала мяне ў спорт — на акрабатыку і плаванне. Але і гэтага было мала — пасля ў доме з’явіліся скрыпка і піяніна.

— То недарма ў вас столькі фільмаў пра музыкантаў і столькі ўзнагарод менавіта за гэтыя работы — вы добра ведаеце тэму.

— Усё, пра што я вам расказваю, — дзяцінства, вулачкі Гродна, настаўнікі, піяніна, школа і іншае, — потым увайшло ў фільмы. І ўсё гэта дзякуючы маме, пра якую я не магла не сказаць у свой юбілей. Але ж дні нараджэння я даўно не святкую, бо мама загінула якраз у такі дзень.

І ўсё ж, нягледзячы на мае поспехі ў музыцы, яна хацела, каб я стала ўрачом. І я б лёгка паступіла, бо была выдатніцай. Але ў мяне на той час ужо меліся свае прыхільнасці — я многа малявала і нават ляпіла з пластыліну. Захапілася Мікеланджэла, пачала чытаць кнігі па мастацтве — і вырашыла, што хачу быць скульптарам. Чаму — нават і не ведаю. Мабыць, гэта было прадчуваннем чагосьці чароўнага. А паступіла я ўрэшце на архітэктара ў Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут, што ізноў было вялікім шчасцем. Я разумею, што мне ў многіх момантах — творчых, прафесійных — моцна шанцавала ў жыцці. Усяму і ўсім хочацца падзякаваць. У нас выкладалі цудоўныя маладыя архітэктары, са мною вучыліся выдатныя творцы. Сама прафесія архітэктара — найлепшая, бо тут табе і тэхнічная адукацыя, і мастацкая. Але калі ўжо ў Мінску я пачала працаваць архітэктарам, зразумела, што хачу ў кінематограф.

/i/content/pi/cult/862/18293/09.jpg— Анімацыя з’явілася выпадкова, раптам, ці жыццё раней падрыхтавала да такога выбару?

— Трэба сказаць, і тут мама нейкім чынам паўплывала. Бо ў гандлёвай школе, дырэктарам якой яна была, па пятніцах паказвалі ўсе новыя замежныя фільмы, французскія напрыклад, і я іх глядзела. Па тым часе такое было толькі для выбраных. А яшчэ — мне трапілася ў рукі маленькая кніжачка пра мастацтва анімацыі ўжо знакамітага на той час рэжысёра Фёдара Хітрука. І вось так паглядзела я на свой кульман з архітэктурнымі праектамі, дзе побач з будынкамі малявала чалавечкаў — і ўсе яны ў мяне рухаліся, былі героямі нейкіх сюжэтаў, і вырашыла ехаць у Маскву на Вышэйшыя рэжысёрскія курсы.

— Мабыць, такія педагогі, як Фёдар Хітрук і Юрый Нарштэйн, майстры найвышэйшага рангу ў свеце мультыплікацыі, — гэта проста падарунак лёсу для пачаткоўца…

— Фёдар Савельевіч Хітрук — мой родны і блізкі чалавек, мой Майстар. Я ж у той год спазнілася на экзамены, але Фёдар Савельевіч даў мне тэлефон Алега Белавусава — галоўнага рэдактара анімацыйнай студыі на “Беларусьфільме”. І мяне прынялі на студыю. Такім чынам, я звольнілася з “архітэктуры” і прайшла ўсе стадыі тэхналагічнай працы, засвоіла ўсе анімацыйныя прафесіі. І потым усё ж паступіла на Вышэйшыя рэжысёрскія курсы, дзе пачалася найцудоўнейшая гісторыя. Фёдар Савельевіч ставіўся да мяне проста як да дачкі. Дагэтуль не магу спакойна казаць, яго партрэт і кнігі са мной заўсёды. Але самае галоўнае — калі я пачынаю чарговы праект, першай справай згадваю свайго настаўніка. Да таленту Хітрук ставіўся проста як да скарбу, як да брыльянта. Вы б толькі бачылі яго, калі мы здавалі курсавыя ці яшчэ што, — як ён глядзеў, якое для яго гэта было шчасце! Намі ўсімі тады рухала жаданне стварыць нешта неверагоднае, стварыць цуд. А потым жа яшчэ і Юрый Барысавіч Нарштэйн! Ён узяў мяне на практыку на свой “Шынель” — хто разумее, пра што гаворка, той ведае, наколькі фантастычнай была такая ўдача. Увогуле, на курсах нам давалі эксперыментаваць, адкрываць нешта новае. Памятаю, як пад музыку Queen з яе неўтаймоўнай энергіяй мы рабілі свае курсавыя, напоўненыя гэткай жа энергіяй творчасці. Днём вучыліся, па начах здымалі і былі шчаслівыя.

Я хацела адшукаць нешта незвычайнае, і свой дыпломны фільм “Лафертаўская макаўніца” зрабіла ў пясочнай тэхніцы. Яшчэ на курсах, калі бачылі, як я “ганяю” туды-сюды нешта сыпучае — соль, каву, потым пясок, здзіўляліся: і што, ты можаш гэтым маляваць карціны? Мастацкім кіраўніком майго дыплома быў Юрый Нарштэйн, і калі ён пабачыў вынік, то быў моцна ўзрушаны.

/i/content/pi/cult/862/18293/010.jpg— “Лафертаўская макаўніца” атрымала нямала прызоў і ў Еўропе, і ў Савецкім Саюзе. Пасля было яшчэ мноства стужак — і ўсе на “Беларусьфільме”, у вас у жыцці была толькі адна кінастудыя?

— Так, пачынаючы ад дыпломнай працы. Алег Белавусаў даў дабро на гэтую дзіўную “Макаўніцу”, хоць для яго тое і было рызыкоўна. Белавусаў увогуле быў неверагодна таленавітым чалавекам і заўсёды мяне падтрымліваў. Незадоўга да сваёй смерці менавіта мне з Мішам Тумеляй даверыў сваіх студэнтаў у Акадэміі мастацтваў. Алегу я ўдзячная проста да слёз, таму што ў нейкім сэнсе ён змяніў мой лёс — у мяне з’явіліся вучні, з якімі мне было вельмі цікава пражываць іх творчыя жыцці. Разумею, што немагчыма ў адно інтэрв’ю ўсё ўмясціць: пра кожнага чалавека, як і пра кожны фільм, можна гаварыць і гаварыць. Але ж хоць некаму паспець бы падзякаваць. Хачу сказаць, што трэба цаніць чалавечае жыццё. У апошні год, калі сама сутыкнулася з выбарам — змагацца і жыць далей ці ціхенька памерці, я асабліва гэта зразумела. Зараз са здароўем усё добра, але тая сітуацыя яшчэ больш падштурхоўвае мяне дзякаваць многім і многім людзям.

— Сваіх дачок вы таксама захапілі анімацыяй? Яны ж і з вамі ў кіно працавалі, шэраг стужак вы зрабілі разам. Вольга Марчанка, напрыклад, была мастаком-пастаноўшчыкам такіх знакамітых стужак, як “Чароўная лаўка”, “Казкі лесу”…

— З дзецьмі мне вельмі пашанцавала. Праўда, абедзве дачкі цяпер жывуць не ў Беларусі, але я штохвілінна адчуваю іх клопат. Вольга скончыла нашу Акадэмію мастацтваў як графік і паступіла ў школу анімацыі ў Францыі — але перад гэтым нямала адпрацавала са мной на карцінах. А цяпер яна замужам за славутым эстонскім рэжысёрам-аніматарам Прыйта Пярнам, у мяне ў Эстоніі расце цудоўны ўнук. Вольга, дарэчы, пераняла мой пясковы жывапіс у анімацыі, працуе ў гэтай тэхніцы, праводзіць майстар-класы па ўсім свеце. А Соф’я стала музыкантам, скончыла Акадэмію музыкі ў Санкт-Пецярбургу, піша музыку да маіх фільмаў — яна ў Маскве. У дачок шчаслівыя сем’і, і ад гэтага я таксама шчаслівая.

— Вы неаднойчы сказалі, што вам шчасціла, што вось гэта было цудам, а гэта — неверагодным… Няўжо ўсё так бесклапотна?

— Мабыць, дзеля раўнавагі лёс зрабіў так, што не шчасціла мне ў асабістым жыцці. Думаю, што я перайшла ў анімацыі на біяграфіі слынных людзей таму, што свайго асабістага жыцця ў мяне ўжо не было, і я стала пражываць жыцці іншых — тады мне рабілася лягчэй. У сэнсе, я жыла не ў рэальнасці, а ў ірэальнасці. Праўда, так было і заўсёды. Як я кажу, мае найлепшыя сябры — гэта ўсе паэты і пісьменнікі. Калі мне трэба пагаварыць, я адкрываю томік Экзюперы, а любімы паэт для мяне — Арцюр Рэмбо, у якога я дагэтуль вучуся рэжысуры, як бы дзіўна гэта ні гучала.

— Сапраўды, у апошнія дзесяцігоддзі ў вас атрымалася ўнушальная падборка стужак, прысвечаных выдатным асобам, — у спісе асабліва многа кампазітараў з цыкла “Казкі старога піяніна”. Усе гэтыя творцы для вас жа не проста персанажы сцэнарыяў?

— Практычна ніводзін з герояў маіх фільмаў не з’явіўся выпадкова. Вось чаму я і згадваю сваё мінулае: усё, што было і што ўразіла калісьці, потым адгукнулася ў рабоце. Напрыклад, “І. С. Бах”: у дзяцінстве ў мяне была вялікая грампласцінка Баха, я чытала яго біяграфію, уражвалася, як ён ноты перапісваў, — усё гэта ёсць у фільме. “Іаган Штраус” — Штраус быў любімым кампазітарам мамы. “Магістр вольных мастацтваў Францыск Скарына” — гэта даніна памяці майму першаму мужу Ігару Марчанку і яго сям’і, якія былі паглыблены ў беларускую культуру, шанавалі беларускую мову. “Марк Шагал. Пачатак” — яшчэ калі рабіла свой першы фільм, у Ленінскай бібліятэцы пабачыла карціны Шагала і проста захварэла імі. Што б ні рабіла, над чым бы ні працавала — адкрывала альбомы з Шагалам і натхнялася ім. Праўда, сама б я ніколі ў жыцці не асмелілася ўзяцца за гэтую тэму, але мне прапанавалі на студыі! Да таго ж у мяне была выдатная падтрымка ў выглядзе найлепшага мастака-пастаноўшчыка Алы Мацюшэўскай. У кіно мне даводзілася пастаянна браць усё больш высокія планкі, на якія спачатку і страшна было замахнуцца. І фільм пра Максіма Багдановіча мне прапанавалі — але паэзію Максіма я заўсёды са сваімі дочкамі спявала пад гітару, і ў Гродне побач з маёй школай быў домік Багдановіча, ды й у нашых біяграфіях для мяне было шмат агульнага — яго адвезлі ў Расію, мяне прывезлі ў Беларусь, і г. д. Расія ж мне родная па паходжанні, але жыць я магла толькі ў Беларусі — пад нашым сонейкам, з нашымі мяккімі, добрымі і крыху сумнымі людзьмі. З імі я ніколі не адчуваю сябе самотнай.

— Няўжо вам так і не давялося зрабіць нешта больш утылітарнае, больш простае, не тое, чаго хацела менавіта ваша душа?

— Перад вамі сядзіць шчаслівы чалавек — я ніколі нічога не рабіла толькі таму, што так было трэба. Мне давалі магчымасць эксперыментаваць, рызыкаваць. Хаця, канешне, былі паўзы, і не ўсе фільмы праходзілі лёгка. Але на гэтай студыі я пражыла найшчаслівейшае жыццё ад самага першага дня і да сёння. Вось і зараз у мяне выдатная група, з якой мы робім казку пра Новы год з пакуль умоўнай назвай “Где качались тихо ели”. Так, на кінастудыі складаныя часы, многіх калег, з кім рабіліся ранейшыя фільмы, я страціла, але са мной прыйшоў працаваць мой вучань з акадэміі, які ў тым узросце, калі яшчэ вольна марыць пра цуд, — Данііл Жугжда. Прыйшоў з арміі выдатны малады мастак Віталь Андрусевіч. Калі я працую з маладымі, для мяне гэта як падарунак. А яшчэ ў групе аніматар Света Кавалеўская, з якой раней мы ўжо рабілі “Іагана Штрауса” — Святлана тады была мастаком-пастаноўшчыкам, і на славутым кінафестывалі ў Хірасіме “Іагана Штрауса” паказвалі ў праграме “Шэдэўры анімацыі”. Увогуле павінна сказаць, што мае фільмы заўсёды рабіла і робіць каманда. І, паверце, хоць усіх тут згадаць немагчыма, мая ўдзячнасць ім бязмежная — бо гэта яны зрабілі з мяне шчаслівага ў творчасці чалавека.