Аршанскі раён. Праграма выконваецца

№ 32 (1523) 07.08.2021 - 14.08.2021 г

5 жніўня адбылося выязное пасяджэнне калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь на чале з міністрам Анатоліем Маркевічам. Падчас яго абмяркоўвалася хада выканання Праграмы развіцця Аршанскага раёна за 2020 год і першае паўгоддзе 2021 года. Зразумела, што адбывалася пасяджэнне ў Оршы, горадзе, які пазначаны на 2022 год у якасці культурнай сталіцы.

/i/content/pi/cult/862/18289/04.jpgУ раённы цэнтр з Мінска ўдзельнікі мерапрыемства ехалі не наўпрост, але папярэдне наведаўшы два дамы культуры на тэрыторыі раёна — у гарадскім пасёлку Балбасава і горадзе Барань. Першы дом культуры — дзейны, у другім адбываецца капітальны рамонт з добраўпарадкаваннем навакольнай тэрыторыі. Міністр і ўдзельнікі пасяджэння азнаёміліся з працай адной установы культуры і агледзелі стан рамонтных работ другой.

Зразумела, што да прыезду міністра рыхтаваліся, але гэта ніякім чынам не парушала звыклага рабочага рытму дзейнага дома культуры і будаўнічага аб’екта. Адзінае, што для мінскіх гасцей у Балбасаўскім доме культуры была разгорнута выстава гістарычнага характару. Асабіста мяне ды, мяркую, і іншых уразіла тое, што спецыяльна для гэтай імпрэзы некалькі супрацоўнікаў апрануліся ў гістарычныя касцюмы. Запомніўся малады хлопец ва ўніформе афіцэра-артылерыста Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі лета 1941 года. Дакладна такую форму насіў капітан Флёраў, на загад якога на Аршанскай зямлі ворагу даўся ў знакі самы першы залп легендарных “кацюш”.

У Барані міністр і знаёмыя з сітуацыяй супрацоўнікі міністэрства звярнулі ўвагу будаўнікоў на відавочныя недапрацоўкі і магчымы зрыў графіка работ. Маўляў, як бы ні прыйшлося займацца дахам і фасадам пад дажджом і снегам.

Наступны прыпынак, дакладней, галоўная мэта — Орша. Гарадскі Палац культуры. Зноў экскурсія па рабочых памяшканнях, знаёмства з дзейнасцю самадзейных калектываў і студый Палаца. Тут работа пастаўлена належным чынам і ў наяўнасці добрая матэрыяльная база. Палац нават мае ўласны пашывачны цэх, дзе ствараюцца сцэнічныя касцюмы. Ёсць і мастак-афарміцель, што працуе і для аздобы сцэны, і для патрэб палаца ўвогуле. Як прынята казаць, “усё па-даросламу”. Само пасяджэнне адбылося ў шыкоўнай глядзельнай зале Палаца.

Ва ўступным слове міністр адзначыў, што Праграма развіцця Аршанскага раёна за 2020 год і першае паўгоддзе 2021 года — буйнамаштабны культурніцкі праект, які зараз рэалізуецца на Аршаншчыне, — пілотны. Паводле ягоных вынікаў будуць зроблены высновы для ўсёй краіны. І гэтая акалічнасць накладае асаблівую адказнасць на выканаўцаў.

Са справаздачаю выступала начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Ірына Карповіч. Таксама слова мелі Пётр Падгурскі, начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама; Віктар Колачаў, намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама; Аляксандр Гавейка, дырэктар Аршанскага раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай працы. Былі пытанні і рэплікі з залы.

Асноўнай тэмай гутаркі было кадравае забеспячэнне дзяржаўнай культурніцкай праграмы, стварэнне спрыяльных умоў для працы маладых спецыялістаў, без чаго амаль немагчымыя ні стратэгічныя напрамкі, ні тактычныя падыходы.

Таксама была звернута ўвага на неабходнасць стымулявання творчых ініцыятыў як у матэрыяльным, так і ў маральным планах. Тое, што сёння ў культурніцкай галіне столькі незакрытых вакансій, — рэч ненармальная. Неабходны сур’ёзны аналіз сітуацыі і адпаведныя арганізацыйныя высновы.

На заканчэнні пасяджэння шэраг мясцовых рупліўцаў культуры ва ўрачыстай абстаноўцы атрымалі ўзнагароды Міністэрства.

А потым быў невялікі канцэрт, які даваў магчымасць ацаніць не толькі майстэрства самадзейных артыстаў, але і тэхнічныя магчымасці сцэны палаца ў Оршы. І тое, і другое ўражвае. Зрэшты, можна канстатаваць, што Праграма развіцця Аршаншчыны выконваецца паспяхова.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"