Ура! Кніжны дождж прайшоў!

№ 30 (1521) 24.07.2021 - 30.07.2021 г

Мы так часта ўжываем слова “культура”, што іншым разам не задумваемся над глыбінным сэнсам паняцця. І дарэмна. Напэўна, у гэтым прычына не надта вялікай чысціні нашых ліфтаў і душ. А таксама — не вельмі добрага ведання роднай гісторыі ды імя продка ў пятым калене. А сапраўды, што за паняцце такое — культура? Звернемся да цытат. Наш Васіль Быкаў, да прыкладу, сцвярджаў, што “аснова беларускай культуры — мова”. Ці не за век да Быкава расійскі журналіст Рыгор Ландау заўважыў: “У культуры асновай з’яўляецца вяршыня”. Геніяльна! Лагічны працяг усяго згаданага ў тым, што без нацыянальнай мовы і гаворкі няма пра нацыянальную культуру. І не толькі пра культуру. Пацвярджаюць думку Рыгор Барадулін: “Без мовы я — нішто” і Пімен Панчанка: “Я — сірата без маёй Беларусі”. Мова атаясамліваецца з Бацькаўшчынай. Культура гарантуе захаванне і першага, і другога. У доказ — выказванне аднаго з вядучых кардыёлагаў планеты Себасціяна Кербера: “Карціна не можа спыніць кулю, але можа спыніць таго, хто страляе”. Трапна і ёміста. А як разумееце слова “культура” вы, яе носьбіты і чытачы “К”?

/i/content/pi/cult/860/18254/13.jpgСённяшні агляд пачнём з самага галоўнага. Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Навагрудскай раённай бібліятэкі Вольга Жых тлумачыць, за што яе ўстанова перамагла ў XXIX рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” і атрымала дыплом у намінацыі “За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы”. Спадарыня Вольга не толькі згадвае дзейнасць рэтра-фотаатэлье, але і распавядае пра іншыя праекты: “Бібліятэка займаецца не толькі выдачай кніг. Яе функцыянал дзівіць уяўленне. А нашы праекты робяць Навагрудак больш культурным, адукаваным і дабрэйшым. Выставачны праект “У нас у гасцях пісьменнікі і кнігі ладзіць каманда аўтабібліятэкі. Маршрут інфармацыйна-краязнаўчага тура ўключае наведванне аддаленых маланаселеных вёсак. Апошні наш візіт — у Панямонь, Нізаўцы і Рахавец. А ёсць яшчэ і музычны праект “Зямлі роднай многагалоссе”. Сваіх чытачоў райбібліятэка запрасіла да ўдзелу ў чэленджы #Гродзеншчына, якая чытае. Установа прапаноўвае інтэрактыўную праграму “Рэтра-падарожжа з навагрудскай гараджанкай”. Маршрут уключае наведванне міні-музея, дзе экспануецца макет Рынкавай плошчы”. Вось каб усе лісты ў нашу рэдакцыю былі б такімі ёмістымі!

Зэльва таксама працягвае радаваць. Вольга Камякевіч — намеснік дырэктара Зэльвенскай раённай бібліятэкі — распавядае пра тое, што ў Елкаўскай сельскай бібліятэцы можна апынуцца пад “Кніжным дажджом”. Так называецца выстава, размешчаная пад вялізным парасонам. У неверагодную ліпеньскую спёку такі “дождж” — збавенне для чытача. Вось што значыць дакладная назва для творчай акцыі!

Па першым часе маё пытанне “А што ў вас ёсць такога, чаго нідзе няма?” вясковых работнікаў культуры, мякка кажучы, здзіўляла. Прайшоў час. Цяпер сотні беларускіх паселішчаў маюць свае брэнды. Пра іх зараз і гаворка.

Дзень рыбака прайшоў у аграгарадку Варонча Карэліцкага раёна. Самая лепшая юшка атрымалася ва Уладзіміра Гацко з Варончы. Прынамсі, менавіта да яго выстраілася вялікая чарга. А яшчэ былі тэатралізацыя, канцэрт і самае галоўнае — рыбалка. Кілаграмовага карпа выцягнуў 13-гадовы Вадзік Ціхановіч, які прыехаў да бабулі і дзядулі з горада. Уяўляю шчасце мальца!

Акцыі, прысвечаныя кветкам, прайшлі на Астравеччыне і Ашмяншчыне. Бібліятэкар па сувязях з грамадскасцю аддзела бібліятэчнага маркетынгу Астравецкай раённай бібліятэкі Вольга Заянчкоўская напісала аб праекце сваёй установы “Кветкі — вершы прыроды” (назва — супер!), а Ірына Бразоўская распавяла пра свята кветак у аграгарадку Кракоўка, якое ладзілі мясцовыя клубнікі. Не паспеў я гэтыя радкі напісаць, як прыйшла навіна з Ваўкавыска. Аказваецца, тамтэйшыя метадысты таксама любяць кветкі. Супрацоўнікі ДК назвалі свой праект “Гнезнаўскі букет красак”.

Бачыў на “Беларусьфільме”, як робяць мульцікі, выкарыстоўваючы для малюнка пясок. Уразіўся тады бясконца. Таму і ліст Алены Цярэшка, загадчыка аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ваўкавыскай раённай бібліятэкі лічу выключным па змесце. Справа ў тым, што ўстанова мае гульнявы пакой, дзе вялікай папулярнасцю карыстаецца пескаграфія, якую з поспехам асвоілі бібліятэкары. Аказваецца, гэты від мастацтва называецца, па словах Алены, sand art. А вось хто навучыў пескаграфіі саміх супрацоўнікаў установы, аўтарка, на жаль, не паведамляе. Неаспрэчна адно: бібліятэка мае свой непаўторны брэнд, а любы чытач можа намаляваць пяском ілюстрацыю да ўпадабанага твора.

Прыхільнікі творчасці Уладзіміра Высоцкага сабраліся ў чарговы раз на возеры Літоўка Навагрудскага раёна. Фэст бардаўскай песні даўно стаў сталым брэндам раёна. Гэтыя мясціны Уладзімір Высоцкі наведваў у 1969 годзе, калі тут праходзілі здымкі фільма Віктара Турава “Сыны ідуць у бой”. Мясцовыя жыхары на гэты факт не забыліся. Нагадаю, што ў навагрудскім гатэлі ёсць “імянны” нумар Высоцкага.

Сёлета спаўняецца 145 гадоў з дня нараджэння нашай славутай зямлячкі Алаізы Пашкевіч, — распавядае загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі Таццяна Красінская. — З гэтай нагоды па ўсім раёне прайшлі літаратурна-паэтычны тыдзень, паэтычнае свята, літаратурныя чытанні… А 13 ліпеня наша ўстанова ладзіла творчыя сустрэчы, прысвечаныя 145-годдзю Цёткі і 150-годдзю з дня нараджэння Лесі Украінкі. Таццяна Анатольеўна ўпершыню напісала ліст у “Культуру”. Вельмі спадзяюся, што газета займела чарговага шчырага сябра.

Загадчыца Давыд-Гарадоцкай гарадской бібліятэкі Таццяна Стахейка піша пра сустрэчу з вядомай паэткай Століншчыны Галінай Бабарыка. “Галіна Сідараўна, — распавядае аўтар, — сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат шэрагу літаратурных конкурсаў”.

Акцыя “З клопатам пра бяспеку малой Радзімы” ладзіцца ў два этапы: з 1 ліпеня па 16 жніўня і з 13 верасня па 4 кастрычніка. Мэта — папярэджанне пажараў з-за неасцярожнага абыходжання з агнём і гібелі на іх людзей сталага ўзросту. Пра гэта напісала Таццяна Бычанок — спецыяліст Савецкага раённага аддзела надзвычайных сітуацый Мінска. Чарговая акцыя “Вакацыі без дыму і агню” ладзіцца з чэрвеня па жнівень. Далей спадарыня Бычанок распавядае аб правілах паводзін на вадзе. У першую чаргу гэта тычыцца дзяцей. У ваду неабходна заходзіць паступова, не варта купацца нашча ці адразу пасля прыёму ежы, нельга знаходзіцца ў вадзе падчас навальніцы. Даволі частая падзея — сутарга. Яна можа ўзнікнуць (часцей на лыткавай цягліцы) калі заўгодна. Трэба не панікаваць, зрабіць глыбокі ўздых і апусціцца пад ваду з галавой, моцна ўхапіць рукой вялікі палец нагі і цягнуць ступню на сябе.

Беражыце сябе, шаноўныя чытачы. Пішыце пра цікавае і здзіўляйце!

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"