Ён мысліў фарбамі

№ 30 (1521) 24.07.2021 - 30.07.2021 г

Жывапісец Леанід Лапчынскі (1936 —1994) належыць да таго ж пакалення, што і Альгерд Малішэўскі, Леанід Шчамялёў, Ізраіль Басаў. І творчасць ягоная ў свой час прыцягвала, здаецца, не меншую ўвагу, мела такі ж добры розгалас у глядацкай аўдыторыі і пашану ў мастацкай крытыцы. Здавалася, што ў Лапчынскага ёсць немалыя шанцы трапіць у кагорту класікаў нашага нацыянальнага мастацтва. Аднак сёння ягонае імя вядомае хіба шчыльнаму колу адмыслоўцаў, чые прафесійныя інтарэсы скіраваны на “суровы стыль” і напрамкі, што паўсталі на ягонай глебе. Я не сказаў бы, што ён незаслужана забыты. Але факт ёсць факт: зробленае ім вартае больш пільнай увагі і больш глыбокага асэнсавання.

/i/content/pi/cult/860/18248/5.jpgНарадзіўся мастак у Мінску ў сям’і з даволі высокім сацыяльным статусам. Бацька Леаніда быў начальнікам станцыі Мінск-Усходні. Гэта і сёння пасада сур’ёзная, што ж казаць пра той час, калі тэхнічныя спецыялісты і дасведчаныя адміністратары былі ў вялікім дэфіцыце. Асяродак, у якім прайшло дзяцінства, гэта вельмі важны чыннік творчай біяграфіі. Ёсць, канешне ж, самародкі, так бы мовіць, “з народу”, з глыбінкі, з сялянскай хаты, але наяўнасць у чалавека з творчымі схільнасцямі “пачатковага капіталу” — матэрыяльнага і культурніцкага, гэта ўдача. Калі хочаце, бонус лёсу.

Праўда, бацька будучага мастака ў 1937 годзе трапіў пад каток рэпрэсій і атрымаў за казённы кошт вандроўку на рускую Поўнач, дзе белых медзвядзёў пасвяць. Але напярэдадні вайны вярнуўся дадому — не праз гуманнасць улады, а з прычыны згаданага дэфіцыту кадраў на стратэгічным транспартным напрамку, якім была і ёсць Беларусь.

Дзяцінства, абпаленае вайною, школа-сямігодка, мастацкая студыя пры мінскім Палацы піянераў, Мінская мастацкая вучэльня, мастацкі факультэт нашага Тэатральна-мастацкага інстытута. Скончыў інстытут Леанід у 1962 годзе. Далей працаваў на Мінскім мастацкім камбінаце, выкладаў у вучэльні, дзе сам колісь вучыўся, і пісаў карціны — пераважна пейзажы. У 1973 годзе выявіліся праблемы са здароўем. Развіццё хваробы праз 21 год прывяло мастака да скону.

Зыходзячы з ягонай творчасці, можна сказаць, што Леанід Лапчынскі ці спазніўся нарадзіцца, ці апярэдзіў свой час. Яму было б псіхалагічна ўтульна і ў асяродку амбітных авантурыстаў “Парыжскай школы” пачатку мінулага стагоддзя. Разам з тым, сёння ягоны творчы метад — выяўленчыя пошукі на мяжы прадметнасці і абстракцыі ўспрымаліся б надзвычай актуальна.

/i/content/pi/cult/860/18248/4.jpgЯк сказана вышэй, большая частка ягонай спадчыны — пейзажы. Але ў адрозненне ад нашых вялікіх майстроў гэтага жанру — Бялыніцкага-Бірулі, Цвіркі, Вашчанкі, Леанід Лапчынскі не імкнуўся да канкрэтыкі, да ўвасаблення аўры менавіта гэтай мясціны, менавіта гэтага матэрыяльнага ці прыроднага аб’екта. Яму было нібыта ўсё адно што маляваць: доменную печ Мінскага аўтазавода, пагоркі Раўбічаў, вежы і сцены Мірскага замка. Галоўнае, каб пабачанае выклікала эмоцыі, якія трансфармаваліся ў спалучэнні колераў. Ён не маляваў фарбамі. Ён імі мысліў. Краявід для яго быў толькі падставаю эмацыйна выказацца. Лапчынскі маляваў не аб’екты ці рэчы, а стан сваёй душы  — радасць, сум, трывогу… У пэўным сэнсе ён нагадваў артыста, які цалкам аддаецца той ці іншай ролі. На такім экстрыме доўга не жывуць. Гэты прыгожы чалавек не дажыў нават да сямідзесяці — да ўзросту, які славуты акадэмік Паўлаў (той, з каго Булгакаў напісаў прафесара Прэабражэнскага) лічыў для чалавека біялагічна запраграмаваным. Калі б Леанід Лапчынскі не быў мастаком, сёлета ён святкаваў бы сярод сяброў юбілей — 85 год.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"