Сціплая ахвяра глыбінкі?

№ 29 (1520) 17.07.2021 - 23.07.2021 г

Якой аправы не стае архітэктурным дыяментам
Некалькі разоў на год нам з жонкай даводзіцца бываць у Гародні. Звыкла разлічвалі маршрут такім чынам, каб заспець трасу не перагружанай і праз гэта даехаць да сталіцы Панямоння як мага хутчэй. На сваім самаходзе атрымлівалася ад Мінска да Гародні недзе тры гадзіны. Так рабілі да нядаўняга часу, а потым вырашылі завядзёнку парушыць і ператварыць гэтыя паездкі ў невялікія вандроўкі, узбагаціць уражанне ад звыклай дарогі сякімі-такімі цікавосткамі.

/i/content/pi/cult/859/18243/18.jpgНапачатку наконт маршрутаў раіліся з дасведчанымі людзьмі і гарталі інтэрнэт, а зараз, маючы пэўны досвед, і самі можам штосьці параіць тым, хто хацеў бы лепей ведаць родную Беларусь. Вось гэтым разам, па дарозе ў той бок, наведалі Ашмяны, а на зваротным шляху — Шчучын ды Івянец. Планавалі яшчэ пабачыць Солы, дзе знаходзіцца адзін з самых прыгожых храмаў Беларусі — касцёл Маці Божай Ружанцавай (пабудаваны ў 1926 годзе ў рэдкім для нашай сакральнай архітэктуры стылі мадэрн), і Гервяты. Надзвычай прыгожы неагатычны гервяцкі касцёл, пабудаваны на мяжы XIX — XX стагоддзяў. Той, хто бачыць яго выяву ўпершыню, не верыць, што гэта Беларусь. Але не склалася… Гэтыя перліны наведаем наступным разам. Дасць Бог, дык і ў бліжэйшы час.

У Ашмяны выправіліся дзеля касцёла Архангела Міхаіла. Пабудаваны ў 1900 — 1910 гадах у стылі неабарока, храм выстаяў у дзвюх сусветных войнах, а зачынілі яго ў 1948 годзе на хвалі вайны з рэлігійнай свядомасцю. Скарыстоўваўся як вытворчае памяшканне. Вернуты вернікам у 1989-м. Даволі звычайная гісторыя. Бывала і горш. Мяркуючы па ступені захаванасці, храму яшчэ пашчасціла на сваіх часовых квартарантаў ад прамысловасці. Нават са знятымі крыжамі храм для мясцовага люду заставаўся святыняй і праз гэта захаваўся.

Сёння храму вяртаюць гістарычнае аблічча. Алтар ужо аздоблены карцінамі. Адна з іх настолькі мяне здзівіла, што я даслаў яе фатаграфію Андрэю Дубініну — мастаку-манументалісту, які мае досвед роспісу храмаў, з просьбай патлумачыць, новатвор гэта ці адноўлены/рэстаўраваны твор часу пабудовы храма. Рэч у тым, што святы Георгій вельмі падобны да… Напалеона. Мясцовы аўтар для алтарнай кампазіцыі ўзяў за ўзор славутае палатно славутага французскага мастака Жака Луі Давіда, прысвечанага аднаму з самых эфектных эпізодаў напалеонаўскай эпапеі. Гэта палатно — “Напалеон на перавале Сен-Бернар”.

Вось што адказаў спадар Андрэй: “Цікавы варыянт іканаграфічнага пераўтварэння, звычайна новыя сюжэты ўкладаліся ў старыя іканаграфічныя формулы (як неаміфалагічны сюжэт “Раства Венеры” Бацічэлі ўклаў у візантыйскую схему “Хрышчэнне”). Тут, здаецца, яшчэ цікавей — Давід прадставіў Напалеона ў кампазіцыйнай схеме святога Георгія, а тут нанова павярнулі кампазіцыйную знаходку Давіда да першавытока, да схемы святога Георгія. У такой якасці здымка цяжка меркаваць, ці новатвор гэта. Здаецца, алтарны Георгій культурна напісаны ў “старой” тэхніцы, і тады маглі ўяўляць Напалеона вызваліцелем ад старога свету. Для сённяшняга дня гэта занадта мадэрністычна, на маю думку. Я сказаў бы, што твор аўтэнтычны...”

Зрэшты, як я потым высветліў, ёсць і ў гісторыі расійскага мастацтва ікона святога Георгія, змаляваная з таго самага Давідаўскага “Напалеона”. Мяркую, што незвычайная карціна паспрыяе славе Ашмянскага касцёла Архангела Міхаіла.

У Шчучыне, насупраць адзін аднаго, стаяць касцёл святой Тэрэзы (1829) і царква Міхаіла Архангела (1864 — 1865). Даволі характэрная для беларускіх гарадоў сітуацыя. Каталіцкі храм пабудаваны ў характэрным для канкрэтнай эпохі архітэктурным стылі, у дадзеным выпадку — класіцызм, а праваслаўны — у так званым псеўдарускім. Гэты стыль можна лічыць кансерватыўным і для Расіі пазачасавым. Культурных каранёў у беларускай глебе не меў і паўсюдна насаджаўся як знак ідэалагічнай імперскай прысутнасці ў краі. Але сёння гэта таксама частка нашай гісторыі і чыннік нашага культурніцкага ландшафту.

Івянец парадаваў адрэстаўраванымі храмамі. Францысканскі касцёл XVIII стагоддзя і Аляксееўскі 1907 года. За савецкім часам пра Івянец гаварылі выключна як пра цэнтр ганчарнай вытворчасці. Тое, што ён валодае архітэктурнымі перлінамі — свядома замоўчвалася. Івянец мог бы сёння быць архітэктурным запаведнікам, калі б у 70-я гады, праз нібыта добраўпарадкаванне горада, не быў знішчаны гістарычны цэнтр Івянца з малапавярховай забудовай, характэрнай для беларускіх мястэчак. Такое ў згаданы час адбывалася па ўсёй рэспубліцы.

70-я гады — гэта вельмі супярэчлівы час у гісторыі беларускай архітэктуры і горадабудаўніцтва. У 50 — 60-я гады нашы архітэктары засяроджваліся на стварэнні асноўных магістраляў і грамадскіх цэнтраў буйных гарадоў — на іншае папросту не было грошай і рэсурсаў, а ў 70-я дайшлі рукі да малых гарадоў і мястэчак. Але прызвычаіўшыся да буйных маштабаў, архітэктары са сталічнай фанабэрыяй у малых паселішчах пачыналі з таго, што расчышчалі пляцоўкі для чагосьці манументальнага, зусім гэтай прасторы не адпавядаючага ні маштабам, ні духам. Ахвярай такога мыслення станавілася сціплая, але гарманічная забудова, што склалася гістарычна. Да таго ж і ваяўнічы атэізм дзяржаўнай ідэалогіі даваўся ў знакі. Менавіта ў гэты час у невялікіх паселішчах было знішчана мноства касцёлаў і цэркваў. Тут, на перыферыі, абараніць іх было цяжэй, чым у Гродне ці ў Мінску.

Вынік такой недальнабачнай горадабудаўнічай палітыкі мы адчулі ў 1980 годзе, калі Мінск быў уключаны разам з Масквой, Ленінградам, Кіевам і Талінам у “алімпійскую зборную”. Вось дзе, здавалася б, нагода і магчымасць заявіць на ўвесь свет пра нашу нацыянальную культуру! Але паказваць гасцям алімпіяды ні ў Мінску, ні па рэспубліцы ўвогуле не было чаго.

Магчымасць адрадзіць нацыянальную спадчыну надарылася толькі з набыццём дзяржаўнага суверэнітэту. Гэтую ідэю, гэтыя стан і працэс для мяне сёння ўвасабляе часткова адбудаваны гродзенскі Стары замак. Тымі, хто памятае яго іншым, занядбаным, ён успрымаецца як нешта “відавочнае, неверагоднае”. Як нешта знітаванае з мінулым і з будучым адначасова.

З таго, што бачыў крыху ў баку ад галоўных дарог Беларусі, я маю ўражанне, што пакуль праграма адраджэння датычыць толькі асобных, знакавых аб’ектаў. Але каб каштоўны камень зазіхацеў, яму трэба адпаведная аправа. Я так разумею, што надышоў час выпраўляць у горадабудаўніцтве памылкі савецкай эпохі — гэта значыць усур’ёз узяцца за адраджэнне гістарычнай аўры малых паселішчаў Беларусі. А амбітныя архітэктурныя праекты, у якіх адаб’ецца дынаміка новага часу, пакінуць вялікім гарадам і сталіцы краіны.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"