На Дзень народзінаў Купалы

№ 28 (1519) 09.07.2021 - 17.07.2021 г

Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы запрашае разам адсвяткаваць Дзень нараджэння народнага паэта Беларусі Янкі Купалы! У 49 раз на малой радзіме Песняра на гасціннай Маладзечанскай зямлі ў Купалаўскім мемарыяльным запаведніку “Вязынка” адбудзецца Рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў “З адною думкаю аб шчасці Беларусі…” (ужо сёння, 10 ліпеня, пачатак а 13 гадзіне).

/i/content/pi/cult/858/18224/Kup_opt.jpegФіліял музея “Вязынка” — незвычайна прыгожае месца з сапраўдным нацыянальным каларытам. Вершы-прысвячэнні Янку Купалу, маляўнічай Вязынцы і чароўнай Купальскай ночы прагучаць з вуснаў беларускіх літаратараў, якія традыцыйна возьмуць удзел у свяце.

Спецыяльныя госці: салісты і артысты аркестра Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь з тэатралізаваным канцэртам “Росквіт зямлі”, натхнёным традыцыйным святам “Купалле” (рэжысёр Дар’я Пататурка), а этнічны гурт “Арацэя” з канцэртнай праграмай “Як для света грае лета” падзеліцца добрай энергетыкай і пазітывам.

Свята ў Вязынцы — выдатны дзень для сямейнага адпачынку, а 10-метровая фотазона заўсёды прадстаўляе магчымасць зафіксаваць яго не толькі ў памяці.

А 11 ліпеня а 10-й гадзіне супрацоўнікі музея запрашаюць далучыцца да правядзення традыцыйнага мерапрыемства — Купалаўскага фэсту, які адбудзецца ў парафіі Святой Тройцы ў Радашковічах.

У Беларусі Янку Купалу не забываюць. Вязынка, Яхімоўшчына, Акопы, Ляўкі — сляды прысутнасці паэта, якія захаваліся на беларускай зямлі.

Вельмі важна, каб памяць пра Янку Купалу жыла ў сэрцы кожнага беларуса, бо як сказаў Уладзімір Караткевіч: “Лепшы помнік Янку Купалу — нашы сэрцы і яго песні, што жывуць у іх. Зрабіце гэта не для яго, бо яго славу не ўзвялічаць помнікі. Зрабіце гэта для сябе, каб нас не вінавацілі ў няўдзячнасці, у дрэннай памяці, у адсутнасці вялікай павагі да лепшага свайго паэта, без якой не жывы кожны народ”.