Таямніцы Яна Чачота

№ 28 (1519) 09.07.2021 - 17.07.2021 г

Да 225-й гадавіны з дня нараджэння піянера беларускай фалькларыстыкі
Наш зямляк, філамат, паэт-рамантык і пачынальнік новай беларускай літаратуры… 17 ліпеня Беларусь адзначыць 225-ю гадавіну нараджэння славутага наваградца Яна Чачота. Сёння наш расповед пра род Чачотаў, сям’ю, дзіцячыя і студэнцкія гады класіка.

(Працяг. Пачатак у “К”, № 26, 2021)

Адкуль іх карані?

/i/content/pi/cult/858/18223/Kultura-28-page-15-S-2.jpgУ дваранскіх справах Данілевічаў-Чачотаў (герб “Астоя”) і Дахноўскіх-Гаціскіх (герб “Рох ІІІ”) сцвярджаецца, што абодва гэтыя роды перасяліліся ў Наваградскае ваяводства са Смаленшчыны. Памежныя з Маскоўкай дзяржавай землі ВКЛ былі не самымі спакойнымі. А потым, у выніку бясконцых войнаў, паводле “Дэвулінскага перамір’я” (1667 г.) значная частка Смаленскага ваяводства ўвогуле была страчана. Таму тыя, хто не жадаў станавіцца падданым маскоўскіх цароў, перабіраліся на заходнюю тэрыторыю ВКЛ.

З цягам часу дрэвы родаў Чачотаў і Гаціскіх разрасліся і не раз перапляталіся сваімі галінамі. Чарговае такое перапляценне адбылося 7 верасня 1794 года. У Стваловіцкім касцёле святога Яна Хрысціцеля (цяпер царква Аляксандра Неўскага, аграгарадок Сталовічы) сталі на шлюбны каберац Тадэвуш Чачот і дачка наваградскага ротмістра Антона Гаціскага Клара. Пасля шлюбу, па ўсей верагоднасці, маладыя адправіліся ў фальварак Малюшыцы, які арандаваў Тадэвуш Чачот. Увогуле, адначасова і побач існавала тры фальваркі Малюшыцы — два з іх належалі татарскаму роду Уланаў, а трэці, як арэнднае жытло, увесь час пераходзіў з рук у рукі. За гэтым фальваркам у 1795 — 1796 гадах лічыўся 51 падданы (19 мужчын і 32 жанчыны). Першанец у гэтай сям’і нарадзіўся 17 ліпеня (6 ліпеня па “старому стылю”) 1796 года. Тут варта дадаць, што пакуль вярстаўся нумар удалося высветліць імя таго, хто першым адкрыў праўдзівую дату і месца нараджэння Яна Чачота. Гэта быў гісторык літаратуры, случчанін Леанард Падгорскі-Аколаў, які ў часопісе LECH (1937 год, № 3 — 4) прывёў метрычны запіс аб дапаўненні хросту Яна Чачота, які адрозніваецца ад знойдзенага намі толькі наяўнасцю пары сведкаў — Ігнат Чачот (брат Тадэвуша) і Разалія Гаціская (сястра Клары) і дадаткам “пасады” хростнай маці Яна, Ганны Шымкевіч (жонка аканома маёнтка ў Сервачы).

Дарэчы, не абыйдзем мы ўвагай і яшчэ аднаго даследчыка, які яшчэ ў 1986 годзе, у кнізе “От Нёмана к берегам Тихого океана”, прывёў дату “17 ліпеня”. Ім быў Валянцін Грыцкевіч, брат слыннага беларускага гісторыка Анатоля Грыцкевіча. “Согласно документу, обнаруженному в деле “О дворянстве Чечотов” в Центральном государственном историческом архиве СССР в Ленинграде, он родился 17 июля 1796 года в застенке (шляхетском поселении) Малющицы…”

Дзе прайшлі дзіцячыя гады?

Пасля сканчэння тэрміна арэнды Малюшыцаў (сёння Малюшычы, Карэліцкі раён) бацькі Яна Чачота перабіраюцца ў маёнтак Новая Мыш

(Баранавіцкі раён), дзе напачатку 1798 года ў іх нарадзілася дачка, якую 4 (15) лютага ахрысцілі імем Тэкля. Яе хроснымі сталі Ян Чачот (!) і Разалія Гаціская (сястра Клары). А 2 (14) красавіка 1801 года, там жа, у Новай Мышы, была ахрышчана Алаіза-Караліна. Як сцвярджае краязнаўца і чачотазнаўца Васіль Дубейка, у знойдзеным ім архіўным дакуменце 1803 года сцвярджаецца, што бацька Яна — Тадэвуш Чачот становіцца аканомам часткі графства Новая Мыш (з 1777 года яно належала апошняму наваградскаму ваяводзе Юзафу Несялоўскаму). Прайшло яшчэ трошкі часу і ў аканома нарадзіўся сын Пётр-Павел, які быў ахрышчаны 17 (29) чэрвеня 1806 года ў маёнтку Баранавічы. Аб тым, што і надалей сувязь Яна Чачота з Новай Мышшу не парывалася, сведчыць хаця б той факт, што свае лісты да сяброў-філаматаў ён пачынаў са словаў “Ян з Мышы”.

І тут мы павінны згадаць яшчэ пра адну загадку, якая доўгія гады не давала і не дае спакою даследчыкам. У першай публікацыі, прысвечанай Яну Чачоту (аўтар Ян Прусіноўскі, 1860), з невядомай прычыны за месца нараджэння філамата быў абраны маёнтак Рэпіхаў (Рэпіхава, Ляхавіцкі раён). Памылку гэту ў 1937 годзе выправіў Леанард Падгорскі-Аколаў. Але Рэпіхаў усё роўна застаўся ў чачотазнаўстве, ужо як месца, “дзе яго бацька працаваў аканомам і дзе прайшлі дзіцячыя гады Яна”. Праўда, аніводнага дакумента на карысць гэтага сцвярджэння дасюль прыведзена так і не было. Паадзеныя ж вышэй архіўныя звесткі не пакідаюць Рэпіхава і гэтага шанца. Бо, як мы бачым, ад 1798 года сям’я жыла і “працавала” ў маёнтку Юзафа Несялоўскага (1728 — 1814).

Першыя навукі і знаёмства з Адамам Міцкевічам

/i/content/pi/cult/858/18223/Kultura-28-page-15-S-3.jpgАдносна года (1808-га ці 1809-га), калі Ян Чачот паступіў у наваградскі дамініканскі калегіум, падаецца, і да гэтага часу няма пэўнасці. Польскі даследчык з наваградскімі каранямі Анджэй Сыракомля-Булгак дэталёва разабраў пытанне і прыйшоў да высновы, што гэта адбылося ў 1808 годзе. А пазнаёміцца з Адамам Міцкевічам яны маглі толькі ў 1812 або 1813 гадах. Славуты ў будучыні географ, філамат Ігнат Дамейка так апісаў школьны перыяд жыцця сваіх сяброў: “Два нашы студэнты навагрудскай школы з маленства ведалі і любілі наш літоўскі (то-бок беларускі) народ, палюбілі яго песні, пранікліся яго духам і паэзіяй…чаму, відаць, спрыяла і тое, што невялікае мястэчка Навагрудак мала адрознівалася ад нашых вёсак і засценкаў. Школьнае жыццё было, па-сутнасці, сельскім. Сябры хадзілі па кірмашах, бывалі на сялянскіх вяселлях, дажынках і хаўтурах. Яшчэ ў школе бедная страха і народная песня распаліла ў грудзях сяброў першае паэтычнае натхненне…” (пераклад і ўдакладненні Адама Мальдзіса).

Наваградак пачатку ХІХ стагоддзя — даўно ўжо не цэнтр ВКЛ, дзе 6 ліпеня 1253 года, як сцвярджаюць даследчыкі, каранаваўся першы і апошні кароль ВКЛ — Міндоўг. Гэта ўжо і не цэнтр велізарнага Наваградскага ваяводства, славутага сваімі постацямі — Рэйтанамі, Корсакамі, Радзівіламі. Жыло ў сталіцы павета Гродзенскай губерні, збольшага ў драўляных хатах і сядзібах, каля васьмі тысяч чалавек (у Лондане ў той час каля мільёна). Усіх забаў, сапраўды, — хадзіць па кірмашах-святах, а на вакацыях ездзіць па сябрах, чытаць і спрабаваць сілы ў паэзіі.

Але менавіта гэты перыяд сфарміраваў светапогляд Яна Чачота. Вырас ён у сям’і, у якой нястача была паўсядзённым фонам. Бацька яго, працуючы аканомам маёнтка, не асабліва дбаў пра сваю кішэню. Не быў ён і крывапійцам прыгоннага люду. А тое і гэтае былі ў тыя часы неад’емнымі рысамі гэтай “прафесіі”. Адсюль пазней вырас і гнеўны прысуд Чачота “панам прыгнятальнікам” — балада “Узногі”.

У 1815 годзе ў Яна Чачота і Адама Міцкевіча, вучняў 6 класа калегіума, з’явілася магчымасць паступіць у Віленскі ўніверсітэт. Але пашанцавала (заступніцтва ксяндза і ўніверсітэцкага выкладчыка Юзафа Міцкевіча) толькі Міцкевічу, які стаў у тым годзе студэнтам. Яну Чачоту, які быў больш чым на два гады старэйшым за сябра, прыйшлося адкласці паступленне да восені 1816 года.

Віленская alma mater

/i/content/pi/cult/858/18223/Kultura-28-page-15-S.jpg“Чачот Ян, сын Тадэвуша, 20 год, нарадзіўся ў губерніі Гродзенскай павет Навагрудзкі, парафіі варанчанскай” — так запісана пра новага студэнта ў кнізе запісаў Віленскага ўніверсітэта за 1816 — 1817 вучэбныя гады. Правучыўся Ян Чачот гэты год на факультэце “навук маральных і палітычных”, дзе выкладалі слынныя Ігнат Даніловіч, Яўхім Лелявель, Сымон Малеўскі і іншыя.

Але ў 1818 годзе з-за фінансавых складанасцяў Ян Чачот вымушаны быў пакінуць сцены ўніверсітэта і паступіць на працу “ў Пракураторыю, не маючы аніводнай навуковай ступені і рангу”, дапамагаючы ў розных справах “адвакату Турскаму”. Праца ў “Радзівілаўскай масе”, адмысловай камісіі, якая займалася ўпарадкаваннем маёмасных спраў роду Радзівілаў, працягвалася сем гадоў. Пазней Ян Чачот згадваў, што яго бацька таксама працаваў у гэтай камісіі, толькі дзевяць гадоў. Што дазволіла недзе ў 1830 годзе аўдавеўшай маці Яна Чачота, дзякуючы заступніцтву дабрадзеяў, атрымаць пэўную пенсію, з якой яна і жыла, не маючы свайго маёнтка.

Цікава, што “Пракураторыя” была размешчана ў палацы Радзівілаў, які меў назву “Кардыналія”. Там у тыя самыя часы жыла сям’я былых радзівілаўскіх тэатральных акцёраў Станіслава і Марыяны Закрэўскіх (продкі жонкі Станіслава Манюшкі) (гл. “К” № 26, 2020).

Свой хлеб, сябры і паэзія

Сціплы “радзівілаўскі” заробак дробнага архіўнага працаўніка не дазваляў Яну Чачоту весці раскошны лад жыцця, але ўсё ж такі ён гарантаваў “кавалак хлеба”. Калі выпадала, працягваў наведваць лекцыі ва ўніверсітэце. Праўда, на атрыманне нейкай навуковай ступені эпізадычныя візіты надзеі не давалі. Затое была магчымасць шчыльна кантактаваць са старымі і новымі сябрамі — Адамам Міцкевічам, Тамашом Занам, Адамам Сузіным, Ігнатам Дамейкам, Ануфрыем Петрашкевічам, Францішкам Малеўскім (брат Зосі, “музы” Яна Чачота) і многімі іншымі славутымі прадстаўнікамі аб’яднанняў філаматаў, філарэтаў. І не проста кантактаваць, а прымаць самы чынны ўдзел у жыцці гэтых таварыстваў, у якія ўваходзіла перадавая моладзь з зямель усяго былога ВКЛ і, пераважна, з беларускіх земляў.

У гэты перыяд расквітнеў паэтычны талент Яна Чачота, які гартаваўся ў няпростых паэтычных спаборніцтвах з сябрамі. Тады ж з’явіліся і першыя беларускія вершы Чачота.

Працяг будзе.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар