Іншы час, іншае мастацтва

№ 28 (1519) 09.07.2021 - 17.07.2021 г

Кафедра манументальна-дэкаратыўнага мастацтва нашай мастацкай акадэміі не магла застацца ў баку ад нацыянальнага фестывалю “Манумент 21”. Бо менавіта ў гэтай навучальнай установе і на гэтай кафедры рыхтуюцца прафесіяналы, якія мусяць умацоўваць патэнцыял беларускай мастацкай школы і развіваць яе традыцыі.

/i/content/pi/cult/858/18218/Kultura-28-page-8-9-S-2.jpg

У рамках фестывалю на адной з экспазіцыйных пляцовак БДАМ, у галерэі “Акадэмія”, адкрылася выстава работ студэнтаў згаданай кафедры. Гэта курсавыя і дыпломныя работы, якія дазваляюць зразумець логіку і мэты навучальнага працэсу ў БДАМ і адначасова пабачыць эстэтычныя арыенціры будучай мастацкай эліты краіны.

Тое, што мы сёння называем нацыянальнай мастацкай школай, калі гаворка ідзе пра манументалістыку, мае адносна кароткую гісторыю. Толькі ў пасляваенны час такое мастацтва стала насамрэч запатрабаваным грамадой і склаліся ўмовы для ягонага развіцця. Кропкай адліку і часам нараджэння можна лічыць момант, калі ў нашай акадэміі, якая тады была Тэатральна-мастацкім інстытутам, пачала дзейнічаць спецыялізаваная кафедра. Узначаліў яе выдатны мастак, якому вельмі пасуе вызначэнне “мэтр”, —Гаўрыла Харытонавіч Вашчанка. Ягоная творчасць мела канцэптуальнай базай так званы “суворы стыль” з яго падкрэсленым сацыяльным зместам, у большай ці меншай ступені адпавядаючым устаноўкам “сацрэалізму”. А почырк мастакоў гэтага напрамку — эстэтызаваная брутальнасць, быў зусім не “сацрэалістычным”. Да таго ж Гаўрыле Харытонавічу была ўласцівая, бадай, максімальна магчымая ў той рэчаіснасці эмацыйнасць.

Увогуле гэта было мастацтва метафар і сімвалаваў, выяўленых у прадметна-рэалістычных абагульненых, але пры гэтым вельмі ўмоўных формах, дзе канрэтыка — побытавая ці гістарычная — прынцыповай ролі не адыгрывала. Нашу манументалістыку савецкай пары можна параўнаць з іканапісным канонам, дзе зыходна вызначаны субардынацыя сюжэтаў, выяў і абавязковы набор сімвалічных атрыбутаў. Вонкава яны, канешне ж, розныя, але сутнаснае падабенства ў наяўнасці.

Школа Вашчанкі рыхтавала мастакоў, якія мусілі рабіць фрэскі, сграфіта і мазаікі для сцен грамадскіх будынкаў, эстэтычна аздабляць вялікую прастору, творча супрацоўнічаць з архітэктарамі. Больш за тое — даволі часта менавіта манументалістыка мусіла прыкрыць хібы тыпавога будаўніцтва, якое абражала вока сваёй аднастайнасцю і манатоннасцю. Так, менавіта Гаўрыла Вашчанка быў ініцыятарам таго, каб ягоныя студэнты абараняліся не ўзорамі “папяровага манументалізму”, але думалі пра аздобу інтэр’ераў тыпавых школьных будынкаў.

Тыя, хто прыйшоў выкладаць на кафедру пасля Гаўрылы Харытонавіча, зыходзілі з іншай сітуацыі і, адпаведна, з іншых прынцыпаў. Само жыццё змяніла маштабы манументальнага мастацтва. Яно перайшло ў іншы, лакальны, фармат. Ды і архітэктурны дызайн, які набраў моц, пасунуў манументалістыку з яе кананічных тэрыторый. Як вынік: у беларускім манументальным мастацтве атрымалі распаўсюд станковыя формы. Стала нормай, што манументалісты абаранялі дыпломы фактычна станковымі карцінамі, адно што прывязанымі да канкрэтных сцен.

Гэту сітуацыю можна было ўспрыняць па-рознаму. У чымсьці гэта была страта, а ў чымсьці і набытак. Так у новых умовах манументалістыка, страціўшы звыклую маштабнасць, узбагацілася псіхалагізмам, незапатрабаванай раней пачуццёвасцю, глыбіннай распрацоўкай формы, і новымі выяўленчымі эфектамі, запазычанымі ў іншых творчых цэхах. Менавіта гэты трэнд мы бачым і на студэнцкай выставе, прымеркаванай да фестывалю “Манумент 21”.

Акадэмія па-ранейшаму высока трымае планку якасці, бо майстэрства і здольнасць да самастойнага мыслення нават у вучэбных заданнях адчуваецца ў работах студэнтаў першых курсаў. На выставе эфектна глядзеўся сёлетні дыпломны праект Марыі Кручковай і Ганны Плотнікавай “Нараджэнне святла” — аздоба інтэр’ераў Расійскай акадэміі тэатральнага мастацтва, вядомай пад абрэвіятурай “ГИТИС”. Праект прадстаўлены ў фатаграфіях і фрагментах у матэрыяле. Гэта прыгожая абстракцыя. Працягам выставы можна лічыць і іншыя сёлетнія дыпломы, бо яны рэалізаваныя ў інтэр’ерах самой акадэміі. Так, нарэшце, прыстойную манументальную аздобу атрымаў шматпакутны вучэбны тэатр БДАМ. Той, хто чытае нашу газету, ведае, як цяжка ішла рэканструкцыя гэтага неабходнага акадэміі аб’екта, якія канфлікты ўзнікалі паміж замоўцамі і будаўнікамі. Цяпер глядзельная зала вельмі далікатна ўпрыгожана матывамі беларускай прыроды. На абароне прагучала думка, што гэта даніна памяці Гаўрылу Харытонавічу, які надзвычай таленавіта апяваў роднае Палессе, зрабіўшы рэаліі сваёй малой радзімы агульнацыянальным здабыткам і брэндам.

Магчыма, той, хто прызвычаіўся ўспрымаць манументальнае мастацтва выключна як ідэалагічна акрэсленае і пафаснае, будзе выставай расчараваны. Я ж дазволю сабе меркаванне, што яно хутчэй наблізілася да людзей, бо звяртаецца ўжо не столькі да вялікіх людскіх мас, як да розуму і пачуццяў кожнага гледача паасобку. Скажам так, страшіўшы частку сваёй кананічнай маштабнасці, яно набыло інтэлектуальную глыбіню. Прынамсі, скіравана ў гэтым напрамку.

Фота аўтара

 

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"