Сядзіба Цюндзявіцкіх у Галошаве пад аховай дзяржавы

№ 28 (1519) 09.07.2021 - 17.07.2021 г

З вясны 2019 года рэдакцыя нашай газеты з трывожнай зацікаўленасцю сачыла за лёсам сядзібы, якая атрымала асабістае імя “Беларускі Манчэстэр”. Мы рабілі гэта не проста ў задуменні прыклаўшы далонь да ілба, а маніторылі стан сядзібы падчас выездаў на аб’ект. І ў межах сваіх магчымасцяў прыкладалі пэўныя намаганні для захавання гэтага ўнікальнага для нашай краіны аб’екта (гл. “К” — №№ 16, 2019 і 13,24, 2021). Сёння ў нас для нашых чытачоў, нарэшце, добрая навіна. 23 чэрвеня 2021 года сядзіба афіцыйна ўзята пад ахову дзяржавы. Праўда, пакуль яшчэ мы не будзем спяшацца пераносіць адсюль святло нашага “Культура”ўскага пражэктара на іншыя аб’екты. Галошава застанецца пад нашай апекай і надалей.

/i/content/pi/cult/858/18215/Kultura-28-page-5-S.jpg

Уводзіны

Гісторыя гэтых мясцін даўняя і цікавая. Калісьці тут жылі крывічы, ад якіх да нашага часу засталіся курганы і велізарны каменны крыж на беразе возера. Пазней тут атабарыўся род князёў Друцкіх. А ў ХІХ стагоддзі ад гаспадароў Лускінаў маёнтак перайшоў да Цюндзявіцкіх. Менавіта дзякуючы ім аграмаёнтак пераўтварыўся ў моцны прамысловы вузел і атрымаў назву “Беларускага Манчэстэра”, які нават згадвалі ў СМІ напачатку ХХ стагоддзя. Дарэчы, ведаў гаспадароў маёнтка і, магчыма, бываў у Галошава вядомы філамат, паэт і геолаг Тамаш Зан (жыў у адносна недалёкім Какоўчына, пахаваны ў Смалянах, — вось і турыстычны маршрут). Пасля вайны ў Галошава была школа, а калі школу закрылі, у сядзібу прыйшлі абыякавыя людзі альбо вандалы. Яны, на жаль, доўга не пакідалі сядзібу “без увагі”, нягледзячы на розгалас, узняты ў СМІ. Гэта вынікае з фотаздымка, зробленага вясной, на якім бачна, што з левага крыла будынка 1897 года пабудовы цалкам (!) знік дах. Хаця зімой частка даха (з кроквамі і шыферам) яшчэ была. А вясной 2019 года, за месяц да нашага першага візіту, чатыры цагляныя калоны параднага ганку былі знесены гаспадарчай групай Талачынскага райвыканкама. Без асаблівай на тое прычыны (калоны былі ў ідэальным стане). Ну, калон ужо не вярнуць. Трэба захаваць, што засталося. А засталося нямала.

Рашэнне

Вестка аб тым, што пытанне аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці вырашана станоўча, маланкай абляцела Беларусь каля тыдня таму. Але перад тым як паведаміць важную навіну, мы вырашылі пачакаць афіцыйнага пацвярджэння. Цяпер мы можам спаслацца на дакумент, якім з намі падзяліўся старшыня ГА “Беларускае дабраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры” спадар Антон Астаповіч:

“Рашэнне Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта ад 23 чэрвеня 2021 г. № 328 Аб наданні статусу і катэгорыі гісторыка-культурнай каштоўнасці.

2. надаць нерухомай матэрыяльнай каштоўнасці “Сядзібна-паркавы комплекс Цюндзявіцкіх: рэшткі сядзібнага дома, рэшткі флігеля і дзвюх гаспадарчых пабудоў, фрагменты парку” (датаванне каштоўнасці — канец ХІХ ст.), размешчанай ў Талачынскім раёне ў в. Галошава на вул. Школьнай, статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і катэгорыю “3”.

3. Талачынскіму раённаму выканаўчаму камітэту ў месячны тэрмін:

3.1. арганізаваць падпісанне ахоўных абавязацельстваў;

3.2.забяспечыць падрыхтоўку пашпартоў на дадзеныя гісторыка-культурныя каштоўнасці.

4. Кантроль за выкананнем гэтага рашэння ўскласці на начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта”.

У законе Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь” маецца такое азначэнне катэгорыі “3” — “гісторыка-культурныя каштоўнасці, адметныя духоўныя, мастацкія і (або) дакументальныя вартасці якіх маюць значнасць для асобных рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь”. Бясспрэчна, Галошава ўсім гэтым вартасцям адпавядае і значнасць мае.

Апрача сядзібна-паркавага комплексу Галошава згодна з тым жа рашэннем статус помніка “3” катэгорыі атрымаў “Помнік Я.П. Кульнёву”, размешчаны ў Полацкім раёне, на левым беразе ракі Дрыса на месцы былой Сівошынскай пераправы. Якаў Кульнёў быў генерал-маёрам расійскага войска. Загінуў на гэтым месцы ў 1812 годзе. У 1834 годзе быў перапахаваны ў маёнтку яго брата (сёння Латвія).

/i/content/pi/cult/858/18215/Kultura-28-page-5-S2.jpg

Што далей?

Думаем, што без чарговага выезда на аб’ект “К” не абыйсціся. Хацелася б пачуць адносна гэтага рашэння меркаванні мясцовых жыхароў, якіх, на вялікі жаль, у вёсцы засталося не так і шмат. Трэба ж было б і паразмаўляць адносна лёсу гісторыка-культурнай каштоўнасці “3 катэгорыі” з прадстаўнікамі мясцовай адміністрацыі ў Галошава, ля сцен сядзібы, якая сёлета мусіла пераўтварыцца ў гару будаўнічага смецця (гл. “К” № 13 , 2021).

Магчыма, мы заспеем у Галошава якую-небудзь талаку энтузіястаў, да якой з ахвотай далучымся. Бо, як вынікае з публікацый у сацыяльных сетках, ёсць шмат грамадзян нашай краіны, якім Галошава не абыякава. Бывае там і немалая колькасць турыстаў, асабліва ў апошні час, калі імя сядзібы пастаянна на слыху. І колькасць іх будзе толькі павялічвацца. Таму, адначасова з распрацоўкай пашпартоў аб’екта, хацелася б, каб мясцовая адміністрацыя падумала пра інфармацыйныя стэнды з гісторыяй Галошава. Як гэта робіцца там, дзе да сваёй спадчыны ставяцца з павагай.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар