Газета — рэгіёны — чытач

№ 28 (1519) 09.07.2021 - 17.07.2021 г


— Школы мастацтваў у рэгіёнах выхоўваюць таленавітую моладзь, і таму іх дабрабыту трэба надаваць асаблівую ўвагу. Як ідуць справы ў Рагачоўскай школе мастацтваў, дзе зараз вучацца каля 800 чалавек?

Дырэктар дзіцячай школы мастацтваў горада Рагачова Алег Чаплыгін:

— Калі гаворка ідзе пра наш будынак, то адзначу, што ён у добрым стане. Штогод мы падтрымліваем парадак касметычным рэмонтам, а год таму, калі школа адзначыла юбілей, адміністрацыя горада падарыла нам сертыфікат на восем тысяч рублёў на замену ваконных блокаў.

У музычных інструментах у нас няма нястачы ды, наколькі я ведаю, і ў іншых школах нашага раёна: у 2017 годзе ад дзяржавы Рагачоў атрымаў 5 новых піяніна і яшчэ некалькі піяніна ад спонсараў, так што з дапамогай мясцовых улад мы задаволілі патрэбу і гарадской, і раённых школ. У тым жа годзе ад спонсара наша школа атрымала ў падарунак прафесійную гітару. На базе школы дзейнічае 4 “народных” і “абразцовых” калектывы, якія рэгулярна даюць выступленні. Дарэчы, на “Славянскі базар” ад Рагачова паедзе танцавальны калектыў сучаснай харэаграфіі. Скончу тым, што ў нашай школе навучаецца вельмі таленавітая зорачка Беларусі па харэаграфіі, трынаццацігадовая Марыя Шашкова.

— У Юравіцкім манастыры, што ў Калінкавіцкім раёне, з 2007 года вядуцца рамонтныя работы. Але ў апошні час рэстаўрацыя актывізавалася. Што адбываецца ў манастыры і калі работы плануюць давесці да канца?

Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Аляксей Гардзіенка:

— Сапраўды ў старажытным манастыры, былым будынку калегіі іезуітаў, рамонт ідзе даволі даўно. Але з прыходам у вобласць новага губернатара Генадзя Салаўя работы набылі “новае дыханне”. Да 2023 года плануецца здаць аб’ект, гэта і фасадныя работы, якія будуць гатовы хутчэй, і ўнутраныя. Унутры ўжо ўзведзена сістэма будаўнічых лясоў, вядзецца тынкаванне і шпакляванне, каб у далейшым весці рэстаўрацыю насценных роспісаў.

— На дадзены момант менавіта Брэсцкая вобласць паказала найвышэйшы паказчык сярод астатніх рэгіёнаў па прышчэпваемасці ад каранавіруса сярод супрацоўнікаў культуры. Якім чынам гэта атрымалася?

Начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Панасюк:

— Высокія вынікі па прышчэпваемасці атрыманы дзякуючы працы штаба намесніка старшыні аблвыканка Сяргея Барысюка. Па даведзенаму заданню, мы толькі за мінулы тыдзень вакцыніравалі на 182 працэнты больш супрацоўнікаў культуры, чым у пазамінулы. Нашыя калегі разумеюць, што ў іх працы адбываецца найбольшая колькасць кантактаў з людзьмі, а таму робяць прышчэпкі збольшага ахвотна. Але мы і на асабістым прыкладзе паказваем патрэбнасць вакцынацыі — самі зрабілі яе.

Падрыхтаваў Павел САЛАЎЁЎ