Край шматлікіх талентаў

№ 24 (1515) 12.06.2021 - 19.06.2021 г

У бліжэйшым часе жыхары горада Беразіно і Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці будуць адзначаць 520-годдзе роднага горада. Ураджэнцы Бярэзіншчыны ўнеслі свой уклад у культуру Беларусі, Савецкага Саюза, краін Еўропы, Ізраіля, ЗША і ўсяго свету.

/i/content/pi/cult/854/18138/unnamed_opt.jpegНапрыклад, мастацтва Беларусі, Расіі і Польшчы ХIХ стагоддзя нельга сёння ўявіць без творчасці таленавітых мастакоў  — трох братоў: Апалінарыя, Іпаліта і Гілярыя Гараўскіх і арыгінальнага мастака Віяленція Ваньковіча, мастака кіно і жывапісца Марыі Бярковіч, папулярнага мастака Міколы Казакевіча. Ёсць славутыя прадстаўнікі Бярэзіншчыны і сярод артыстаў (народны артыст Беларусі Валянцін Белахвосцік, заслужаны артыст Беларусі Барыс Барысёнак) і гэтак далей.

Ізраільскае тэатральнае мастацтва ХХ стагоддзя цяжка ўявіць без ураджэнкі мястэчка Беразіно, сусветна вядомай драматычнай актрысы, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Ізраіля (1956), ганаровага доктара філасофіі Тэль-Авіўскага ўніверсітэта Ханы Ровінай (Рубінай). Прэмія за акцёрскае майстэрства яе імя — адна з самых прэстыжных у Ізраілі.

У Год народнага адзінства аўтар гэтых радкоў хацеў бы акцэнтаваць увагу чытачоў на адносна невялікім перыядзе — перадваенным і пасляваенным перыядзе  — 1930-х — 1950-х гадоў.

У гэты час жылі і тварылі беларускі казачнік Павел Акулевіч, беларускі літаратурны крытык, нарысіст і сатырык, будучы намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Вожык” Якаў Герцовіч (у 1949 годзе ён стаў ахвярай кампаніі “па барацьце з бязроднымі касмапалітамі” — Э.І.) і іншыя.

Своеасаблівым экзаменам, выпрабаваннем для многіх дзеячаў навукі і культуры — ураджэнцаў Беразіно і Бярэзінскага раёна — стала Вялікая Айчынная вайна.

Ураджэнец пасёлка Лучны Мост Бярэзінскага раёна Мікалай Барысевіч у тыя гады стаў падпольшчыкам, партызанам, франтавіком, выпускніком БДУ, а з 1955 года — намеснікам дырэктара Інстытута фізікі АН БССР. На працягу 18 гадоў (1969 — 1987) М.А.Барысевіч з’яўляўся прэзідэнтам АН БССР, а з 1992 года — ганаровым прэзідэнтам НАН Беларусі.

Беларускі паэт і празаік Рыгор Няхай з мястэчка Сялібы быў франтавіком, камандзірам партызанскага атрада на Украіне, начальнікам асобага аддзела Чарнігаўскага партызанскага злучэння Героя Савецкага Саюза Ю.Збанацкага, выконваў заданні Галоўнага Разведупраўлення Чырвонай Арміі.

Вядомы беларускі паэт-сатырык, празаік і драматуг Міхась Скрыпка з вёскі Месціна (якога называлі “другім Кандратам Крапівой — Э.І.) у гады Вялікай Айчыннай вайны быў падпольшчыкам, выконваў розныя заданні партызанскага атрада І.Ізоха, папаў у канцлагер “Штатгарт” (Германія), а пасля ўцёкаў з гэтага канцлагера працаваў у органах СМЕРШ.

Але лёс некаторых дзеячаў беларускай культуры — ураджэнцаў Бярэзінска раёна склаўся трагічна.

Беларускія музыказнаўцы Таццяна Мдзівані і Раіса Сергіенка адзначаюць:

“Мікола Равенскі — адзін з несправядліва забытых на сваёй радзіме кампазітараў, што стаялі каля вытокаў фарміравання ў Беларусі такіх важных жанраў, як опера і аперэта. Ён атрымаў прызнанне за мяжой, прапагандуючы беларускую музыку. Шмат увагі кампазітар надаваў вывучэнню і апрацоўцы народных песень.

У першыя дні вайны згарэлі амаль усе рукапісныя творы кампазітара, у тым ліку і чарнавікі оперы “Браніслава”.

Малая радзіма Міколы Равенскага — вёска Капланцы Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці). Яна знаходзіцца на рацэ Кляве, каля аўтадарогі Беразіно-Клічаў. Тут у сям’і Якава Равенскага 17 снежня 1886 года пачаўся жыццёвы шлях кампазітара і вучонага-фалькларыста.

У 1913 — 1915 гадах юнак вучыўся на рэгенцкіх курсах у Маскве і Пецярбургу, а пасля іх заканчэння працаваў рэгентам і настаўнікам спеваў у Навагрудку. Адначасова Мікалай збіраў народныя песні Навагрудчыны (на жаль, яго архіў згарэў падчас Вялікай Айчыннай вайны — Э.І.). з 1919 года ён жыў у Мінску і кіраваў хорам пры Беларускім рабочым клубе, а потым быў хормайстрам пры гарадскім тэатры. У 1921 годзе Мікалай Якаўлевіч удзельнічаў у экспедыцыі, арганізаванай будучымі кіраўнікамі Інстытута беларускай культуры, для збору народных песень на Случчыне.

З 1923 года ён жыў у Маскве, дзе вучыўся ў музычным тэхнікуме імя Стасава.

Маскоўскі перыяд творчасці М.Равенскага аказаўся плённым. У ліку найбольш яркіх твораў кампазітара — хор на вершы У.Дубоўкі “О Беларусь, мая шыпшына” і арыя “Такая ноч” (“Ноч пад Мінскам”). Яго цікавіла паэзія Я.Купалы. У прыватнасці, на верш Івана Дамінікавіча “У вырай”, які быў асабліва блізкі яму па настроі, кампазітар піша аднайменны хор.

Мала каму вядома, што старэйшая дачка Міколы Равенскага  — Алёна Рэвінская (Равінская) была адной з самых актыўных удзельнікаў Мінскага антыфашысцкага падполля, баявой паплечніцай і фактычна грамадзянскай жонкай аднаго з арганізатараў і кіраўнікоў гэтага падполля, Героя Савецкага Саюза Ісая Казінца.

Беларуская журналістка Дзіяна Чаркасава адзначала:

“Трагічна абарвалася ў час вайны жыццё старэйшай дачкі кампазітара Лёлі Равенскай. Яна была блізкім сябрам і сувязной Ісая Казінца, які з першых дзён акупацыі Мінска стварыў падпольную групу, быў сакратаром Мінскага гарадскога падпольнага камітэта КПБ (дакладней, КП(б)Б — Э.І.). Таго самага І.Казінца, Героя Савецкага Саюза, імем якога названа адна з вуліц нашага горада, і на ёй жыве Лёлін сын, прыёмны сын Казінца, марскі афіцэр Барыс Камінскі, унук беларускага кампазітара Міколы Равенскага.

Казінец і Лёля трапілі на явачнай кватэры ў рукі гестапа. Пасля катавання Казінца павесілі ў скверы каля тэатра імя Янкі Купалы, а Лёлю расстралялі ў двары мінскай турмы…”

Іншы прадстаўнік Бярэзіншчыны, ураджэнец вёскі Рачыборак Бярэзінскага раёна Яўген Курто (1924 — 1991), быў таленавітым беларускім пісьменнікам і перакладчыкам. Творы празаіка цікава паказвалі гераізм школьнікаў падчас Вялікай Айчыннай вайны. Пісьменнік і сам у часы Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у камсамольскім падполлі ў Багушэвічах, а з 1943 года быў у партызанах.

Нельга не адзначыць плённую і разнастайную працу рэдакцыі раённай газеты “Бярэзінская панарама” па высвятленню малавядомы і невядомых старонак жыцця і дзейнасці ўраджэнцаў Бярэзіншчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 2 лістапада 2021 года стане днём 90-годдзя гэтага выдання.

На вялікі жаль, нягледзячы на спробы стварыць у горадзе Беразіно паўнацэнны краязнаўчы музей, каб паказаць уклад ураджэнцаў горада і раёна ў беларускую і сусветную культуру, у гісторыю Беларусі, пакуль яны, на жаль, засталіся безвыніковымі. На мой погляд, гэта адна з актуальных задач, якія стаяць перад кіраўніцтвам Бярэзінскага раёна ў Год народнага адзінства…

Эмануіл Іофе, прафесар, доктар гістарычных навук