Урачыстасць у Акадэміі

№ 23 (1514) 05.06.2021 - 12.06.2021 г

3 чэрвеня з удзелам намесніка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігара Петрышэнкі, міністра культуры краіны Анатолія Маркевіча, міністра адукацыі Ігара Карпенкі ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі адбылося ўшанаванне пераможцаў міжнародных прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў і фестываляў, лаўрэатаў і стыпендыятаў спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў, студэнтаў і падтрымцы таленавітай моладзі.

/i/content/pi/cult/853/18130/029.jpgАкадэмія музыкі загадзя пачала рыхтавацца да падзеі. У галоўным фае і ў фае перад Канцэртнай залай разгарнуліся выставы, што адлюстроўвалі інтэлектуальныя і творчыя дасягненні адоранай моладзі ва ўсіх галінах навукі і мастацтваў. На ўваходзе — банеры з лічбамі, што сведчаць пра дзейнасць фондаў і поспехі нашай моладзі. Адным толькі фондам па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў было заахвочана амаль 30 тысяч юнакоў і дзяўчат.

Пасля гэткай міні-экскурсіі, у час якой каментарыі да прац давалі іх аўтары, выкладчыкі, рэктары вну, пачалася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання. Яе вёў тэлевядучы Дзмітрый Карась — выканаўчы прадзюсар тэлеканала “Беларусь 3” і, між іншым, колішні выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Нагрудныя знакі лаўрэатаў спецыяльнага фонду Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь па сацыяльнай падтрымцы здольных навучэнцаў i студэнтаў атрымалі пяцёра навучэнцаў з Віцебска (Яраслава Барысава, Канстанцін Сягоднік, Ксенія Шастакова, Канстанцін Смірноў, Аляксей Ульянаў), трое — з Мазыра (Станіслаў Дамасевіч, Рыгор Бараболя, Ягор Кучар), Ксенія Казінец з Новалукомля, Уладзіслаў Андрэйчук з Лунінца, Андрэй Касцяной з Гомеля, Матвей Навасёлаў з Маладзечна, Уладзіслаў Кошчанка з Баранавічаў, а таксама шэраг мінчукоў: Паліна Чэрнікава, Настасся Рубніковіч, Паліна Фяклістава, Антон Карповіч, Мікіта Шаўнеў, выхаванцы Ліцэя БДУ Павел Санкін, Настасся Шаляпіна, Ягор Васілеўскі, Дзмітрый Гаравой, Матвей Кіслюк, Уладзіслаў Максімчук.

Уладальнікамі гранд-прэмій і лаўрэатамі яшчэ аднаго такога ж фонду — па падтрымцы таленавітай моладзі — сталі пераможца леташняга дзіцячага конкурсу “Славянскага базару ў Віцебску” Ангеліна Ламака, дзве выхаванкі прыватнай Балетнай школы Вежнавец: Аліса Рошчына і Мая Сівец, якія перамаглі адпаведна ў Італіі і Германіі, а таксама юная піяністка з Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Академіі музыкі Дар’я Ітпаева.

Выкладчыкі таленавітых вучняў атрымалі Ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі і Міністэрства культуры Беларусі.

Узнагароджванні перамяжаліся музычнымі інтэрмедыямі, а ў заключэнне адбыўся невялічкі, але вельмі адметны канцэрт лаўрэатаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Завяршылася свята надзвычай сімвалічна — “Спадчынай” Ігара Лучанка на верш Янкі Купалы ў выкананні Студэнцкага хору Акадэміі музыкі.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"