Не лішне дадаць, што спартыўная святочная падзея адбылася, дзякуючы сумесным намаганням Міністэрства культуры, Міністэрства спорту і турызму, а таксама Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму. Тут кожны меў магчымасць праявіць сябе: быў і індывідуальны спорт — пад’ём гіры, настольны тэніс, дартс, лёгкаатлетычны крос, і камандны — валейбол, мініфутбол, перацягванне каната.
Прывітальнае слова для ўдзельнікаў спаборніцтваў прамовіў міністр культуры краіны.
“Спорт трывала ўвайшоў у наша паўсядзённае жыццё! — адзначыў Анатолій Маркевіч. — Стаў неад’емнай часткай нашага жыццёвага ўкладу, бо ён трэніруе не толькі цела, але і самыя моцныя якасці характару чалавека — цягавітасць, мужнасць, уменне ставіць перад сабой мэту і дасягаць яе!
У нашай дзяржаве створаны самыя спрыяльныя ўмовы для тых, хто жадае весці актыўны лад жыцця і займацца спортам на прафесійным або аматарскім узроўні. Бо здаровае фізічна і маральна насельніцтва — шлях да паспяховага развіцця дзяржавы!”
Адкрылі спартакіаду ўзняццем дзяржаўнага сцяга Беларусі і гімнам. Дарэчы, Анатолій Маркевіч і сам на чале з камандай Міністэрства культуры прыняў удзел у некаторых відах спаборніцтваў.
Прыехаўшыя здалёк каманды размясцілі ў лепшых нумарах Алімпійскага спартыўнага комплексу “Стайкі”. Гасцей паўнавартасна частавалі. Урэшце, пад наглядам самых прафесійных суддзяў, першае месца заняла каманда Белдзяржфілармоніі, другое — каманда “Музей “Замкавы комплекс “Мір”, трэцімі сталі прадстаўнікі Гомельскай вобласці.