“Браслаўскім зарніцам”— 54 гады

№ 23 (1514) 05.06.2021 - 12.06.2021 г

Міжнароднае свята традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы” — самае сталае на Беларусі. У наступным годзе ў яго — юбілей. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Браслаўскага райвыканкама Юлія Чагарына згадвае, што спачатку мерапрыемства задумвалася як песенны конкурс. З тых часін нязменным засталося толькі месца правядзення фэсту — лесапарк “Леснічоўка”.

/i/content/pi/cult/853/18109/09.jpgФестываль традыцыйнай культуры прайшоў у Браславе 29 — 30 мая. Па вядомых эпідэміялагічных прычынах ён не быў такім шматлюдным, як папярэднія. Але прадстаўнікі творчых суполак 17 рэгіёнаў з сямі краін свету даслалі свае віншавальна-канцэртныя візітоўкі ў рамках відэафоруму “Мастацтва без межаў”.

Па-ранейшаму прадстаўнічай ды спеўнай была Браслаўская харавая асамблея. Уражанне было такое, што суладна спявалі разам з выканаўцамі зямля, неба ды азёры браслаўскія. Па-ранейшаму вызначалася маляўнічасцю свята сярэднявечнай культуры “Меч Брачыслава”.

А былі яшчэ канцэрт баянна-акардэоннай музыкі, конкурсы юшкі і народных танцаў. Словам, цягам двух дзён Браслаўскі фальварак не адпускаў гасцей.

Годна падрыхтаваліся да фэсту не толькі клубныя работнікі. Зместу свята адпавядалі экспазіцыі Браслаўскага аб’яднання музеяў. Да паслуг жыхароў і гасцей шмат разынак прыдумалі і бібліятэкары.

Цікава, чым будзе адрознівацца ад папярэдняга фэст, якому споўніцца 55 гадоў? Пажывём — пабачым.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"