Ля свяшчэнных сцен і казематаў...

№ 23 (1514) 05.06.2021 - 12.06.2021 г

Гісторыя стварэння мемарыяла — з першых вуснаў
Яшчэ на падыходзе да Галоўнага ўвахода наведвальнік чуе трывожныя ўдары метранома, якія раптам перарываюцца характэрнымі гукамі вайны — манатонным гулам “юнкерсаў” і “хейнкелей”, выбухамі снарадаў, свістам падаючых бомб, трэскам кулямётных чэргаў. Каля самога ўвахода пасля знаёмых пазыўных савецкай радыёстанцыі цішыню разрываюць мелодыя песні “Свяшчэнная вайна” і голас Юрыя Левітана: “Говорит Москва! Сегодня, 22 июня 1941 года, в 4 часа утра…”

/i/content/pi/cult/853/18107/04.jpgГлыток вады з салдацкай каскі...

Ад цэнтральнага ўвахода ўрачыстая алея, акаймаваная кустамі руж, вядзе да моста на плошчу Цырыманіялаў. Паступова раскрываюцца элементы ансамбля. Злева ад моста — скульптурная кампазіцыя “Смага”. Фігура савецкага салдата, які, абапіраючыся на аўтамат, цягнецца з каскай да вады, прасякнута моцным драматызмам і напружанасцю. У дні баёў у крэпасці не было вады, а берагі Мухаўца днём і ноччу шалёна прастрэльваліся ворагам. І даводзілася пад смяротным агнём, рызыкуючы жыццём, паўзці да берага.

У скульптурнай кампазіцыі “Смага” каска павернута да нас, і ў яе — заўсёды вада. І ўжо тады я ўпершыню назіраў, як наведвальнікі мемарыяла чэрпаюць з Мухаўца ваду і наліваюць салдату! І такая пранізлівая сцэна: нейкая старая жанчына-маці, не звяртаючы ўвагі на людзей, апусцілася тут на калені — вечнага свайго сына напаіць жыватворнай вільгаццю... Аляксандр Кібальнікаў мне расказваў: яшчэ не было адкрыцця мемарыяла, а ўжо замацаваўся гэты звычай -’ ваду з ракі наліваць у салдацкую каску, і калі ён гэта пабачыў — адчуў, прыйшла да яго сапраўдная ўзнагарода.

Галоўны манумент — пагрудная бетонная скульптура салдата вышэй за 33 метра, нібыта высечаная са скалы, і стометровы штык-абеліск, абліцаваны тытанам. На адваротным баку гэтага манумента — барэльефныя тэматычныя кампазіцыі, якія адлюстроўваюць пяць розных эпізодаў абароны крэпасці.

/i/content/pi/cult/853/18107/05.jpgЗ манументам арганічна звязаны трыбуна і некропаль — галерэі-калумбарыі, дзе пахаваны прах загінуўшых абаронцаў. У планіровачным і вобразным вырашэнні ансамбля важная роля належыць плошчы Цырыманіялаў, на якой адбываюцца ўрачыстасці. Плошчу з боку ракі Мухавец замыкаюць ацалелыя будынкі казарм з казематамі, з процілеглага — будынак Музея і руіны Белага палаца. Перад руінамі будынка былога інжынернага ўпраўлення — квадратная пліта з урэзанай пяціканцовай зоркай, у плоскасцях якой палымнее факел Вечнага агню. На пляцоўцы літыя бронзавыя літары: “Стаялі насмерць, слава героям!”

У гэтай сувязі ўспамінаю такі выпадак. За некалькі дзён да адкрыцця мемарыяла Пётр Машэраў спытаў у галоўнага архітэктара праекта Георгія Сысоева, які надпіс будзе ля Вечнага агню? Той адказаў: “Слава героям, якія стаялі насмерць!” І вось-вось павінны ўжо былі прывезці бронзавыя літары. Пётр Міронавіч на хвілінку задумаўся, потым мякка прапанаваў: “Калі не пярэчыце, давайце так: “Стаялі насмерць. Слава героям!”

Побач уступамі ідуць рады пахаванняў — злёгку нахіленыя пліты з чорнага лабрадарыту, урэзаныя ў адхон Цэнтральнага вострава. Пад імі ўсталяваны ўрны з прахам герояў. На плітах — 277 імёнаў загінуўшых абаронцаў крэпасці. На многіх іншых плітах шмат надпісаў: “Невядомы”. Тут, на граніцы, у братнім яднанні, плячом да пляча стаялі насмерць прадстаўнікі больш як 30 нацыянальнасцяў Савецкага Саюза. Пазней, 22 чэрвеня 1996 года, былі перапахаваны астанкі яшчэ 112 чалавек, якія былі знойдзены ў выніку раскопак. Але імёны іх мы таксама не ведаем. На той момант агульная колькасць пахаваных была 962 чалавека.

/i/content/pi/cult/853/18107/06.jpgУ кастрычніку 2011 года ў вялізнай варонцы ад снарада на тэрыторыі крэпасці былі знойдзены астанкі яшчэ 58 савецкіх байцоў. Імёны трох устаноўлены.

Калі я не памыляюся, агульная колькасць пахаваных абаронцаў сёння састаўляе 1038 чалавек. А колькі яшчэ “невядомых” засталося ляжаць у раздзёртай зямлі Брэсцкай цытадэлі? Гэта тыя, каго афіцыйна называюць “прапаўшыя без вестак”. Іхнія імёны з’явіліся і... губляюцца ў інтэрнэт-базах, у мільёнах запісаў на сайтах “Мемарыял”, “Память народа”, “Подзвіг народа”, у друкаваных і электронных кнігах Памяці. “Лічыць без вестак прапаўшымі” — так яны і лічацца: не паўшымі за Радзіму, а... зніклымі ў нябыце. Хіба гэта справядліва? Я ўпершыню пра гэта падумаў, калі тады, у 1971-м, слухаў, як над мемарыяльнымі плітамі ціха гучала ўрачыста-сумная мелодыя “Мрояў” Роберта Шумана.

А метраном адлічвае секунды...

...У той дзень, 25 верасня 1971 года, на ўрачыстае адкрыццё мемарыяла прыбылі шматтысячныя наведвальнікі з усіх канцоў краіны: не толькі грамадзяне Беларусі, але і прадстаўнікі рэспублік СССР і гарадоў-герояў, якія прыбылі на святочны “вернісаж”. Асаблівая пашана “са слязамі на вачах” была выказана тым пасівелым абаронцам Брэсцкай крэпасці, якія дажылі да тых хвалюючых дзён.

Ваенныя і пасляваенныя іх лёсы склаліся па-рознаму, у большасці драматычна, а то і трагічна, але зараз яны тут, у Брэсце, адчулі сябе сапраўднымі пераможцамі, якія самымі першымі ў Вялікай Айчыннай вайне паказалі ворагу, што народ наш не зламаць. Па праўдзе кажучы, у Брэсце вайна пачалася не ў чатыры раніцы, як мы помнім па ўсіх кананічных даведках. Артналёт пачаўся каля 3.15, гэта значыць амаль за гадзіну да афіцыйнага абвяшчэння вайны. Гэта адзін з апошніх запісаў у ваенных паперах, які быў знойдзены пры разборках завалаў Брэсцкай крэпасці.

...Запомнілася шчымлівае відовішча, калі цэнтральная плошча ансамбля запоўнілася народам; здавалася, памяць ваенных гадоў ахінала ўрачыстасць і застылая напруга ў твары салдата-гіганта нібыта скіравалася ў тыя мінулыя гады. А над гадамі тымі, над руінамі і казематамі крэпасці горда ўзняўся штык-абеліск. Імклівы ўзлёт вертыкалі, светлы і грозны метал — громападобны метал сучасных касмічных ракет.

/i/content/pi/cult/853/18107/07.jpgАдгрымеў салют. Страсянуўшы плошчу грукатам крокаў, прайшла калона маладых салдат. І — цішыня. І тады з вышыні, з устаноўленых на вяршыні абеліска дынамікаў, пралілася на зямлю мелодыя. Пралілася хорам жаночых галасоў — смуткам Радзімы па салдатах бессмяротных, якія не прыйшлі з вайны. Адзін строй эмоцый арганічна наклаўся на другі, і ў душы кожнага, хто прысутнічаў на плошчы Цырыманіялаў, востра прарэзаўся дотык да далечыні часоў... І як тут не ўспомніць пранізлівыя словы пісьменніка-франтавіка Барыса Васільева: “Брэсцкая крэпасць не пала: яна проста сплывала крывёй”.

...А метраном зноў і зноў трывожна адлічвае секунды. І праз расплаўленыя камяні праяўляюцца нялёгкія лёсы загінуўшых і выжыўшых герояў-абаронцаў Цытадэлі, якіх мы сёння ведаем па імёнах, і шмат невядомых салдат, і тых, якія доўгія часы былі наўмысна схаваны ў закрытых архівах...

Калючая праўда лёсаў...

Сёння здаецца ўсё простым: гераічная абарона Брэсцкай крэпасці залатымі літарамі ўпісана ў гісторыю Другой сусветнай вайны. Без перабольшання скажу, што гэтая абарона стала своеасаблівым пасланнем Трэцяму рэйху пра яго далейшы лёс; яна паказала, што ў самыя першыя гадзіны і дні вайны гітлераўцы ўжо прайгралі, зрабілі вялікую стратэгічную памылку, напаўшы на Савецкі Саюз. Гэта быў смяротны прысуд усяму пякельнаму праекту “плана Барбароса”. І не выпадкова, вышэй памянёны стары мастацкі фільм “Бессмяротны гарнізон” пачынаецца не з чэрвеня 41-га года, а менавіта з ўзяцця Берліна і ўздыму пераможнага чырвонага сцяга над Рэйхстагам...

Вынікі першых баёў на заходняй граніцы Савецкага Саюза, нягледзячы на поспехі немцаў, прымусілі задумацца найбольш дальнабачных германскіх военачальнікаў, напрыклад, фельдмаршалаў фон Рундштэта і фон Клюге, генералаў фон Браўхіча і Гальдера. Бо тут, у пагранічнай Беларусі, усё было не так. Вайна на ўсходзе аказалася зусім не падобнай да вайны ў Еўропе ці Паўночнай Афрыцы. Тут праціўнік быў іншым, і яго паводзіны разбуралі ўсе звыклыя ўяўленні немцаў і іхніх саюзнікаў. Ці разумеў гэта Гітлер? Мабыць, так. Інакш ён бы не прыехаў разам з Мусаліні 26 жніўня 1941 года ва ўжо паўшую Брэсцкую крэпасць, і не захоўваў бы ў сябе да канца жыцця ў берлінскім бункеры кавалачак абпаленай напалмам цагліны, узятай са сцяны крэпасці.

Але што граха таіць, пасляваенны шлях да сапраўднай Праўды пра абарону Брэсцкай цытадэлі быў усеяны не ружамі, а вострымі калючкамі, ад якіх прыйшлося доўга і балюча збаўляцца. Вельмі шмат было ідэалагічных фальсіфікацый грозных падзей у Брэсце чэрвеня 1941 года. Штосьці ўтойвалася ў ваенных архівах, некаторыя гістарычныя факты, якія не ўпісваліся ў тагачасную сталінскую ідэалогію, ды і пазней таксама, проста падмяняліся беспадстаўнымі, а то і хлуслівымі высновамі.

Прывяду некалькі прыкладаў, якія асабіста мяне вельмі пакаробілі. У 1975 годзе 3-е выданне кнігі Сяргея Смірнова “Брэсцкая крэпасць-герой”, ужо аддрукаванае, па патрабаванні ЦК КПСС было адпраўлена на перапрацоўку, каб выразаць з усіх эпізодаў кнігі імя старшыні Чырвонай Арміі, намесніка паліткіраўніка Брэсцкага гарнізона Самвела Матэвасяна, які разам з Яфімам Фаміным арганізаваў у крэпасці першую паспяховую штыкавую контратаку Вялікай Айчыннай вайны.

5 ліпеня 1941 года ён, цяжка паранены, трапіў у палон. Аказаўся ў канцлагеры пад Брэстам, але, трошкі ачуняўшы, здолеў уцячы. Партызаніў на тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Потым трапіў у Чырвоную Армію і дайшоў да Берліна. Удзельнічаў у штурме германскай сталіцы ў якасці камандзіра гвардзейскай штурмавой роты. На Рэйхстагу пакінуў надпіс: “Я з Брэста. Самвел Матэвасян”. У 1971 годзе за заслугі ў развіцці каляровай металургіі стаў Героем Сацыялістычнай Працы. Аднак праз нейкі час быў асуджаны за будаўніцтва сваёй дачы, калі закупіў не па рознічных, а па фондавых (аптовых) цэнах будаўнічыя матэрыялы на суму 641 рубль 19 капеек. Атрымаў паўгода ўмоўна, але быў выключаны з партыі, пазбаўлены звання Героя і, канешне, застаўся без дачы.

Сяргей Смірноў катэгарычна адмовіўся прыбраць з кнігі главы пра Матэвасяна, і ў выніку было знішчана 130 тысяч экзэмпляраў. І толькі ў 1987 годзе справа былога абаронцы Брэсцкай крэпасці была спынена “за адсутнасцю састава злачынства”. Яго аднавілі ў партыі, вярнулі дачу, а ў 1996-м, ужо пры Ельцыне, вярнулі і Зорку Героя Сацыялістычнай Працы.

Але, як гаворыцца, цягнік ужо пайшоў. Тым больш, што сам Смірноў памёр яшчэ 22 сакавіка 1976 года — адразу пасля канфлікту з выдавецтвам. Сам Матэвасян пражыў 90 гадоў. На яго магіле, што на Армянскіх могілках у Маскве, кароткі надпіс на рускай мове: “Самвел Матевосян. Комсорг Брестской крепости. 1912 — 2003”.

Пакручастая біяграфія першага Героя...

Дзіўныя метамарфозы адбыліся і ў складанай біяграфіі апошняга абаронцы Цытадэлі маёра Пятра Гаўрылава. Першая частка яго ваеннага жыцця многім вядома. У першыя дні вайны ўзначаліў групу байцоў з 1-га батальёна свайго палка і падраздзяленняў 333-га і 125-га стралковых палкоў і змагаўся на валу ля Паўночных варот Кобрынскага ўмацавання. 29 чэрвеня пасля буйной нямецкай бамбардзіроўкі Гаўрылаў з 12 салдатамі ўкрыўся ў казематах Усходняга форта і адтуль працягваў правадзіць баявыя вылазкі, пакуль усе байцы не загінулі. Ён застаўся адзін, але цяжка паранены, усё ж змог апошняй гранатай знішчыць некалькіх фашыстаў. Узяты ў палон 26 ліпеня, маёр трапіў у нямецкі канцлагер на тэрыторыі палігона Хамельсбург, дзе зблізіўся з палоненым генералам Карбышавым. Потым Гаўрылава перакінулі ў другі канцлагер — Равенсбрук, дзе і прабыў да канца красавіка 1945 года, калі быў вызвалены Чырвонай Арміяй.

А далей у біяграфіі Гаўрылава пачынаюцца неймаверныя дзівосы. Пасля вызвалення прайшоў праверку ў фільтрацыйным лагеры НКУС, дзе факты супрацоўніцтва з нацыстамі і дабравольнай здачы ў палон не пацвердзіліся. Праўда, трошкі пазней яго выключылі з партыі па прычыне “утраты партбилета” і пазбавілі воінскага звання як пабыўшага ў палоне. І тады ці то па няведанні, ці то па нейкім нагаворы, ці то па нежаданні дэталёва разабрацца, на свет божы выходзіць інфармацыя, што Гаўрылаў, аказваецца, пасля вызвалення з фашысцкага лагера трапіў “на доўгія гады” ў сталінскі ГУЛАГ. Пра гэта, напрыклад, напісаў аўтар атласа-даведніка па Краснадары, вядомы на Кубані гісторык-краязнаўца Іван Мірны. Ён сцвярджаў, што да вязня Гаўрылава “толькі пасля развянчання культа Сталіна прыйшла свабода”.

Дарэчы, я і сам, як многія іншыя мае сучаснікі, некаторы час таксама думаў, што Гаўрылаў быў рэпрэсаваны. Нават у фільме Аляксандра Котта “Брэсцкая крэпасць” (2010) слова “рэпрэсаваны” прагучала ў адносінах да Пятра Міхайлавіча ў закадравым тэксце каментатара Івана Краско. Але галоўнае — у іншым. Практычна ні ў воднай беларускай і расійскай энцыклапедыях, ні ў адным даведніку ніколі не гаварылася пра тое, як склаўся лёс героя ў першае дзесяцігоддзе пасля Перамогі. Таму ў людзей і ўзнікалі адпаведныя пытанні.

Ёсць вядомая фатаграфія Марка Ганкіна лета 1956 года — “Сустрэча баявых сяброў”: у Маскве на пасяджэнне, якое праводзіла Міністэрства абароны СССР у памяць 15-й гадавіны пачатку абароны Брэсцкай крэпасці, сустракаюцца, канешне, дзякуючы Сяргею Смірнову, П.Гаўрылаў, А.Семяненка і М.Зорыкаў. А былы савецкі франтавы журналіст Рыгор Свірскі, эмігрант з 1972 года, пракаментаваў, што вось гэта тройца былых абаронцаў крэпасці вярнулася з сібірскіх лагераў і па дарозе таемна (!) сустрэлася ў Маскве. І што гэтая фатаграфія — “бясспрэчны дакумент подлай бязлітаснасці сталінскага часу”. Здымак ўпершыню быў надрукаваны ў “Литературной газете” ў хрушчоўскія часы. А гнюсны каментарый Свірскага потым доўга качаваў з аднаго рэсурса на другі. І людзі верылі...

Скажу каротка. Так, Гаўрылаў у сібірскім лагеры быў. З восені 1945-га. Толькі не ў якасці вязня, а ў якасці... начальніка лагернага пункта № 8 для японскіх ваеннапалонных з Квантунскай арміі, якія будавалі чыгунку Абакан — Тайшэт. У чэрвені наступнага года быў звольнены ў запас. Вярнуўся на радзіму ў Татарскую АССР. Але наш народ добра помніў сталінскае выслоўе, што ў Чырвонай Арміі няма ваеннапалонных, ёсць толькі здраднікі. Дарэчы, гэта фраза з вуснаў Сталіна гучыць і ў кінаэпапеі Юрыя Озерава “Вызваленне”. Але ўдакладню, калі верыць афіцыйнай статыстыцы: з тых, хто прайшоў праверку, у воінскія часці было вернута больш за 70 прауэнтаў ваенаслужачых, у канвойныя войскі — 10 працэнтаў, у штурмавыя батальёны — 6 прауэнтаў і гэтак далей. І ўсё ж каля 5 працэнтаў былі арыштаваны і адпраўлены ў лагеры.

Пётр Гаўрылаў не трапіў у гэты працэнт і, у адрозненне ад дзясяткаў сваіх аднапалчан па Брэсту, у сталінскіх лагерах не правёў ні аднаго дня. Тым не менш яго сустрэлі на радзіме менавіта ў духу таго самага сталінскага выслоўя. Сустрэлі насцярожана, калі не сказаць варожа. І тады Пётр Міхайлавіч з’ехаў у Краснадар да сваякоў. Працаваў на тарнай базе, экспедытарам на прыборабудаўнічым заводзе. У 1955 годзе знайшоў сваю хворую жонку і сына, з якімі расстаўся ў Брэсце яшчэ ў самыя першыя гадзіны вайны.

Лёс Гаўрылава рэзка змяніўся пасля таго, як у 1956-м з’явілася кніга Сяргея Смірнова “Брэсцкая крэпасць”, выхад якой быў падобны грому сярод яснага неба. Па сутнасці, дзякуючы ёй Гаўрылаў быў адноўлены ў партыі, яму вярнулі воінскае званне, а 30 студзеня 1957 года атрымаў Залатую Зорку Героя Савецкага Саюза. Пасля гэтага ён пражыў яшчэ 22 гады. Жыў у Краснадары, займаўся актыўнай грамадскай дзейнасцю і вельмі часта прыязджаў у горад над Бугам.

У адпаведнасці з яго завяшчаннем, Гаўрылава пахавалі на гарнізонных мемарыяльных могілках Брэста побач з баявымі таварышамі. Праз два гады пасля смерці Героя, у 1981 годзе на магіле з’явіўся цудоўны помнік: бронзавы бюст апошняга абаронцы Брэсцкай цвярдыні на вертыкальным гранітным пастаменце з урэзанай у плоскасць каменя пяціканцовай зоркай. Аўтары — скульптар Уладзімір Лятун і архітэктар Юрый Казакоў.

Усё менш “белых плямаў”...

...Якая колькасць абаронцаў Брэсцкай крэпасці пала ў жорсткіх баях чэрвеня — ліпеня 41-га года, колькі трапіла ў фашысцкі палон і там загінула, і колькі наогул выжыла і аказалася ў сібірскіх лагерах — невядома. І хутчэй за ўсё пра дакладную лічбу мы ніколі не даведаемся. Тым больш, што адпаведныя архівы і сёння не ўсе раскрыты. Такая, на жаль, рэальнасць... І таму кожная знаходка ў гэтай бязмежнай прасторы дакументаў — айчынных і замежных — дарагога каштуе. Канешне, з цягам часу многае ўдакладняецца, змяняюцца акцэнты. І ў даследаванні гісторыі абароны Брэцкай крэпасці таксама паступова застаецца менш “белых плямаў”.

Вось нядаўна я прачытаў копію цікавага дакумента ад 25 кастрычніка 1956 года. Гэта дакладная запіска міністру абароны СССР, маршалу Г.К. Жукаву ад начальніка Галоўнага палітычнага ўпраўлення Міністэрства абароны генерал-палкоўніка А. Жалтова і начальніка Галоўнага ўпраўлення кадраў генерал-палкоўніка Ф. Кузняцова. Хачу прывесці тэкст цалкам (на мове арыгінала), бо па гэтым тэксце дастаткова дакладна можна праілюстраваць тую атмасферу, якая склалася вакол былых ваеннапалонных абаронцаў Брэсцкай крэпасці ў сярэдзіне 1950-х гадоў.

Вось гэты тэкст: “В связи с появлением в печати и художественных произведениях описания примера образцового выполнения воинского долга военнослужащими Советской Армии в бою с немецко-фашистскими захватчиками на территории бывшей Брестской крепости в июне 1941 года и в соответствии с Постановлением Центрального комитета КПСС и Совета Министров СССР от 29 июня 1956 года «Об устранении последствий грубых нарушений законности в отношении бывших военнопленных и членов их семей», Главным политическим управлением и Главным управлением кадров собраны материалы на 118 человек, участников указанного боевого подвига.

В результате изучения и проверки, через военные комиссариаты, этих материалов, вносится на Ваше рассмотрение предложение о награждении правительственными наградами 69 человек, как наиболее достойных.

В отношении 24 человек требуется дополнительное уточнение, а 25 человек целесообразно отвести от награждения, как имеющих судимости, отрицательно характеризующихся и по другим причинам.

Таким образом. к награждению представляется: орденом Ленина — 1 человек, орденом Красного Знамени — 8 человек, орденом Отечественной войны 1 степени — 24 человека, в том числе 5 человек посмертно, орденом Отечественной войны 2 степени — 18 человек, орденом Красной Звезды — 11 человек, орденом Славы 3 степени — 2 человека, медалью “За отвагу” — 3 человека, медалью “За боевые заслуги” — 2 человека.

При этом докладываем, что писатель Смирнов С.С., который описывает события, связанные с боевым эпизодом на территории бывшей Брестской крепости, высказывается за то, чтобы майор запаса Гаврилов П.М., как руководитель боев в крепости, был представлен к званию Героя Советского Союза.

Майор запаса Гаврилов П.М. Краснодарским краевым военкомом представлен к награждению орденом Красного Знамени. Главное политическое управление и Главное управление кадров полагает возможным представить тов. Гаврилова П.М. к ордену Ленина.

Докладываем проекты записки в ЦК КПСС, Указа Президиума Верховного Совета СССР и список представляемых к награждению. Просим Вашего решения”.

Для герояў Брэста смерці няма...

Але ў выніку справядлівасць, за якую мужна змагаўся Сяргей Смірноў, перамагла: Пётр Міхайлавіч Гаўрылаў атрымаў Залатую Зорку Героя. На жаль, я не знайшоў імяннога спіса іншых узнагароджаных абаронцаў крэпасці. Ведаю толькі, што пазней, у 1965 годзе, званне Героя Савецкага Саюза было пасмяротна прысвоена лейтэнанту Андрэю Кіжаватаму, начальніку 9-й пагранзаставы, якая размяшчалася ў крэпасці. Мужна кіраваў абаронай казарм 333-га палка ля Тэрэспальскіх варот. 29 чэрвеня загінуў у баі. Восенню 1942 года ў вёсцы Вялікарыта Брэсцкай вобласці ўся яго сям’я: маці, жонка і трое дзяцей была расстраляна фашыстамі.

Ордэнам Леніна ў 1957-м быў удастоены (таксама пасмяротна) адзін з кіраўнікоў абароны крэпасці, палкавы камісар Яфім Фамін. Трапіўшы ў палон, Фамін па даносе здрадніка (імя яго невядома) быў выдадзены немцам як камісар і яўрэй і расстраляны 30 чэрвеня 1941 года ля Холмскіх варот.

І ў заключэнне скажу так. Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой” — гэта свяшчэнная памяць менавіта пра тых, хто геройскі загінуў смерцю храбрых летам 41-га; хто выжыў, працягваючы змагацца за радзіму ў Чырвонай Арміі і партызанскіх атрадах; хто, нягледзячы ні на што, заставаўся чалавекам і патрыётам і ў фашысцкім палоне, і ў сталінскіх лагерах. Нязгасная Памяць у бронзе, граніце і бетоне. У душах і сэрцах. Жыццё мемарыяла працягваецца. Ідуць рамонтныя работы, наладжваюцца экскурсіі, стацыянарныя і перасоўныя выставы, чытаюцца лекцыі, збіраюцца экспанаты музейнага фонду, шукаюцца новыя імёны абаронцаў крэпасці, праводзіцца актыўная работа са сродкамі масавай інфармацыі, ствараюцца дакументальныя і мастацкія фільмы, выдаюцца кнігі і буклеты па гісторыі крэпасці, праводзяцца рэгулярныя міжнародныя памятныя акцыі і тэматычныя тэатралізаванныя дзейства.

Легендарная Брэсцкая крэпасць вытрывала ўсе выпрабаванні, выстаяла і прадаўжае служыць новым пакаленням прыкладам бязмежнай мужнасці, стойкасці духу і вялікай любові да Айчыны.

Барыс Крэпак

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"