Межы для драматургіі

№ 21 (1512) 22.05.2021 - 29.05.2021 г

Бягучы тыдзень для тэатральнай грамадскасці — незвычайны. Бо з мінулага панядзелка і акурат да заўтрашняй нядзелі ў сталіцы праходзіць Тыдзень сучаснай беларускай драматургіі.

Ладзяць гэту акцыю, паводле традыцыі, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, на сцэне якога і разгортваюцца падзеі, сумесна з існуючым пры ім Цэнтрам беларускай драматургіі.

Панядзелак — дзень цяжкі. У адпаведнасці з гэтым выслоўем, Тыдзень беларускай драматургіі пачаўся прэм’ерай спектакля з красамоўнай назвай “Мяртвятнік” паводле аднайменнай п’есы Андрэя Іванова. Але паўнюткая зала, паводле тэатральнага слэнгу, была зусім не “мёртвай”: гледачы жыва рэагавалі на элементы інтэрактыву ў пастаноўцы, а пасля прагляду зацікаўлена абмяркоўвалі ўбачанае разам з маладой рэжысёркай Яўгеніяй Давідзенка і занятымі ў спектаклі артыстамі Марынай Здаранковай і Максімам Шышко.

/i/content/pi/cult/851/18076/8_1.jpg

“Сірожа”.

З п’есай публіку пачалі знаёміць яшчэ з сярэдзіны сакавіка: цягам месяца ў анлайн-прасторы можна было далучыцца да прагляду яе чыткі. Добрая традыцыя, між іншым! Бо ў спектаклі некаторыя фрагменты тэксту былі скарочаны, каб больш яскрава паўстала рэжысёрская задума.

— У п’есе “Мяртвятнік”, — гаворыць Яўгенія Давідзенка, — закранута тэма камп’ютарных, ролевых гульняў. Але тэатр ужо сам па сабе — гэта ролі, гульня. І я вырашылася на не зусім звыклую форму спектакля: актрыса на сцэне, а акцёр — у зале, сярод гледачоў, якія выступаюць у ролі… гледачоў, што назіраюць за іх размовай. Таму і святло ў зале гасілася толькі ў той сцэне, дзе героі, згадваючы мінулае, зноў пачынаюць свае ролевыя гульні з фэнтазі-персанажамі. Увогуле, мяне менш цікавіла тэма гульняў, больш — гісторыя двух людзей, якія шчыра гутараць між сабой і пераасэнсоўваюць сваё жыццё. Адпаведна, скараціўся аповед пра невылечную хваробу героя, спробу самагубства гераіні. Хацелася данесці іншае — думку пра тое, што калі табе дрэнна, калі штосьці не заладзілася, трэба не баяцца змяняць свае ролі. У жыцці, а не ў гульні.

У праграме ж Тыдня “Мяртвятнік” змяніўся “Дабрабытам” — чыткай названай так п’есы, якую напісала Марыя Бяльковіч, а паставіў Дзмітрый Багаслаўскі. З серады пачаўся своеасаблівы хіт-парад лепшых ранейшых спектакляў РТБД па айчынных п’есах: “Ціхі шэпат сыходзячых крокаў”, “Сірожа”, “Гэта ўсё яна”. Сёння ўвечары эстафету падхопіць “Кар’ера доктара Рауса”.

/i/content/pi/cult/851/18076/8_2.jpg

“Кар’ера доктара Рауса”.

А заўтра там жа можна паглядзець ажно тры эскізы пастановак па новых беларускіх п’есах і спектакль-інсталяцыю “Пакой”, з’яднаныя ў праект “Антрапалогія межаў”. Пачатак гэтага праекта невыпадкова прызначаны на дзённы час. Бо гледачоў чакаюць чытанні-эскізы п’ес “Страчаны век” Настассі Васілевіч (у аўтарскай рэжысуры), “Нататкі / Напаміны” Лізаветы Машковіч (рэжысёр — Арцём Пінчук), “Араторыя” Яўгеніі Балакіравай (рэжысёр — Марыя Таніна) і, нарэшце, інсталяцыя “Пакой” па тэксце Вольгі Казаковай у рэжысуры Яўгеніі Давідзенка. Гэтыя чатыры п’есы былі створаны ў час восеньскай драматургічнай лабараторыі, якія штогод ладзяцца Цэнтрам беларускай драматургіі.

“Антрапалогія…” паставіць умоўную “мяжу” ў Тыдні беларускай драматургіі.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"