Напамін пра пекла на зямлі

№ 20 (1511) 15.05.2021 - 21.05.2021 г

Бяроза- Картузская як адбітак прававога бязмежжа
У рамках прынятага сёлета плана адзначэння Года народнага адзінства Міністэрствам культуры і Мінгарвыканкамам абвешчаны конкурс на стварэнне памятнага знака “Уз’яднанне”, які мае з’явіцца ў Мінску для ўвекавечання падзей восені 1939 года, калі Заходняя Беларусь была далучаная да Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. 17 верасня — дата, калі фактычна адбылося знамянальнае аб’яднанне краіны, значэнне якога для нашай Беларусі мае высокі нацыянальна-гістарычны сэнс. А 14 лістапада 1939 года трэцяя пазачарговая сесія Вярхоўнага Савета БССР пастанавіла: “Прыняць Заходнюю Беларусь у склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і ўз’яднаць тым самым беларускі народ у адзінай Беларускай дзяржаве”. Як варыянт пляцоўкі для размяшчэння помніка разглядаецца месца ля скрыжавання праспектаў Пераможцаў і Машэрава. Таксама плануецца добраўпарадкаваць і абнавіць мемарыял на месцы канцэнтрацыйнага лагера, які існаваў у горадзе Бяроза Брэсцкай вобласці, калі ён уваходзіў у склад буржуазнай Польшчы. Чым вядомае гэтае месца, чаму і якім чынам сёння варта захоўваць памяць аб падзеях, якія адбываліся тут у міжваенныя гады?

/i/content/pi/cult/850/18064/22.jpgБяроза ўпершыню згадваецца ў гістарычных крыніцах яшчэ ў 1477 годзе, спачатку як вёска, але ўжо ў наступным стагоддзі яе статус падвышаецца да мястэчка, якое робіцца прыкметным у наваколлі гандлёвым цэнтрам. Яно змяняла ўладальнікаў, пераходзячы ад аднаго магнацкага роду да іншага, пакуль у пачатку XVII стагоддзя не трапіла ў валоданне да канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі.

Род Сапегаў валодаў Бярозай да сярэдзіны XVII стагоддзя, калі Казімір, малодшы сын славутага канцлера, перадаў мястэчка пад кіраўніцтва прадстаўнікоў каталіцкага манаскага ордэна картэзіянцаў, якія адыгралі заўважную ролю ў яго далейшым лёсе і развіцці. У другой палове XVII стагоддзя манахі будуюць у Бярозе свае касцёл і кляштар, які меў рысы абарончага збудавання — быў абкружаны ровам і каменнай сцяной з вежамі.

Прычым тут картуз?

Горад ажно да пачатку Другой сусветнай вайны называлі Бярозай-Картузскай альбо Картуз-Бярозай: ад простамоўнага абазначэння манахаў-картэзіянцаў — “картузы”. Народная этымалогія, зрэшты, часам звязвае назву мясціны з тым, што, нібыта, тут у свой час павесіў на бярозе свой картуз (галаўны ўбор) той ці іншы цар альбо палкаводзец.

Тым не менш, з’яўленне такіх паданняў нельга лічыць цалкам беспадстаўным, бо ў мінуўшчыне Бярозы сапраўды можна знайсці старонкі, звязаныя з уладарамі дзяржаў і баявымі дзеяннямі. Так, падчас Паўночнай вайны ў 1706 годзе кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аўгуст ІІ Моцны сустракаўся тут з расійскім імператарам Пятром І, і ў тым жа годзе каля мястэчка адбылася бітва паміж шведскімі і расійскімі войскамі, у выніку якой шведы захапілі, спалілі і разрабавалі картэзіянскі кляштар.

Брама горада

У 1795 годзе па выніках трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Бяроза трапіла ў склад Расійскай імперыі. Манахі-картэзіянцы прымалі актыўны ўдзел у вызваленчых паўстаннях 1794 і 1830 — 1831 гадоў, таму ўжо ў 1832 годзе іх кляштар быў ліквідаваны царскімі ўладамі і перайшоў у дзяржаўную маёмасць. У другой палове XIX стагоддзя частка яго будынкаў, уключна з касцёлам, была разабраная, а цэгла з іх пайшла на пабудову праваслаўнай царквы і казармаў — тых самых, у якіх у 1930-я гады будзе створаны сумнавядомы канцэнтрацыйны лагер.

У кляштарных жа мурах у савецкія часы пэўны час размяшчалася вайсковая частка. Сёння ад комплексу колішняга картэзіянскага кляштара захаваліся толькі ўязная брама, рэшткі званіцы, якая прымыкала да касцёла, будынак шпіталя, адна з вежаў і рэшткі абарончых сцен. На жаль, ужо ў нашыя дні рэстаўрацыйныя работы закранулі толькі браму кляштара, быў адноўлены яе першапачатковы выгляд. Дарэчы, выяву гэтай брамы можна пабачыць і на сучасным гербе мястэчка, зацверджаным у 2008 годзе.

У 1871 годзе праз Бярозу праходзіць лінія Маскоўска-Брэсцкай чыгункі, што прыводзіць да імклівага развіцця мястэчка, дзе неўзабаве налічваецца ўжо больш за тысячу будынкаў. Роўна праз паўстагоддзя, у 1921 годзе, у выніку Савецка-польскай вайны і падпісання Рыжскай мірнай дамовы, Бяроза апынаецца на польскай тэрыторыі. У гісторыі міжваеннай польскай дзяржавы і Заходняй Беларусі, якая ўвайшла ў яе склад, гэтаму гораду было суджана займець сумную славу.

/i/content/pi/cult/850/18064/23.jpgРассечаная па жывым

Пералом у ходзе Савецка-польскай вайны, які адбыўся пасля паразы Чырвонай Арміі пад Варшавай у жніўні 1920 года і яе адступлення на ўсход, прывёў да таго, што савецкі ўрад быў вымушаны пагадзіцца на значныя тэрытарыяльныя саступкі на карысць Польшчы. Мірная дамова, заключаная 18 сакавіка 1921 года ў Рызе паміж Польшчай і савецкімі Расіяй ды Украінай, была падпісаная наогул без удзелу беларускай дэлегацыі.

Велізарныя абшары Заходняй Беларусі, якія складаюць каля паловы тэрыторыі сучаснай беларускай дзяржавы, па выніках Рыжскага міру амаль на два дзесяцігоддзі апынуліся пад уладай Польшчы. Сталіцу савецкай Беларусі ад заходняй мяжы аддзяляла адлегласць, не большая за трыццаць кіламетраў. Такое становішча было даволі небяспечным, калі ўлічваць, што цягам міжваенных гадоў пагроза магчымай вайны паміж Польшчай і СССР заставалася пастаяннай.

Хаця фармальна польская дзяржава першапачаткова дэкларавала захаванне нацыянальных адметнасцяў беларусаў, у рэчаіснасці тут праводзіўся курс на паступовую паланізацыю. Беларуская мова выціскалася з публічнага ўжывання, са сферы адукацыі, а беларускае насельніцтва зведвала ўціск і дыскрымінацыю па нацыянальнай і рэлігійнай прыкметах: тых, хто вызнаваў сябе беларусам і праваслаўным, маглі звальняць з працы альбо не прымаць на пэўныя пасады. Асаблівага размаху паланізацыя дасягнула ў другой палове 1930-х гадоў  — акурат у той час, калі існаваў і лагер у Бярозе-Картузскай.

Становішча беларускага насельніцтва пад польскай уладай не магло не выклікаць супраціву. Цэлы шэраг беларускіх палітычных і грамадскіх арганізацый вёў змаганне за нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне. Удзельнікі нацыянальна-вызваленчага руху цярпелі пераслед з боку польскіх уладаў і абвінавачваліся ў “антыдзяржаўнай дзейнасці”, што часта каралася турэмным зняволеннем.

На шляху да бяспраўя

З’яўленне канцэнтрацыйнага лагера ў Бярозе-Картузскай было заканамерным вынікам палітыкі санацыі, якую праводзілі польскія ўлады ў міжваеннай Польшчы на чале з Юзафам Пілсудскім. Пасля дзяржаўнага перавароту ў 1926 годзе ён зрабіўся фактычна дыктатарам, засяродзіўшы ў сваіх руках усе ўладныя паўнамоцтвы ў краіне, фармальна займаючы пасаду прэм’ер-міністра, у той час як прэзідэнтам быў абраны Ігнацы Масціцкі.

Сутнасць рэжыму санацыі, альбо, у перакладзе з лаціны, “ачышчэння”, палягала ва ўсталяванні аўтарытарнага кіравання, а таксама змаганні супраць камунізму і дзейнасці апазіцыйных партый. У выніку перавароту ў канстытуцыю былі ўнесеныя папраўкі, якія надавалі прэзідэнту права датэрмінова распускаць парламент і прызначаць новыя выбары, прадугледжвалася ўвядзенне цэнзуры друку. Галоўнай арганізацыйнай апорай санацыі быў Беспартыйны блок супрацоўніцтва з урадам.

Рэжым санацыі праводзіў палітыку пераследу палітычнай апазіцыі і ўціску правоў нацыянальных меншасцяў, у тым ліку беларусаў — хаця, вядома, меншасцю яны маглі лічыцца толькі ў маштабах усёй тагачаснай польскай дзяржавы, а ў Заходняй Беларусі відавочна складалі пераважную большасць насельніцтва. Моцнаму ўціску падпадалі таксама і дзеячы ўкраінскага нацыянальна-вызваленчага руху — у Заходняй Украіне супрацьстаянне санацыі было асабліва моцным, супраць мясцовага насельніцтва ўладамі ладзіліся ў першай палове 1930-х гадоў масавыя пацыфікацыйныя акцыі (то-бок акцыі гвалтоўнага ўціхамірвання). У адказ на іх 15 чэрвеня 1934 года ўкраінскія нацыяналісты зладзілі забойства міністра ўнутраных спраў Польшчы Браніслава Пярацкага і намесніка кіраўніка Беспартыйнага блока супрацоўніцтва з урадам Тадэвуша Галуўкі.

Ніхто не мусіць ведаць

Менавіта гэтыя забойствы паслужылі штуршком да таго, што ўжо праз два дні, 17 чэрвеня 1934 года, прэзідэнт Ігнацы Масціцкі выдаў распараджэнне “Аб ізаляцыі грамадска-небяспечных элементаў”. Яго вынікам акурат і было стварэнне канцэнтрацыйнага лагера, альбо, як яго называлі афіцыйна, “месца ізаляцыі” ў Бярозе-Картузскай. Меркавалася, што будзе створаны цэлы шэраг такіх фарміраванняў, аднак у выніку лагер падобнага кшталту застаўся ў міжваеннай Польшчы адзіным.

Звычайнай практыкай было зняволенне ў лагеры асобаў, для суда над якімі бракавала доказаў. Людзі, якія траплялі ў лагер, маглі ўтрымлівацца тут без суда, паводле рашэння паліцыі або кіраўніка ваяводства, на працягу трох месяцаў, прычым адміністрацыя лагера мела права зноў прызначыць гэты тэрмін неабмежаваную колькасць разоў. Найбольшы за ўсю гісторыю лагера тэрмін знаходжання вязня тут склаў два з паловай гады. Датэрміновае вызваленне з лагера рабілася магчымым у выпадку адмовы ад “антыдзяржаўнай” дзейнасці і падпісання адпаведнага абавязацельства, паводле якога забаранялася, у тым ліку, распавядаць каму-кольвек аб умовах утрымання ў лагеры — пад пагрозай зноў у яго трапіць. Тым не менш, гэтая забарона парушалася, і свет вельмі хутка даведаўся пра парадкі, якія панавалі ў Бярозе.

Няспынныя здзекі

Адначасова ў лагеры маглі ўтрымлівацца васямсот чалавек. Лагерны комплекс складаўся з трох будынкаў колішніх казарм царскай арміі, але вязні ўтрымліваліся толькі ў адным з іх, у іншых карпусах размяшчаліся адміністрацыя лагера, ахова і склады са зброяй. На першым паверсе турэмнага корпуса знаходзіліся кухня і сталоўка, вязні размяшчаліся ў камерах на другім і трэцім паверхах, таксама ў асобных памяшканнях у склепе дзейнічаў карцар.

Ахова лагера складалася з паліцэйскіх, якіх адмыслова накіроўвалі сюды на службу за розныя правіны. З першых гадзін знаходжання ў лагеры вязні сутыкаліся з няспыннымі здзекамі, абразамі і гвалтам з боку ахоўнікаў. Новапрыбылых змяшчалі ў памяшканнях з бетоннай падлогай, дзе тэмпература ўзімку не ўздымалася вышэй за нуль. Уночы ахова кожныя паўгадзіны будзіла вязняў і прымушала выконваць бессэнсоўныя загады, знясільваючы людзей фізічна: загадвалі паўзці і падымацца, бегчы — і так да бясконцасці.

Дзень у лагеры пачынаўся з пад’ёму а чацвёртай ранку, пасля адбываўся сняданак, на які вязні атрымлівалі эрзац кавы са збожжа і чатырыста грам хлеба, на абед апоўдні — кіпень і бульбу, а на вячэру — зноў толькі каву. Нават наведванне прыбіральні было прадугледжанае пад наглядам і толькі раз на суткі, зранку. Рэшту часу вязні былі вымушаныя пастаянна выконваць цяжкую фізічную працу, часта абсалютна бессэнсоўную, альбо займацца “гімнастыкай” — такімі ж бессэнсоўнымі фізічнымі практыкаваннямі...

Бясслаўны канец прыгнятальніка

За ўвесь час існавання лагера ў 1934 — 1939 гадах праз яго прайшлі каля дзесяці тысяч чалавек, з якіх каля трох тысяч — да 1 верасня 1939 года. У міжваенны час у Бярозе-Картузскай утрымліваліся прадстаўнікі любых палітычных альбо нацыянальных рухаў, што лічыліся антыдзяржаўнымі: камуністы Польшчы, Заходняй Беларусі і Украіны, якія складалі сярод вязняў большасць, а таксама ўкраінскія нацыяналісты, прадстаўнікі польскіх нацыянал-дэмакратычнага і сацыялістычнага рухаў, скрайне правай польскай партыі “Нацыянальна-радыкальны лагер”.

З пачаткам Другой сусветнай вайны ізаляцыя “нядобранадзейных элементаў” набыла яшчэ больш масавы характар: у лагер былі змешчаныя тысячы асобаў нямецкай нацыянальнасці, удзельнікаў нацыянальных рухаў і колішніх членаў камуністычных партый, распушчаных на тэрыторыі тагачаснай Польшчы рашэннем Масквы яшчэ ў 1938 годзе.

Пасля таго, як 17 верасня 1939 года на тэрыторыю Заходняй Беларусі ўступілі часткі Чырвонай Арміі, у наступную ж ноч лагерная ахова ўцякла, і вязні разбегліся па хатах. Увосень 1939 года лагер выкарыстоўваўся новай, савецкай уладай, ужо для ўтрымання ваеннапалонных польскай арміі.

Каб не быць апазнанымі колішнімі вязнямі і пазбегчы магчымай помсты, ахоўнікі канцэнтрацыйнага лагера ў Бярозе-Картузскай нават афіцыйна змянялі прозвішчы. Тым не менш, не ўсім гэта дапамагала. Так, камендант лагера Юзаф Камала-Курганскі, пасля пачатку Другой сусветнай вайны быў схоплены немцамі і зняволены ў лагеры смерці ў Асвенцыме, дзе яго пазналі былыя вязні Бярозы-Картузскай з ліку нямецкіх камуністаў, і збілі свайго колішняга крыўдзіцеля да смерці.

Гістарычны шанец

Існаванне лагера ў Бярозе-Картузскай было сумным фінальным акордам палітыкі нацыянальнага і палітычнага прыгнёту, якая панавала ў міжваеннай польскай дзяржаве. Пасля амаль двух дзесяцігоддзяў уціску сваіх правоў, увосень 1939 года беларускі народ абапал колішняй рыжскай мяжы нарэшце займеў магчымасць аб’яднацца ў межах адной дзяржавы і атрымаць гістарычны шанец на захаванне ўласнай цэласнасці, самастойнасці і незалежнасці.

Увекавечанне памяці аб канцэнтрацыйным лагеры ў Бярозе-Картузскай — справа, безумоўна, неабходная. Варта было б не толькі пашырыць сціплы мемарыял, які быў створаны ў 1962 годзе, але і добраўпарадкаваць усю тэрыторыю колішняга лагера, яго будынкі, дзе можа быць змешчаная экспазіцыя, якая будзе распавядаць аб трагічнай гісторыі гэтага месца і лёсах людзей, якія прайшлі праз яго муры. Безумоўна, мемарыял таксама мусіць напамінаць і пра цяжкі шлях да аб’яднання заходняй і ўсходняй частак Беларусі ў адну краіну, сумнай кропкай у якой была Бяроза-Картузская ў міжваенны перыяд.