Ні для кога не сакрэт, што першае сцэнічнае ўвасабленне гэтага балетнага хіта аказалася правальным — шмат у чым, з-за трагічнага фіналу: цэнтральныя героі гінулі ў бездані вод. І толькі новае харэаграфічнае прачытанне, выкананае пасля смерці кампазітара Марыусам Пеціпа і Львом Іванавым (менавіта ён ставіў “лебядзіны” кардэбалет), нарабіла фурору.
— “Лебядзінае возера” ператварылася ў сапраўднае “возера лебедзяў”, — распавёў Валянцін Мікалаевіч. — На няўдалай маскоўскай прэм’еры гэтыя сцэны адсутнічалі. І ўвогуле было немагчыма паверыць, што малавядомая нямецкая легенда пра дзяўчыну-лебедзя стане сімвалам рускага балетнага мастацтва.
Сёння балет ідзе ў многіх тэатрах свету — у самых розных пастаноўках, уключаючы безліч сучасных. Ёсць і кардынальныя пераасэнсаванні сюжэту, і варыянт з рэальным “возерам” у выглядзе вялізнага рэзервуара з вадой, усталяванага на сцэне. Але наша цяперашняя версія, як запэўніў В.Елізар’еў, будзе максімальна поўным і беражлівым вяртаннем да класікі. І таму ёсць падставы: па словах харэографа, “мы атрымалі гэты балет з добрых рук”.
Нагадаем, у 1938 і 1948 гадах “Лебядзінае возера” ставілася ў нас Канстанцінам Мулерам. Калісьці ён сам танцаваў Зігфрыда ў Вялікім тэатры Масквы, а з 1937-га быў запрошаны ў наш тэатр галоўным балетмайстрам. Пазней ажно тройчы пастаноўку ажыццяўляў знакаміты Асаф Месэрэр, які быў Зігфрыдам у Маскве яшчэ раней, у 1920 гады. Спачатку ён увасобіў у нас гэты спектакль у 1967-м, потым — у 1978-м. І зусім малады тады В.Елізар’еў, нядаўна прызначаны галоўным балетмайстрам тэатра, уважліва сачыў за працай майстра. А ў 1986-м, калі той прыехаў у трэці раз, выступаў мастацкім кіраўніком пастаноўкі. У 2012-м, у адсутнасць В.Елізар’ева, Юрый Траян і Аляксандра Ціхамірава зрабілі новую рэдакцыю апошняй версіі, перайначыўшы найперш фінальную карціну. Але наспеў час вярнуцца да класічных вытокаў — да гэткай адрэстаўраванай, “ачышчанай” ад далейшых стылёвых прымешак пастаноўкі.
— Я вывучаў шматлікія дакументы, кнігі, гравюры, фота і ўзяў адтуль усё лепшае, што прызнана аўтарскім харэаграфічным тэкстам. Былі раскрыты ранейшыя купюры, вернуты некаторыя з часам страчаныя нумары. Маё ўмяшальніцтва — мінімальнае: я “дасачыніў”, абапіраючыся на зададзеную стылістыку, хіба адсутныя фрагменты, без якіх парушалася логіка ў паводзінах герояў. І падзяліў увесь спектакль, у адпаведнасці з сучаснымі тэндэнцыямі, не на чатыры ці тры акты, а на два.
Нават партытура, з якой працуе малады дырыжор-пастаноўшчык Уладзімір Авадок (дарэчы, гэта яго першая самастойная вялікая пастаноўка, дагэтуль была толькі дзіцячая опера “Пінокіа”), — не пазычаная з ранейшай пастаноўкі нашага тэатра, а яшчэ дасавецкая, выдавецтва Юргенсана.
— Некаторыя дэталі ў ёй выкладзены іначай, — дадае дырыжор. — Здавалася б, дробязь. Дый музыка Чайкоўскага настолькі маштабная па сваёй драматургіі, што пры яе выкананні ўзнікае спакуса пакінуць такі ж буйны разгорт. Але хацелася б дадаць у ігру аркестра папраўдзе балетную пластыку, “ажывіць” знаёмыя мелодыі выразнасцю фразіроўкі.
У тым, колькі патаемнага зместу ўтрымлівае кожны балетны жэст, журналісты змаглі пераканацца на свае вочы. Народная артыстка Беларусі Ірына Яромкіна, заслужаныя артысты Таццяна Шаметавец і Алег Яромкін не проста прадэманстравалі некаторыя харэаграфічныя фрагменты пад акампанемент канцэртмайстра Сяргея Альтшулера, але і пракаментавалі, прычым не без гумару, што менавіта азначае той ці іншы рух. Раптам падумалася: а што, калі працягнуць гэтую ідэю? І на тых жа ранішніх паказах балетнай класікі рабіць невялікія тлумачэнні перад пачаткам ці ў антракце. Ці нават зладзіць штосьці накшталт вясёлага, нязмушанага лекторыя для дзяцей і бацькоў. Бо тут і сапраўды — поле неаратае ці, у аднаведнасці з тэматыкай балета, возера нязведанае.
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ