“...Медалямі на потных гімнасцёрках звінела геаграфія Еўропы...”

№ 19 (1510) 09.05.2021 - 15.05.2021 г

Франтавыя дзённікі Івана Пушкова як адбітак перажытага
У гады Вялікай Айчыннай вайны ў Чырвонай Арміі, партызанскіх лясах і падполлі Беларусі са зброяй у руках змагаліся каля 140 мастакоў. Сёння ўдзельнікаў вайны сярод членаў Беларускага саюза мастакоў ў жывых застаўся толькі адзін чалавек — заслужаны дзеяч мастацтваў, віцябчанін Аляксандр Салаўёў. Але ўсіх, хто не дажыў да 76-годдзя Вялікай Перамогі, мы імкнемся не забываць, бо яны сваёй творчасцю ўнеслі значны духоўны ўклад у наша сучаснае мірнае жыццё. Адным з тых, хто пакінуў пасля сябе добрую памяць як салдат, мастак, чалавек, патрыёт з’яўляецца Іван Васільевіч Пушкоў. На жаль, сёння яго імя, як гаворыцца, не на слыху ў мастацтвазнаўцаў і маладога пакалення творцаў, а тых, хто яго асабіста добра ведаў, у жывых таксама амаль не засталося.

/i/content/pi/cult/849/18031/1.jpgА між тым ён — вядомы беларускі пейзажыст, заслужаны работнік культуры Беларусі, чвэрць стагоддзя кіраваў Гродзенскай абласной арганізацыяй Саюза мастакоў. Вайну скончыў кавалерам многіх баявых узнагарод, у тым ліку чатырох ордэнаў Айчыннай вайны I і II ступеняў і Чырвонай Зоркі. У канцы 1944-га Пушкоў быў прадстаўлены да звання Героя, але ў апошні момант замест Залатой Зоркі атрымаў ордэн Баявога Чырвонага Сцяга.

35 гадоў яго няма з намі (ён пайшоў з жыцця ў 1986-м, ва ўзросце 68 гадоў), але засталіся яго пранікнёныя лірычныя пейзажы, якія вельмі цаніў Віталь Цвірка, і светлая памяць, на жаль, ужо нямногіх сведкаў яго жыцця. Ён блізка сябраваў з Васілём Быкавым, Міхасём Васільком і Аляксеем Карпюком, Іванам Ахрэмчыкам, Міхаілам Зялёнкіным — лётчыкам-знішчальнікам, Героем Савецкага Саюза, мастаком і Аленай Аладавай, а ў канцы 40-х гадоў — з тагачасным першым сакратаром Гродзенскага абкама партыі Сяргеем Прытыцкім, з многімі дзеячамі культуры. І ў гэтым сэнсе мне пашчасціла: нягледзячы на сур’ёзную розніцу ва ўзросце паміж намі, мы шмат гадоў моцна сябравалі на творчым і чалавечым полі.

/i/content/pi/cult/849/18031/2.jpgАртылерыст і разведчык, ён з 22 ліпеня 1941-га да пераможнай вясны 1945-га знаходзіўся ў дзеючай арміі, на перадавой. Спачатку было адступленне ад пагранічнай ракі Прут, цяжкія баі за Крым, дзе ён карэкціраваў артылерыйскі агонь. Затым удзельнічаў у легендарнай Керчанска-Эльцігонскай дэсантнай аперацыі і баях на Малай Зямлі. Дарэчы, першы баявы ордэн яму асабіста ўручыў начальнік палітаддзела 18-й арміі, палкоўнік Леанід Брэжнеў. У складзе 18-й арміі змагаўся за Наварасійск, Керч, Туапсэ. Наступныя старонкі яго франтавой біяграфіі — вызваленне Беларусі, аперацыя “Баграціён”, цяжкія баі ў Прыбалтыцы, Усходняй Прусіі, Польшчы, штурм Берліна. Скончыў вайну гвардыі капітан Пушкоў у Празе.

Незадоўга да смерці Іван Васільевіч перадаў мне свой архіў: папку з франтавымі малюнкамі і тры свае дзённікі ваенных гадоў (1942 — 1945). Але не ўсе, якія ён вёў: запісы за май — кастрычнік 1944-га чамусьці забраў, па словах мастака, “палкавы службіст”, хутчэй за ўсё — хтосьці са СМЕРШа, ды так і не аддаў.

Уласна, гэта не столькі дзённікі ў іх вузкім разуменні, колькі роздумы аб жыцці: аб прыродзе, паэзіі, жывапісу, гісторыі, філасофіі. Ва ўсе гэтыя “аўтарскія адступленні” арганічна ўведзены падрабязныя апісанні баёў і ваеннага побыту, непасрэдна звязаных з асобай аўтара. Частку франтавых накідаў і малюнкаў мастак адразу пасля вайны перадаў на памяць свайму сябру, былому карэспандэнту армейскай газеты, вядомаму рускаму пісьменніку Віталію Закруткіну. Шырокі чытач ведае яго як аўтара аповесці “Маці чалавечая” і трылогіі “Стварэнне свету”.

/i/content/pi/cult/849/18031/3.jpgІ ў пярэдадзень Свята Перамогі мне захацелася прывесці хаця б некаторыя фрагменты з дзённікаў (для аднаго з іх, дарэчы, Пушкоў выкарыстаў трафейны нямецкі штодзённік 1939 года), якія характарызуюць яго не толькі як салдата, але і як паэта-лірыка. Ён у кароткіх перапынках паміж баямі скрупулёзна запісваў сваім вельмі дробным почыркам (ручкай ці алоўкам) уражанні і развагі: пра тое, што адбывалася побач, пра баявых сяброў, пра абпаленую вайной прыроду і ўвогуле пра жыццё, якое будзе пасля Перамогі. А ў яе, Перамогу, Іван Пушкоў цвёрда верыў, пачынаючы з першага дня вайны...

Канешне, мне было не проста выбраць для друку толькі нейкую маленькую частку з вялікага аб’ёму дзённікавых запісаў, але я пастараўся максімальна паказаць хаця б тое, што можа быць больш цікавым не толькі для мяне, але і для сучасных чытачоў.

9 лютага 1942 г. Садкі.

Не ведаю, чаму, але іншым разам у жыцці бываюць такія хвіліны, калі вельмі хочацца штосьці рабіць: пісаць, маляваць, піць, весяліцца або моцна-моцна прытуліць каханую дзяўчыну. Мабыць, гэта не зусім нармальныя пачуцці, якія ўласцівы здароваму чалавеку? Тым не менш, ува мне жывуць падобнага роду заганы.

Сёння, у які раз, мяне паднялі ў гадзіну ночы для абсталявання НП (назіральны пункт. — Б.К.). Хлопцы прапрацавалі да позняга сняданку. Я, праўда, вызваліўся а чацвёртай гадзіне: мяне змяніў Алі Эрменаў. Ах! Якое цудоўнае гэтае мора! Лютая ноч. Навокал цішыня і шырокагрудая зямля, быццам мёртвая, выцягнула ногі і спіць непрабудным сном пад гурбамі аксамітнага снежнага покрыва. Толькі дзесьці наперадзе чуваць адзіночныя ружэйныя стрэлы, часам пратарахціць кулямёт, альбо з глыбіні сусвету, быццам рэха, данясецца гул артылерыйскай кананады. Зрэдку з заснежанай вёскі пачуецца лянівае гаўканне ацалелага сабакі. Вось і ўсё, што можна пачуць у гэтай марознай цемры. А над галавой, быццам люстры, зіхацелі смарагдамі зоркі. Месяц павольна рухаецца, а сотні асвятляльных ракет, пасля бездарожнай пагоні за адыходзячым месяцам, разбіваюцца аб мёрзлую зямлю...

12 сакавіка 1942 г. Іванькі.

Абарону занялі на стратэгічна выгодным рубяжы. Два апошніх дня быў на НП. Назіраў за немцамі. Безупынны рух машын. Ніяк не ўцямлю, альбо адсюль яны што вывозяць, альбо сюды штось прывозяць, але адно зразумела: гансы рыхтуюцца да “вясенняй кампаніі”. Ноччу засёк некалькі батарэй праціўніка. Так, ледзь не забыў: учора назіраў зацменне месяца. Бедны месяц, як ён мучыўся — бы дзяўчына пры родах: то акругліцца, то пачырванее, то збялее, то ледзь-ледзь прагляне з-за аблокаў, то зусім знікне, пакінуўшы толькі адзін арэол. Нарэшце, пасля дзвюхгадзінных пакут, ён разарваў калматыя кучы аблокаў і зноў заззяў...

27 сакавіка 1942 г.

На фронце ніводнага стрэлу. Усё навокал маўчыць. Толькі пасля ўчарашняга цяжкага бою ў вушах застаяўся нейкі незразумелы звон, падобны да свісту цвыркуна. Неяк незразумела праходзіць вайна. Калі раней вёскі і гарады здаваліся амаль без боя, дык цяпер на кожную вёску, на кожны бліндаж, акоп кладуцца дзясяткі, сотні снарадаў. З кожным днём усё мацнейшы кулямётны дождж. Некалі ўрадлівыя палі пераўтвараюцца ў могільнікі для фашысцкага звяр’я. Кожны метр зямлі на сваёй паверхні ўтрымлівае да кілаграма сталі. Гэта гаворыць пра тое, што з кожным днём усё мацней і зладжаней становіцца наша армія, і ўсё глыбей і глыбей запаўзаюць у свае бярлогі фашысцкія звяры. Учарашні дзень — 26 сакавіка — быў адным з самых запамінальных дзён за час вайны. Цягам 46 гадзін перыядычна ішла артпадрыхтоўка з таго і другога бакоў. Няспынна страчылі кулямёты. Снарады прашывалі ўсё навокал. Гэта было сапраўднае пекла. Дзіўна, што наша хата ў вёсцы Палітаддзельнае засталася непашкоджанай. Увечары ўсё сціхла. Ноч прайшла спакойна...

1 снежня 1943 г. Керчанскі паўвостраў.

Сёння першы дзень зімы, трэцяй па ліку, жахлівай крывапралітнай вайны, якая адняла ў мяне, як і ў мільёнаў іншых людзей, столькі сіл і жыцця... Больш за два гады таму зіма сваімі рыхлымі пухнатымі завеямі снега прыносіла мне столькі радасці і шчасця на тамбоўскай зямлі; цяпер на пакутлівай крымскай зямлі — горыч і смутак. Але ж гэта не канец твайго жыцця, Іван, і не канец вайны: не падай духам, не давай слабінку сваёй волі, бо тваё жыццё, як і тваё шчасце, — наперадзе, а таму ты не павінен атручваць свой настрой сумнай галавой і смуткам тваіх задумлівых вачэй. Няхай памяць твая служыць неад’емным памочнікам тваёй волі і не займае ў цябе залішніх сіл... Ты шмат прайшоў, але табе яшчэ болей прыйдзецца прайсці. Там, наперадзе, растуць цудоўныя кветкі твайго шчасця: імі ўзнагародзіць цябе твая краіна, твой народ. Таксама, як перамога над ворагам увянчае цябе лаўрамі перамоганоснай славы!

22 снежня 1943 г.

Учора ў нас быў мітынг, дзе прысутнічалі член Дзяржаўнага Камітэта абароны К.Я. Варашылаў, прадстаўнік стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання С.К. Цімашэнка і камандуючы Паўночна-Каўказскім фронтам І.Я. Пятроў. Так, заўважна пастарэў Варашылаў у параўнанні з тым, якім я яго бачыў на ўсялякіх фотарэпрадукцыях: я ж маляваў і пісаў яго партрэты ў 1937 — 1938 гг., калі заканчваў Пензенскае мастацкае вучылішча. Раней я мог убачыць сівізну толькі на яго скронях, але цяпер срэбрам адсвечвае ўся галава, ды і твар вельмі змяніўся: маршчыны, складкі… Але затое яго стройная фігура, упэўненая паходка па-ранейшаму велічная і прыгожая. Маршал Цімашэнка і генерал-палкоўнік Пятроў уручалі ордэны асобным таварышам, якія не паспелі атрымаць іх яшчэ за першы дэсант. А 15-й гадзіне мітынг скончыўся. І людзі былі разведзены па сваіх месцах, атрымалі гарэлку і сухі паёк: рыхтаваліся да чарговага дэсанта.

8 студзеня 1944 г. Тамань.

Шэрая таманская раўніна. Накропвае дождж. На двары непралазны бруд. Неба пахмурнае і непрывыбнае, суцэльна зацягнутае шэрымі і шэра-сінімі хмарамі. Салёны марскі вецер шуміць у таманскіх травах. Мой “каземат” наскрозь змок і мае вельмі жаласлівы выгляд. Ды і сам я ўвесь у брудзе і змок да ніткі — у рэшце рэшт, нармальная ваенная абстаноўка. Уначы мы павінны перасекчы воды Азоўскага мора і высадзіцца ў раёне вышыні 164,5 і рыбных промыслаў. Праз дзевяць дзён — Новы год. Якім ён будзе для нас, для ўсіх савецкіх людзей? Але думаю, веру, што ў 44-м мы зламаем хрыбет фашыстам і дойдзем да самога Берліна...

7 сакавіка 1944 г.

Пакуль усё свежае ў памяці, вяртаюся ў той студзеньскі дзень. Нашы пяхотныя часці вялі бой па авалоданні вышынямі 164,5 і 136,0. Я атрымаў загад заняць пункт у раёне вышыні 136,0, куды і паслаў з рацыяй лейтэнанта Аршынава. Сам застаўся на пункце камандзіра палка і вёў агонь па агнявых кропках праціўніка, якія перашкаджалі прасоўванню нашай пяхоты. Хутка вышыня была ўзята, і я адтуль працягваў карэкціраваць агонь па нашых вышынях. Знішчыў дзве 75-міліметровыя гарматы, тры станкавыя кулямёты, што дало магчымасць нашай пяхоце авалодаць вышынёй 164,5. Потым я перанёс агонь на вышыню 88,6, і ў 16-й гадзіне яна была ўзята. Карэкціруючым агнём у гэтым раёне мной былі знішчаны яшчэ тры гарматы, сем кулямётаў, забіта больш за 80 салдат і афіцэраў праціўніка...

23 студзеня 1945 г. Усходняя Прусія.

Учора нашы хадзілі ў Гумбінен паглядзець на плён сваёй працы. Ва ўсім горадзе не было ніводнага мірнага жыхара. У ліку трафеяў, якія праціўнік пакінуў у час уцёкаў, мае салдаты ў адным са стандартных домікаў знайшлі незвычайныя: савецкія алоўкі “Піянер” фабрыкі Красіна і наш жа блакнот. Аказваецца, нашым алоўкам і ў Берліне малююць! Нічога, мы, савецкія людзі, — не ганарліўцы, і туды хутка дойдзем!..

Пасля кароткага перакусу наш дывізіён у складзе палка паходнай калонай прайшоў па яшчэ дымных вуліцах Гумбінена. Паўсюдна — груды бітай цэглы, шкла, шчэбеню, дроту з тэлеграфных слупоў, знявечаных асколкамі... Спыніліся на паўднёва-ўсходнім баку ад вузла абароны праціўніка — Інстэрбурга. Атабарыліся ў двух дамах (сёння адзін з іх згарэў). Чакаем загаду. Неяк проста сорамна заставацца ў тыле...

25 студзеня 1945 г. Усходняя Прусія.

Там жа. За 20 кіламетраў ад нас вайна ў разгары: гараць фальваркі, гаспадарскія двары і маёнткі. Па лясах, па дарогах і гарадах блукаюць бяздомныя жывёлы. У кватэрах з мяккай прускай мэблі створаны цэлыя барыкады. У агародзе стаіць фісгармонія, а побач з ёй байцы расклалі вогнішча. З падвалаў выходзяць першыя нашы людзі: арлоўскія, смаленскія, ленінградскія. Тры гады ў тузе па сваёй радзіме пакутавалі яны ў нямецкай няволі. Я бачу, як яны збіраюць няхітрыя пажыткі і на каровах, запрэжаных у сані, накіроўваюцца на ўсход…

2 лютага 1945 г.

Да мяне прыйшлі дзве радасці да агульнай урачыстасці нашага наступлення. Першая — гэта прарыў саюзнікамі лініі “Зігфрыда” і ўступленне на непасрэдныя землі Германіі з захаду. І другая, не меншая радасць — гэта перамога праўды: сыход з палка некаторых “службовых” асоб. Я ад усёй душы вельмі рад, што сярод іх быў і адзін няздарны штабіст, які ледзь не паставіў мяне на край бездані, і толькі дзякуючы таму, што я чалавек не з слабага дзясятка і што на маім баку была праўда, якую не пабароць ніякім чынушам вышэйшага разраду, — я выстаяў, і гэтым яшчэ раз заслужыў вельмі высокую і для мяне важную павагу маіх сяброў-таварышаў. Але не магу дараваць таму штабісту, што ён забраў усе мае дзённікавыя запісы за май — кастрычнік 1944 года — быццам бы для “прагляду” спецаддзела: а раптам я “выдаў” у гэтых запісах нейкую “ваенную тайну”? Ідыёт — што я магу яшчэ сказаць пра гэтага чалавека…

8 лютага 1945 г. Фальварак Хіршвальдашэн.

З раніцы быў добры настрой: ніхто не трывожыў па тэлефоне і радыё. У 4.00 адправіў аператыўныя і разведвальныя дакументы ў штаб палка, і пачаў пісаць аўтапартрэт (упершыню за вайну!) алейнымі фарбамі. Спачатку ўсё ішло добра. Я ўжо зрабіў малюнак і пачаў пісаць фарбамі (дрэздэнскага вырабу, падарунак сябра). Хлопцы заводзілі патэфон, танцавалі адзін з адным. І раптам у памяшканне ўварвалася штабная камісія “анучнікаў” (мы іх так называлі). Пасыпаліся ўсялякія пытанні і павучанні: маўляў, ідзе вайна, а вы знайшлі час займацца глупствам, і гетак далей. І тут пачала пішчаць тэлефонная рацыя. Загад: трэба перамяшчацца на новае месца. Зноў — 1000 пытанняў, якія выраслі, нібы з-пад зямлі, і адно важнейшае за другое. Я ўскіпеў, скамячыў і кінуў у вугал пачаты партрэт. А 17-й я быў у штабе артдывізіі. А ў 19.00 я ўжо размясціўся са сваім штабам на новым месцы ў старажытным графскім фальварку. Гэта — трохпавярховы дом, які з трох бакоў атачаў сквер стогадовых дубоў, ліп і соснаў.

10 лютага 1945 г. Лашэн. Раніца.

Як і раней, працягваем стаяць у графскім фальварку. Праціўнік аказвае ўпартае супраціўленне. Зразумела, што не сёння-заўтра ён павінен адысці, бо ўначы ў напрамку горада было чуваць моцныя выбухі снарадаў: гэта пэўная прыкмета яго адыходу. У 9.00 — сняданак. Быў Б.С. — чалавек надзвычайнай душы. Калі хаця б чвэрць людзей былі з такімі душой і характарам, якія мае гэты чалавек, можна было б жыць кожнаму чалавеку стагоддзе — не менш: бо галоўнае ў такіх людзях — дабрыня, сумленнасць, любоў да радзімы, мужнасць, сціпласць, розум, адсутнасць фанабэрыі і хамства. Сам ён да вайны быў галоўным інжынерам на Бакінскіх нафтапромыслах, цяпер — старшы лейтэнант, камандзір 1-га агнявога ўзвода ў маім дывізіёне. Упершыню мы з ім прынялі бой у 1942-м на Каўказе. Вось тады, у цяжкія дні нашага адступлення, мы моцна пасябравалі, побач прайшлі франтавымі дарогамі па Беларусі, Прыбалтыцы, Прусіі і вось дайшлі амаль што да сэрца фашысцкага логава. Ніколі ў яго прысутнасці я не казаў чагосьці лішняга, не дазваляў мацюкання. А вось заўчора, калі ў раз’юшанасці скамечыў аўтапартрэт, не вытрымаў… Дык вось, сёння Б.С. падышоў да мяне ў час снядання і сказаў: “Іван Васільевіч, я хачу, каб вы прадоўжылі работу над сваім партрэтам. Гэта вельмі важна і для вас, і для ўсіх нас…”

13 лютага 1945 г.

Сёння войскі 2-га і 3-га Украінскіх франтоў узялі Будапешт. А на нашым накірунку ідуць крывапралітныя баі. Праціўнік упарта супраціўляецца. Асаблівую актыўнасць выяўляе цяжкая артылерыя ворага. Снарадамі ўзрыты кожны метр зямлі. Сёння артабстрэл быў зроблены па маёй штаб-кватэры: двух кухараў параніла, забіла аднаго салдата і чатырох коней. Атрымаў загад змясціць баявы парадак. Да сыходу дня нашы пяхотныя часткі прасунуліся наперад да Грох-Лабенена.

14 лютага 1945 г. Лес Штаатсфарст. г. Прэйсіш-Эйлау.

Жорстка шумяць устрывожаныя лютаўскім ветрам і непагаддзю, злоснанасупіўшыся, цёмна-зялёныя хваіны гіганцкага лесу. Пранізлівы вецер расхрыстана гуляе між стромкімі стваламі дрэў і, быццам звар’яцелы, ірвецца і калоціцца змоклымі палотнамі палаткі, дзе стаіўся мой штаб. У цэнтры яе — трафейная нямецкая печка, і кожны імкнецца падсесці бліжэй і працягнуць туды рукі. А вакол несупынна працуе цяжкая артылерыя з таго і іншага бакоў. Зямля, быццам у ліхаманцы, дрыжыць цэлымі суткамі. Па лесе носяцца з боку ў бок напужаныя ласі, козы, алені. Праходзяць цэлыя калоны вызваленых з нямецкага палону нашых грамадзян...

25 красавіка 1945 г. Паўднёвая ўскраіна Берліна.

Сёння нашы часці (1-шы Украінскі і 2-гі Беларускі франты) у паўночна-заходнім раёне Патсдама скончылі поўнае акружэнне Берліна. 3-ці Беларускі фронт вызваліў Земландскі паўвостраў і завалодаў буйным портам і крэпасцю Пілау. Як мяняюцца падзеі! Бо трэба толькі ўзгадаць лета 41-га і 42-га гадоў і параўнаць з цяперашняй вясной: баі ў прадгор’ях Каўказа, на Волзе, Кубані, Доне, у Беларусі — і зараз на вуліцах Берліна! Гонар і слава табе, савецкі Салдат! А нашы байцы 5-й гвардзейскай арміі ўсё ж сустрэліся ў раёне Торгау з часцямі 1-й амерыканскай арміі. Так нам паведамілі па радыё...

1 мая 1945 г.

Сёння адзін з самых шчаслівых дзён! Першае мая сустракаем у сталіцы Германіі. Паўсюдна на ўсіх вуліцах у вокнах дамоў — сцягі, якія вывесілі жыхары, як сімвал скаронасці перад намі, пераможцамі. Несупыннай плынню ідуць калоны палонных і мірных грамадзян многіх краін. Вяртаюцца і грамадзяне-немцы ў свае кватэры. Надзвычай шматнацыянальны ты, Берлін! Каго толькі не сустрэнеш на тваіх шчыльных і задымленых вайной вуліцах. Сёння трэці дзень як мы вядзем баі за Берлін. З ускрайку мы ўжо прабіліся да цэнтра. І зараз я са сваім штабам знаходжуся ў кватэры шведскага пасольства і ў гонар пераможнага свята вясны п’ём 100-гадовыя віны іншаземных марак...

2 мая 1945 г.

Прыкладна а 12-ай гадзіне прайшла чутка аб капітуляцыі Берлінскага гарнізона, а крыху пазней — аб капітуляцыі Германіі. Божа мой! Няўжо канец вайне? Не, гэтаму цяжка паверыць... А 15-ай гадзіне — паведамленне па радыё (падслухалі мае радысты) аб капітуляцыі Берлінскага гарнізона. Гэты загад падпісаў гітлераўскі генерал Вейдлінг. Ура! Зноў звон кілішкаў і шыпенне пеннага віна!..

3 мая 1945 г.

З Берлінам скончана. Сёння мы вялі бой на паўночна-заходняй ускраіне, вызвалялі адзін буйны завадскі раён. А 17-й гадзіне з чырвонымі сцягамі праехалі па вуліцах Берліна. Некаторыя немцы нават віталі нашы войскі. Паўсюдна вывешаны чырвоныя і белыя сцягі. На вуліцах, бліжэй да цэнтра, ужо ідзе ўборка. Адчыняюцца храмы. Людзі стаяць у чэргах. Дзіўна, на адным прыпынку сталы немец наладзіў нам цэлы канцэрт. Мы пачаставалі яго віном. Ён у знак падзякі са славамі “Рот фронт!” і “Гітлер капут!” пусціўся ў скокі...

4 мая 1945 г.

Начавалі ў лесе на паўднёвай ускраіне горада. А 8-й гадзіне выехалі на поўдзень. Праехалі знаёмыя мясціны мінулых баёў: Кассен, Любек, Фінстэрвальдэ. На Паўднёвым Захадзе ад Барута зрабілі прыпынак. Потым едзем у накірунку Дрэздэна, а адтуль, бог яго ведае, ёсць чуткі — што ў Чэхаславакію. Куды б ні ехаць, дзе б ні ваяваць, — толькі хутчэй скончыць з гэтай доўгай бойкай...

5 мая 1945 г.

Імчым па аўтастрадзе Берлін — Брэслау — Дрэздэн. Дарога забіта ў тры рады бясконцай плынню машын, тэхнікай, людзьмі. Нашымі людзьмі, якія ўсталявалі сцяг Перамогі над Берлінам. Я еду ў трафейнай машыне былога турэцкага пасла. Некаторыя хлопцы сумуюць, што так мала прыйшлося пабыць у Берліне...

Далей дзённік абрываецца. Наступныя запісы зроблены ў снежні 1945 года ў мірным Гродна, дзе Іван Пушкоў застаўся назаўсёды жыць і працаваць. І першай яго справай было стварэнне абласнога аддзялення Саюза мастакоў БССР і адпаведна — Гродзенскіх мастацка-вытворчых майстэрняў. З таго часу пастаянна ўдзельнічаў у рэспубліканскіх, усесаюзных і замежных выставах. А мой самы першы артыкул пра выставу жывапісу Івана Васільевіча ў Гродна быў надрукаваны ў “Гродзенскай праўдзе” ў 1956 годзе, калі я вучыўся ў 9-м класе сярэдняй школы № 7... Якраз тады ён закончыў даволі цікавае палатно “Адам Міцкевіч і Тамаш Зан на Свіцязі”, хаця лірычны пейзаж заўсёды заставаўся галоўнай яго любоўю.

Ён прайшоў праз усю вайну. І вярнуўся. Гэтак жа, як чаканна-праўдзіва сказаў у сваім “Вяртанні” партызан Вялікай Айчыннай вайны, паэт Валянцін Тарас: “...На сапогах истоптанных, потертых// Осели пылью все крутые тропы.// Медалями на потных гимнастерках// Звенела география Европы”…

Барыс Крэпак

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"