Сакральныя выявы старажытнасці

№ 18 (1509) 01.05.2021 - 07.05.2021 г

Дні адзначэння найбольш шанаванага праваслаўнымі свята, Велікодны тыдзень — найлепшы час, каб звярнуць увагу на матэрыяльныя сведчанні духоўнай спадчыны нашых продкаў. Доўгія стагоддзі народныя майстры ў розных кутках нашай краіны выяўлялі сваю пашану да найвышэйшых сіл, ствараючы іканапісныя вобразы, якія некалі проста ўжываліся для хатняй малітвы, а сёння могуць багата распавесці аб светапоглядзе, уяўленнях, ладзе жыцця і нават побыце ды знешнім выглядзе беларусаў мінулага. Нездарма ж на многіх абразах, якія прыналежаць да беларускай школы іканапісу, можна пабачыць выявы святых, так падобных з твару да простых сялян — такіх самых, як стваральнікі гэтых ікон ды іх суседзі.

/i/content/pi/cult/848/18017/10.jpgУ Мінскай духоўнай акадэміі 3 красавіка адкрылася выстава “Нябёсная варта Беларусі”, на якой можна пабачыць узоры беларускага іканапісу XVIII — пачатку XX стагоддзяў. Аснову экспазіцыі склала калекцыя абразоў, сабраная гісторыкам і музеязнаўцам Паўлам Каралёвым у рамках дзейнасці асветнага праекта “Куфар старажытнасцяў”. Сам калекцыянер і аўтар ідэі падкрэслівае, што месца для выставы абранае невыпадкова — яму, як праваслаўнаму верніку, хацелася, каб такая экспазіцыя з’явілася менавіта ў падобным месцы, пры храме. Лакацыя сапраўды ўражвае — падчас першай экскурсіі па выставе літаральна за сцяной, у суседнім памяшканні храма, адбываецца богаслужэнне — калекцыянер распавядае пра таямніцы старадаўніх абразоў пад акампанемент літургічных спеваў, што толькі ўзмацняе эфект ад пачутага і пабачанага.

Палескія вытокі

Павел Каралёў прызнаецца — яшчэ пару гадоў таму і падумаць не мог, што будзе займацца збіраннем абразоў, але з пэўнага часу пачаў звяртаць увагу на гэтыя сакральныя выявы, якія, безумоўна, маюць надзвычайную каштоўнасць — перадусім не матэрыяльную, а духоўную і культурную, з’яўляючыся носьбітамі мноства цікавай інфармацыі аб традыцыях і светапоглядзе нашых продкаў. Амаль усе прадстаўленыя на выставе абразы, а іх тут можна пабачыць паўтара дзясяткі, паходзяць з аднаго рэгіёна — Усходняга Палесся, з беларуска-ўкраінскага памежжа. Толькі адна ікона — з-пад Кобрына, і яшчэ адна — з-пад Талачына.

Натуральна, што з гэтай прычыны большасць абразоў маюць падобныя рысы і асаблівасці, уласцівыя менавіта для ўсходнепалескага іканапісу — напрыклад, характэрны кветкавы арнамент. Арэал распаўсюджання падобных абразоў распасціраецца абапал дзяржаўнай мяжы, таму іх цяжка аднесці да культурнай спадчыны толькі аднаго з двух народаў — беларускія даследчыкі могуць называць гэтыя іконы гомельскімі, але ўкраінскія калегі з гэткім жа правам маюць усе падставы акрэсліваць іх як чарнігаўскія.

Можна звярнуць увагу, што сюжэты прадстаўленых абразоў і выяўленыя на іх святыя часам паўтараюцца, утвараючы пары: так, на выставе можна пабачыць па дзве выявы святых Мікалая, Параскевы, Георгія Перамоганосца. Прытым абразы гэтыя не ідэнтычныя, выявы святых адрозніваюцца паставамі і пэўнымі дэталямі. Гэта сведчыць аб тым, што пісаліся яны не паводле аднаго ўзору, а, хутчэй за ўсё, і ў розных мясцовасцях, рознымі майстрамі. Вызначэнне канкрэтных мясцін паходжання абразоў, дзе менавіта была створаная кожная з сакральных выяў — пакуль пытанне адкрытае.

Тым не менш, айчынным мастацтвазнаўцам, напрыклад, вядомая ў гэтым рэгіёне вёска Бабічы ў Чачэрскім раёне, дзе існавала свая школа іканапісу. Для абразоў, створаных тамтэйшымі майстрамі, акрамя ўласна народнай архаічнай манеры пісьма, характэрны ўплыў майстроў эпохі Адраджэння і барока. Бо ўзорамі для іх з’яўляліся гравюры, вырабленыя паводле твораў заходнееўрапейскіх жывапісцаў, а таксама работы італьянскіх майстроў, якія працавалі ў Чачэрску, упрыгожваючы мясцовыя храмы, па запрашэнні графа Чарнышова, які валодаў мястэчкам у ХVІІІ стагоддзі.

/i/content/pi/cult/848/18017/11.jpgРафаэль у вясковай хаце

Усе прадстаўленыя на выставе абразы можна назваць уратаванымі. Яны былі не толькі выкупленыя ў людзей, якія не мелі ў іх патрэбы, але таксама і атрыбутаваныя, у кожным выпадку калекцыянер імкнуўся высветліць, з якой мясцовасці і вёскі паходзіць ікона, хто ёй валодаў. Фізічны стан абразоў зазвычай быў нездавальняючы, многія праетыя наскрозь шашалем — давялося праводзіць іх рэстаўрацыю. Адна з ікон, напрыклад, да рэстаўрацыі ўвогуле захоўвалася падзеленай на чатыры асобныя дошчачкі. Пераважная большасць абразоў паходзіць не з храмаў, то-бок, яны выкарыстоўваліся ў хатнім ужытку. На многіх іконах бачныя цёмныя сляды ад гарэння свечак.

Звяртае на сябе ўвагу абраз, на якім выяўленыя Маці Божая і маленькія Ісус ды Іаан Хрысціцель — гэта, фактычна, копія карціны Рафаэля “Мадонна ў крэсле”, створанай яшчэ ў XVI стагоддзі. Такі сюжэт масава запазычвалі ў ХІХ стагоддзі мясцовыя майстры. Папулярнасць гэтай выявы тлумачылася тым, што ў адну з маскоўскіх цэркваў у XVIII стагоддзі невядомы італьянскі жывапісец прывёз ікону са сваёй радзімы.

Абраз захоўваўся ў храме сорак гадоў, пасля чаго раптам займеў славу цудатворнага і атрымаў назву Маці Божай Трох Радасцяў. Паводле падання, пэўная заможная жанчына, молячыся перад гэтай іконай, атрымала спрыянне ў трох справах — яе абылганы муж быў апраўданы і вернуты з высылкі, адабраны маёнтак быў вернуты з дзяржаўнага валодання гаспадарам, а іх сын здолеў вярнуцца дадому з палону. Пасля гэтага абраз пачаў актыўна ўшаноўвацца вернікамі.

Парадокс палягае ў тым, што ікона Маці Божай Трох Радасцяў выглядае не зусім так, як “Мадонна ў крэсле”. Але, відаць, апошні сюжэт атрымаў такое пашырэнне з той прычыны, што мясцовыя іканапісцы не заўжды мелі магчымасць пераканацца, аб якой менавіта італьянскай карціне ідзе гаворка, а таму бралі за ўзор твор Рафаэля, які быў даволі растыражаваны і вядомы па многіх папулярных гравюрах.

Можна пабачыць на выставе і надзвычай рэдкі некананічны абраз — выяву Бога-Айца, альбо Саваофа. Першапачаткова, у адпаведнасці з хрысціянскімі догмамі, лічылася непажаданым выяўляць гэтую іпастась Святой Тройцы ў чалавечым абліччы. Але з часам у мясцовай беларускай традыцыі гэтую забарону пачалі абыходзіць, і нават сёння дзе-нідзе ў храмах можна пабачыць абразы, на якіх Бог-Айцец выяўлены ў выглядзе сівабародага старога.

Рэшта ікон паказвае даволі звыклыя сюжэты і святых, традыцыйна найбольш папулярных у Беларусі, але кожны абраз вылучаецца сваёй адметнай гісторыяй. Мікалай Цудатворац лічыцца адным з найбольш шанаваных нябёсных заступнікаў, які апякуецца дзецьмі і ўдовамі, вандроўнікамі, а таксама тымі, хто патанае і несправядліва асуджанымі. Абраз Міколы Цудатворца, які паходзіць з вёскі Іванаўка Гомельскага раёна, займеў сваю незвычайную гісторыю ўжо ў нашы дні. Паводле збегу абставін, сродкі на яго рэстаўрацыю знайшліся акурат у дзень ушанавання святога, а жанчына, якая іх ахвяравала, зрабіла гэта ў гонар свайго дзядулі, якога таксама звалі Мікалаем.

Іншыя прадстаўленыя на выставе іконы дазваляюць паглыбіцца ў свет біблійнай сімволікі і традыцыйных народных уяўленняў, звязаных з вобразамі святых. Абраз “Неапалімая купіна” з выявай Божай Маці — сведчанне пра старазапаветны сюжэт аб з’яўленні прароку Маісею на гары Сінай куста, які гарэў, але не згараў. Хрысціянскія багасловы інтэрпрэтавалі гэты аповед як алегорыю Багародзіцы, якая нарадзіла Хрыста, застаючыся беззаганнай.

Абразы святой Параскевы сведчаць аб папулярнасці гэтай святой заступніцы жанчын і шлюбаў, імя якой асацыявалася з ушанаваннем крыжовых пакут Хрыста — бо імя Параскева ў перакладзе з грэцкай мовы значыць “пятніца”. Надзвычайнай папулярнасцю карысталіся таксама абразы з выявай Георгія Перамоганосца, альбо, як яго яшчэ называлі ў народзе, Юрыя. Гэты святы, які жыў у ІІІ стагоддзі, найбольш вядомы дзякуючы легендзе аб ягонай перамозе над цмокам — таму і паказваецца іканапісцамі ў выглядзе ўзброенага рыцара на кані, які працінае дзідай пачвару, што лічыцца ўвасабленнем д’ябла.

Адной з апошніх вярнулася з рэстаўрацыі ікона Багародзіцы з Хрыстом, якая датуецца XVIII стагоддзем і паходзіць з Заходняга Палесся. Яна была адшуканая пад Кобрынам у вясковай хаце, прыбітай да сцяны так, што выявы не было бачна. Вярнуць гэты абраз ў публічную прастору было тым больш важна, што раней ён, відавочна, не быў хатнім, а змяшчаўся ў храме.

Свет рукатворнага хараства

Акрамя абразоў, на выставе можна пабачыць і іншыя прадметы традыцыйнага побыту беларусаў, уратаваныя ад забыцця. Так, Студэнцкае этнаграфічнае таварыства прадаставіла для экспазіцыі калекцыю ручнікоў, адшуканых падчас экспедыцый у розных рэгіёнах Беларусі. Ручнікамі, як гэта традыцыйна было прынята, упрыгожылі прадстаўленыя на выставе выявы святых.

Некаторыя з абразоў змешчаныя ў экспазіцыі ў масіўных разьбяных ліштвах — такім чынам, што святыя, выяўленыя на іконах, быццам паглядаюць на сузіральніка з вокнаў сялянскай хаты, што дадае іх вобразам простасці і блізкасці да гледача. Гэтыя ліштвы таксама маюць сваю адметную гісторыю — яны былі прывезеныя з Гомеля, дзе гаспадары не мелі ў іх патрэбы, зняўшы з вокнаў падчас рамонту.

Зрэшты, Гомельшчына наогул славіцца сваімі выдатнымі ўзорамі народнай драўлянай архітэктуры і разьбянога дэкору. Адметна, што ў гэтым выпадку вядомае імя майстра, які вырабіў ліштвы. Гэта Піліп Фядотавіч Чугай, колішні франтавік, які скончыў вайну ў Берліне, меў баявыя ўзнагароды, а пасля вайны ў Гомелі, на мяжы 1940 — 1950-х гадоў, упрыгожыў такім чынам свой дом.

Абразы, ручнікі, ліштвы — ува ўсіх гэтых некалі звыклых, а сёння такіх адметных артэфактах мінуўшчыны выявілася надзвычайная творчая энергія нашых продкаў, якія імкнуліся ўпрыгожыць свой побыт, і такім чынам здолелі данесці да нас праз творы мастацтва неацэнныя звесткі аб багатым свеце сваіх уяўленняў і перажыванняў. Тым больш важна сёння зберагчы гэтыя каштоўныя артэфакты ад знішчэння, разбурэння часам і абыякавасці.